Па французскім рахунку. Госці з Парыжа на пяць дзён “акупіруюць” Нацыянальны выставачны цэнтр “Белэкспа”, дзе пройдзе XVII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш.

Францыя стане ганаровым госцем XVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. На сталічнай вуліцы Янкі Купалы, у будынку нумар 27, больш вядомым як былы павільён ВДНГ, кніжныя экспазіцыі праходзяць штогод. Але сёлетняя будзе найбуйнейшай.

Францыя стане ганаровым госцем XVII Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. На сталічнай вуліцы Янкі Купалы, у будынку нумар 27, больш вядомым як былы павільён ВДНГ, кніжныя экспазіцыі праходзяць штогод. Але сёлетняя будзе найбуйнейшай.

Выдавецтвы ўжо браніруюць сабе месцы. Самы вялікі павільён занялі французы — дэлегацыя гэтай краіны размесціцца на плошчы 204 квадратныя метры. Гэта даволі вялікая прастора, параўнальная з плошчай, якую традыцыйна бяруць у арэнду расіяне.
“Па прадстаўніцтву мінская выстава-кірмаш лічыцца даволі вялікай і ўплывовай у Еўропе”, — падкрэсліў выканаўчы дырэктар форуму Дзмітрый Макараў. Летась у мінскай выставе прынялі ўдзел 25 краін, а пачыналася ўсё з першай экспазіцыі ў 1994 годзе, калі прыехалі толькі госці з васьмі былых рэспублік СССР. Цяпер у нашай сталіцы лічаць прэстыжным паказацца нават кнігары з далёкага Ірана. А Германія ў наступным годзе збіраецца змяніць Францыю ў якасці ганаровага госця.
Тым часам інтрыгай застаецца, хто з вядомых літаратараў завітае на выставу. Вядома, што папярэднюю згоду даў вядомы рускі белетрыст Міхаіл Велер. А мо з’явіцца і Мілан Кундэра — сучасны французскі класік?
І ўсё ж галоўная ўвага будзе нададзена айчыннаму пісьменству. Летась у дзяржаўных выдавецтвах рэалізаваны значныя праекты: пачалі выходзіць энцыклапедыі “Рэгіёны Беларусі”, “Прырода Беларусі”, “Археалогія Беларусі”, “Гісторыя беларускай кнігі”, “Лён”, працягваюцца выданні збораў твораў Максіма Танка і Якуба Коласа, выпушчаны альбомы з відамі Смаргоні, Кобрына, Мінска, фотаспадарожнік па новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі, з’явіліся два альбомы да 600-годдзя ўстанаўлення запаведнага рэжыму ў Белавежскай пушчы.
Усе гэтыя кнігі атрымаюць, бясспрэчна, высокія адзнакі ў час кірмашу. І набыць іх, дарэчы, можна будзе без 30-працэнтнай гандлёвай нацэнкі — толькі ў час выставы, з 10 да 14 лютага.
Між тым многія фаліянты ўжо і так атрымалі прызнанне ў публікі, якая галасуе кашальком. Нават дарагі альбом з творамі Напалеона Орды за 170 тысяч рублёў амаль раскуплены, а летась салідны том атрымаў Гран-пры на выставе “Мастацтва кнігі краін СНД” у Маскве.
Беларуская кніга цэніцца ў свеце. У гэтым неўзабаве змогуць пераканацца і самі беларусы, і госці з-за мяжы на выставе-кірмашы.

Аўтарытэтна

Ігар ЛАПЦЁНАК, намеснік міністра інфармацыі: “Летась дзяржава выдала 159 кніг на беларускай мове”
— У дзяржаўных выдавецтвах, а іх у краіне 5 з 805, выйшла 159 назваў кніг на беларускай мове агульным тыражом 1,2 мільёна экземпляраў. Сярод сацыяльна значнай літаратуры адзначу тры літаратурна-мастацкія кнігі, выдадзеныя шрыфтам Брайля. Яны прызначаны для сляпых людзей і з’явіліся з-пад друкарскага варштата ў колькасці 1020 экземпляраў. На гэту справу выдаткавана 206 мільёнаў рублёў. Гэта вялікая сума. З-за асаблівасцей шрыфту Брайля адна кніга выходзіць у некалькіх тамах. Так, выданне дарагое, але яно неабходна нашым людзям, і дзяржава адгукаецца на пільныя патрэбы грамадзян. Якасць беларускіх кніг гарантуецца мастацкім саветам, які працуе пры Міністэрстве  інфармацыі.  Летась  прайшло  38 пася-джэнняў, на якіх абмяркоўваліся 95 кніг. Амаль кожная з іх атрымала пэўныя заўвагі. Дзякуючы калектыўнаму абмеркаванню па дызайну і зместу гэтыя выданні ўрэшце выйшлі ў свет дасканалымі, што пацвердзіў попыт на іх у кнігарнях.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter