Па крылах палёт

Міншчына вызначыла лепшых працаўнікоў рэгіёна 2012 года

Лепшыя працаўнікі сталічнага рэгіёна сталі ўладальнікамі спецыяльнай прэміі «Чалавек года Міншчыны»

Гэтая ўрачыстая падзея адбылася на слуцкай зямлі, якая яшчэ ў 18-м стагоддзі праславілася на ўвесь свет дзякуючы такой унікальнай з’яве, як слуцкія паясы, створаныя майстэрствам мясцовых ткачоў. Іх шэдэўральная тэхніка, сакрэт якой і да гэтага часу імкнуцца разгадаць, можа служыць эталонам дасканаласці, якая патрэбна ў любой справе. Гэтыя абставіны надалі асаблівы каларыт цырымоніі, якая да таго ж адбылася ў юбілейны для Міншчыны год.

Раздзяліць свята з уладальнікамі ганаровага тытула прыехалі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў сталічнай вобласці.

«Прэстыж спецыяльнай прэміі Мінскага аблвыканкама з кожным годам расце. І гэта не выпадкова. Яе намінанты прадстаўляюць усе галіны народнай гаспадаркі і розныя рэгіёны. Яны — сапраўдны ўзор таго, як чалавек павінен адносіцца да працы. Любая справа, якую чалавек робіць з вялікім уменнем, з душой і фантазіяй, здольна запаліць сэрцы тысяч іншых людзей. Вось чаму заслугі людзей працы павінны быць высока адзначаны і стаць здабыткам шырокай грамадскасці», — адзначыў у сваім прывітальным слове старшыня Мінаблвыканкама Барыс Батура.

Хто ж яны, лепшыя працаўнікі 2012 года? Аператар машыннага даення філіяла «Фалько-Агра» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Людміла Антонава надаіла 9719 кг малака ад кожнай каровы і на 981 кг перавысіла мінулагодні паказчык.Генеральны дырэктар ААТ «Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік» Васіль Лаўнік — арганізатар і кіраўнік вялікай навукова-даследчай і канструктарскай работы па асваенні новых вырабаў для такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, МТЗ, «Белкамунмаш», і іншых буйных вытворцаў. Генеральны дырэктар ТАА «Таспо-Ф» Ігар Дзякаў не толькі граматна кіруе прадпрыемствам, што распрацоўвае і вырабляе алюмініевыя аўтатрактарныя генератары, але і сам з’яўляецца аўтарам больш чым 130 вынаходніцтваў. Больш 11 кіламетраў — участак такой працягласці абслугоўвае паштальён трэцяга класа аддзялення паштовай сувязі «Морач» Клецкага РВПС Данута Дудук.

Пад умелым кіраўніцтвам дырэктара Анатоля Макарчука ТАА «Заслаўебудіндустрыя» мэтанакіравана развівае будаўнічыя і транспартныя ўчасткі, ствараюцца працоўныя месцы, вядзецца работа ў самых розных накірунках. За мінулы год інвестыцыі ў асноўны капітал склалі больш за 12 930 млн. рублёў. Прадавец аўтамагазіна Крупскага райспажыўтаварыства Галіна Сіняк абслугоўвае 48 населеных пунктаў. Прафесійна і з веданнем справы накіроўвае работу свайго калектыву дырэктар Салігорскага прадпрыемства «ЖКГ «Комплекс» Ігар Дзялендзік. Ляснік Куранецкага лясніцтва Вілейскага вопытнага лясгаса Валерый Дуровіч — у ліку пераможцаў спаборніцтваў «Лесаруб-2012», што праходзілі ў Расіі і Эстоніі. Намеснік галоўнага інжынера па перспектыўным развіцці прадпрыемства «Мінскэнерга» Андрэй Гаранін кіруе распрацоўкай планаў развіцця энергасістэмы Мінска і сталічнай вобласці. Намесніку галоўнага ўрача па хірургіі Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аляксандру Караневічу ўласцівы высокі прафесіяналізм, наватарства і ўнікальныя здольнасці.

Пад кіраўніцтвам Барыса Блахіна Слуцкі прафесійна-тэхнічны каледж перапрацоўчай прамысловасці на працягу шэрага апошніх гадоў займае прызавыя месцы сярод устаноў прафтэхадукацыі вобласці, а гэта паказчык высокай якасці работы і асабіста дырэктара, і ўсяго педагагічнага калектыву. Дырэктар Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага Рыгор Сарока — асоба вельмі вядомая. Ён ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта, уладальнік шматлікіх іншых тытулаў. 30 гадоў гэты чалавек узначальвае каледж, які па праву лічыцца кузняй музычных талентаў, дае якасную адукацыю, вядзе шырокую гастрольную і дабрачынную дзейнасць. Старшы трэнер-выкладчык аддзялення веславання на байдарках і каноэ Мінскага дзяржаўнага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву Людміла Дрозд падрыхтавала 23 майстры спорту і 6 майстроў спорту міжнароднага класа. Яе выхаванцы дабіліся значных поспехаў у мінулым годзе: Ірына Памелава стала пераможцам чэмпіянату свету, бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у Лондане, Ірына Сакалоўская — бронзавым прызёрам першынства Еўропы. А дачка Людмілы Дрозд Дар’я ў 2011 годзе стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы. Дырэктар Вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Сляпцова ўсё жыццё прысвяціла рабоце ў сацыяльнай сферы. Яе сістэма сацыяльнай падтрымкі сямей і грамадзян праз сетку мэтавых праграм і праектаў даказала сваю эфектыўнасць і выніковасць. Цану кожнай хвіліны ведае камандзір аддзялення пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Капыль Сяргей Станкевіч. У мінулым годзе ён удзельнічаў у тушэнні 22 пажараў, дзе эвакуіраваў людзей і выратаваў чалавечае жыццё, ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый і дарожна-транспартных здарэнняў.

Педагог дадатковай адукацыі Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Салігорскага раёна Юрый Чарняк навучае дзяцей любіць людзей і прыроду. Даследчыя работы яго выхаванцаў займаюць годнае месца ў шэрагу навукова-практычных конкурсаў. Старшыня Зажэвіцкага сельскага выканкама Салігорскага раёна Надзея Шуневіч шмат увагі надае добраўпарадкаванню населеных пунктаў. Сістэмная работа дазволіла сельвыканкаму вырашыць шмат надзённых праблем і стаць лепшым у раённым спаборніцтве. Дасканала ведае сваю справу рэдактар маладзечанскай тэлепраграмы «МКТВ» Сяргей Козел, пад яго ўмелым кіраўніцтвам Маладзечанскае тэлебачанне стала ўладальнікам «Тэлевяршыні» ў намінацыі «Лепшая праграма навін рэгіянальнага ТВ», прызнана лепшым у абласным спаборніцтве сярод СМІ. Старшы ўчастковы інспектар міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі Клецкага РАУС Дзмітрый Цісіневіч ведае на сваім участку ўсё і ўсіх. Ён сапраўдны прафесіянал, прынцыповы супрацоўнік і спагадлівы чалавек. Першы сакратар Мінскага абласнога камітэта Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Худая валодае багатым жыццёвым і прафесійным вопытам. Найважнейшым напрамкам сваёй дзейнасці лічыць патрыятычнае і маральнае выхаванне моладзі.

Вось гэтыя цудоўныя людзі сёлета ўвайшлі ў лік уладальнікаў прэстыжнай прэміі.

Без перабольшвання, можна сцвярджаць, што біяграфіі і дасягненні яе лаўрэатаў, а таксама шматлікіх іншых працаўнікоў Міншчыны могуць скласці гонар любой дзяржавы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter