«Паўліна Мядзёлка кахала паэта і пасля яго смерці»

У НІНЫ АЛЬШЭЎСКАЙ, кандыдата педагагічных навук, вядомай беларускай настаўніцы, было шмат цікавых, незабыўных сустрэч. Пра іх яна напісала кнігі, нарысы, якіх каля двухсот. Але няма ў тых творах ні радка пра славутую Паўлінку. А з ёй Ніна Уладзіміраўна была побач два гады. Чаму так атрымалася? «Рок нейкі, — злуецца цяпер сама на сябе Альшэўская. — Здавалася, бяры аловак ці ручку, пішы, занатоўвай, вядзі дзённік. Тым больш, не я выпытваю, а сама Паўліна Мядзёлка расказвае, адкрывае душу. А ў мяне — як пальцы звяло. Ці такі незразумелы выпадак. Робім фота на памяць. Потым даведваюся: плёнка засвяцілася. І няма ў мяне здымка, на якім я побач з каханкай Янкі Купалы. Яшчэ містыка: былі ў мяне ўспаміны Вінцэнтаўны. Былі ды зніклі. Усё перавярнула ў доме — не знайду іх».

...Узбуджаны Янка Купала кінуўся на сцэну і моцна сціснуў у сваіх абдымках... акторку

У НІНЫ АЛЬШЭЎСКАЙ, кандыдата педагагічных навук, вядомай беларускай настаўніцы, было шмат цікавых, незабыўных сустрэч. Пра іх яна напісала кнігі, нарысы, якіх каля двухсот. Але няма ў тых творах ні радка пра славутую Паўлінку. А з ёй Ніна Уладзіміраўна была побач два гады. Чаму так атрымалася? «Рок нейкі, — злуецца цяпер сама на сябе Альшэўская. — Здавалася, бяры аловак ці ручку, пішы, занатоўвай, вядзі дзённік. Тым больш, не я выпытваю, а сама Паўліна Мядзёлка расказвае, адкрывае душу. А ў мяне — як пальцы звяло. Ці такі незразумелы выпадак. Робім фота на памяць. Потым даведваюся: плёнка засвяцілася. І няма ў мяне здымка, на якім я побач з каханкай Янкі Купалы. Яшчэ містыка: былі ў мяне ўспаміны Вінцэнтаўны. Былі ды зніклі. Усё перавярнула ў доме — не знайду іх».

— Ніна Уладзіміраўна, а як вы пазнаёміліся з Паўлінкай?

— У 1958 годзе мяне накіравалі на работу ў славуты Будслаў. Ехала туды з добрым настроем. Па расказах калег ведала, што ў тутэйшай школе добры калектыў са сваімі традыцыямі і творчымі набыткамі. Моладзь там прывячаюць і ў крыўду не даюць. У гэтым хутка і сама пераканалася.

Два гады рабіла там. То быў самы шчаслівы час. Да мяне на ўрокі прыходзіла Паўліна Мядзёлка. Яна вяла беларускую мову, вучыла дзяцей музыцы, кіравала чатырохгалосым касцёльным хорам, які заўсёды займаў першыя месцы. Але ў краіне Саветаў гэта не прывячалася. Мядзёлку не раз папракала высокае кіраўніцтва, на што яна не звяртала ўвагу і не адраклася ад сваёй справы, ад свайго захаплення. Потым я даведалася: чалавек яна упарты, не па-жаночы смелы. Польская дэфензіва яе арыштоўвала, у маскоўскай Бутырцы сядзела, у Латвіі цудам не трапіла ў турму. А колькі іншых выпрабаванняў было — не злічыць. Аднак яна ніколі не ўзгадвала пра гэта. Мне здаецца, нават старыя педагогі з Будслава не ведалі пра «геройствы» сваёй калегі. Хаця магла адкрыцца, расказаць. Падставы для таго ўзнікалі. І не аднойчы. Настаўнікі арганізоўвалі шмат цікавых сустрэч. Нават з келіхам віна. Паўліна Вінцэнтаўна таксама прысутнічала на іх. Магла і сама накрыць прыгожа стол, парадаваць малавядомымі беларуска-польскімі стравамі, расказаць пра старыя этыкеты. Але на тых вечарынах яна ніколі не распавядала пра мінулае.

— А якой Паўлінка была, Ніна Уладзіміраўна?

— Прыгожай, нягледзячы на гады. Жанчына-статуэтка. Усмешка, як сонейка святло, косы залатыя, апраналася з густам, хаця вопраткі дарагой на ёй не бачыла. І вельмі стрыманая ў пачуццях. Нехта пакрыўдзіць, падыдзе да форткі, закурыць папяросу, глядзіць удалячынь і маўчыць.

Запрашала Мядзёлка мяне і да сябе. Жыла яна ў Будславе за кніжным магазінам. Разам з ёй мацавалася старая маці, жанчынка з добрымі вачыма. Калі заходзіла да яе, заўсёды прапаноўвала ўласнаручна прыгатаваныя піражкі, смачныя-смачныя, такіх я потым нідзе не каштавала. Была яна адметнай паварыхай, цудоўнай гаспадыняй. Здаралася, больш за гадзіну цягнуліся нашыя пасядзелкі, яна заходзіла да нас і ветліва прапаноўвала: «Пасля добрага слова павінна быць і добрая вячэра». Утульна і хораша было ў іх доме. Тыя сустрэчы мне і сёння помняцца.

І вось што я павінна сказаць, Паўліна Вінцэнтаўна і для мяне стала настаўніцай. Дзякуючы ёй, спазнавала польскую мову. Не ведаю чаму, але яна праніклася да мяне даверам. Можа, нечым я напомніла ёй маладосць, першыя самастойныя крокі ў жыцці. Аказалася, мы амаль зямлячкі, яна з Глыбокага, я з Маладзечна, пайшлі ў самастойны шлях рана, яна і я былі ў маладосці строгімі дзяўчынамі, білі хлопцаў па руках і ставілі на месца.

Шкадую, што не вяла тады дзённік, не запісвала аповеды маёй субяседніцы. Паўліна Вінцэнтаўна адкрывала арыгінальны партсігар, на якім быў выгравіраваны сілуэт Янкі Купалы, закурвала папяросу «Беламор-канал» і пачынала сваю споведзь. Гаварыла, што з першых дзён знаёмства надта сурова аднеслася да маладога паэта. Ён бачыўся дзяўчыне іншым: бунтаром-геніем. А тут вясёлы прыгажун з закручанымі вусамі, які жартуе: «А ці шмат у Вільні такіх пенкных паненак?» Вось і дала ад варот паварот будучаму народнаму песняру. Але праз нейкі час яны сустрэліся зноў. Паўліна прыехала ў Пецярбург, каб прадоўжыць навучанне, а там, аказваецца, ужо спасцігае навуку прыгажун з закручанымі вусамі. І не проста вучыўся, а пісаў цудоўныя творы. Ён толькі што прачытаў моладзі сваю новую п’есу-камедыю «Паўлінка». Канешне, гэты твор Яська Купала прысвяціў ёй, Паўліне Мядзёлцы. Прысвяціў і прапанаваў сыграць ролю галоўнай гераіні. Дваццацігадовая прыгажуня не адмовілася. На рэпетыцыях усё ішло як след, а вось калі справа даходзіла да любоўных сцэн, рэжысёр пачынаў нервавацца, не атрымоўваліся яны. «Няма вопыту», — сказаў той упаўшым голасам аўтару. І аўтар вечарам пашыбаваў да Паўлінкі. Пра што гаварылі, чым займаліся, мая субяседніца не казала. Маўляў, маладыя былі, а я надта калючай. Вось і зноў параніла сэрца Яську Луцэвічу, калі праз некалькі дзён абдала яго халодным душам: «Дык ты прыходзіш да мяне, каб навучыць цалавацца? Не патрэбны мне твае ўрокі!»

І ўсё ж тыя «ўрокі» аказаліся надта карыснымі. Падчас прэм’еры Паўліна сыграла сваю ролю так, што ў перапоўненай зале доўга-доўга не змаўкалі авацыі. А ўзбуджаны Янка Купала кінуўся на сцэну і моцна сціснуў акторку ў сваіх абдымках. Потым былі танцы. Паэт-кавалер правёў Мядзёлку да дома, дзе ён і яго муза яшчэ доўга дзяліліся сваімі ўражаннямі. «І нічога болей не было», — завярала мяне Мядзёлка. Так яна і ў мемуарах, якія называюцца «Сцежкі жыцця», напісала.

— Ніна Уладзіміраўна, а што потым сталася, чаму прыгожыя маладыя людзі не пабраліся шлюбам?

— Адмовіла яна Янку ва ўзаемнасці, здаецца, у 1915 годзе, а чаму — не казала пра гэта. А толькі паўтарала: «Мой мілы, каханы, мой Янка Купала». Ды ўголас чытала прысвечаны ёй верш «Ён і яна», радкі з паэмы «Бандароўна»: «Хараства такога ў свеце не было, не будзе, аб ёй людзі гаварылі, як аб нейкім цудзе». Якой жанчыне не закружыць галаву такое прызнанне? Паўліна толькі праз год даведалася, што паэт ажаніўся з Уладзіславай Станкевіч, сяброўкай яе. Здарылася гэта ў студзені 1916 года, маладыя нават на вяселле не запрасілі Мядзёлку.

— Крыўдзілася Паўліна на суперніцу?

— Гаварыла пра яе, але без надрыву ў голасе. Я слухала і разумела, што яна ўсім сэрцам і ўсёй душой кахала свайго Янку. І, напэўна, жанчыне было невыказна балюча, што яго жонкай стала не яна, а Уладзіслава. Калі чалавек расказвае пра свае маладыя гады і нечакана робіць уздых ці раптам пачынае доўга маўчаць — тут не трэба шукаць прычыну. А на што крыўдзілася і гаварыла не аднойчы: чаму Уладзіслава не забрала з сабой маці паэта, калі збягалі ад немцаў? Можна было выкінуць пару клункаў і пасадзіць старую ў машыну. І гаварыла пра містычнае супадзенне: загінуў Янка, не стала ў той год і маці.

— Дык, можа, Мядзёлка адпомсціла і Уладзіславе, і свайму нявернаму Янку ў далёкім 1942 годзе, калі паэт пры загадкавых абставінах сарваўся ў лесвічны пралёт гатэля «Расія»? Вы ж ведаеце, Ніна Уладзіміраўна, што летам 1930 года яна прыехала ў Маскву, каб палячыцца. Там яе арыштавалі, некалькі дзён запар прывозілі на Лубянку і дапытвалі так, што жанчына «падпісвала ўсё, што падсоўвалі». Гэта яе асабістае прызнанне, пацверджанае ў мемуарах. А пасля Бутыркі Паўліну Вінцэнтаўну адправілі ў ссылку. Як не дзіўна, але праводзіла яна ее, працуючы ў Наркаме асветы Татарстана, у Казані. Праз два гады яна была ўжо ў Маскве, працавала настаўніцай. За некалькі гадзін да гібелі народнага песняра сустракалася з ім. Дарэчы, яна хадзіла на споведзь, яна напісала нешта ў сваіх мемуарах «Сустрэнемся на нябёсах», але на рукапісе стаіць строгае табу: «Факты, якія ніколі не павінны быць апублікаваныя». Выходзіць, ёсць што ўтойваць Паўліне Вінцэнтаўне нават пасля смерці? Як вы мяркуеце, Ніна Уладзіміраўна?

— Ад кахання да нянавісці, як кажуць, адзін крок. Маладая я была, нявопытная, але адчувала, што хавае Паўліна Вінцэнтаўна нешта ў душы патаемнае і хвалюючае. Можа, і выдала чэкістам нейкія факты пра Янку Купалу. Але каб падставіць каханага чалавека пад смяртэльны удар? Не магла пайсці Мядзёлка на такі крок! Яна і пасля смерці паэта кахала. І не хавала свайго пачуцця.

— А што вам вядома пра мужа Паўліны Томаша Грыба?

— А толькі адно: пажаніліся і хутка разбегліся. Ён быў эсэрам, наклікаў бяду на сябе і на жонку. Абое трапілі ў турму. Можа, турма, а можа, старыя пачуцці паспрыялі таму, што Томаш і Паўліна парвалі сувязі. Яна ніколі не расказвала мне пра яго, ды і ў мемуарах некалькі скупых радкоў.

— Калі падсумаваць усё сказанае і ўсё напісанае, то выходзіць, Мядзёлка па-сапраўднаму кахала толькі аднаго чалавека — Янку Купалу. У даваенны час яна не шукала іншага абранніка, яе задавальнялі рэдкія сустрэчы з паэтам. Яна і пасля гібелі яго засталася вернай свайму Яську. Што гэта?

— Гэта характар. Бог даў ёй прыгажосць, талент, мужнасць, дабрату, але нечым і абдзяліў. Я не псіхолаг, не стану рабіць здагадкі. Але, мне здаецца, менавіта тая рыса характару і стала перашкодай на шляху двух закаханых людзей, якія не змаглі ўступіць адзін аднаму. Ёй хацелася бачыць Янку, паэта-змагара, без усялякіх дрэнных заганаў і звычак. А яны былі. Геній ды без іх? Думаеце, выпадкова працаваў хлапец на двух броварах. Можа, броварская эпапея і паспрыяла таму, што Купала любіў потым у чарачку заглянуць. Хаця і строгая Паўлінка была не падарункам лёсу. Потым яны знайшлі паразуменне, ды было позна...

З Паўлінай Мядзёлкай я сустрэлася зноў толькі напрыканцы 70-х гадоў. Крочыла ў часопіс «Народная асвета», несла артыкул. І бачу: ідзе састарэлая жанчына, абапіраючыся на палачку. Углядваюся і крычу: «Паліна Вінцэнтаўна!». Мядзёлка спынілася, абрадавалася, мы расцалаваліся. Даведалася, што пасля майго ад’езду стала настаўніца з Будслава і кіраўніца касцёльнага хору заслужаным дзеячам культуры Беларусі, што піша ўспаміны, сустракаецца з навукоўцамі. Кажа: «Вось і зараз аднесла ў часопіс свае мемуары, дзе шмат старонак пра Янку Купалу, пра Уладзіславу»... Пагаварылі, паўспаміналі, цёпла развіталіся. І развіталіся назаўсёды. Як высветлілася пазней, не вытрымала выпрабаванне Паўлінка адзінотай. Памерла маці, нікога з родных не засталося, жыццё без любых людзей страціла сэнс. Вось і выпіла гаротніца празмерную дозу снатворнага.

І што напрыканцы скажу. Невыпадкова стала выкладчыцай беларускай мовы і яе заступніцай. Паўліна Мядзёлка, лічу, дапамагла. Яна ведала на памяць многія творы Янкі Купалы, нават паэмы, і чытала іх мне. Яе голас і сёння гучыць для мяне, натхняючы на творчасць.

Яўген КАЗЮКІН

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?