Па дзённiкi i сшыткi — на кiрмаш. Сёмая рэспублiканская выстава-кiрмаш “Тавары народнага спажывання” адкрылася ў сталiчным комплексе “Белэкспа” на вулiцы Янкi Купалы, 27.

На стэндах прадстаўлены шырокi асартымент палiграфiчнай прадукцыi: сшыткi, дзённiкi, блакноты, iншыя тавары.
Экспанентамi выставы сталi 8 рэспублiканскiх i рэгiянальныя палiграфiчныя прадпрыемствы Мiнiстэрства iнфармацыi Беларусi. Наведвальнiкi выставы могуць не толькi пазнаёмiцца з традыцыйнай i новай прадукцыяй, але i набыць тое, што патрэбна.
Разлiчваюць палiграфiсты i на сустрэчу з аптовымi клiентамi. Для гэтага ў праграме прадугледжаны два VIP-днi: сёння запрашаюцца прадстаўнiкi прадпрыемстваў Мiнгандлю, заўтра — Белкаапсаюза. Фабрыкi Мiнiнфармацыi няўхiльна пашыраюць асартымент тавараў. Таму ў мiнiстэрстве разлiчваюць, што наведвальнiкi будуць задаволены выбарам i паедуць дадому з мноствам падпiсаных кантрактаў.
Выстава “Тавары народнага спажывання” карысная i самiм экспанентам. Таму што яны могуць прадэманстраваць свае дасягненнi, убачыць у калег штосьцi для сябе карыснае. У пэўнай ступенi менавiта для гэтага такi форум i праводзiўся ўпершыню некалькi гадоў таму. Пасля гэтага спецыялiзаваны кiрмаш “павандраваў” па абласных цэнтрах i нарэшце вярнуўся ў Мiнск.
Акрамя выставы “Тавары народнага спажывання”, наведвальнiкi экспазiцыi могуць да 14 мая пазнаёмiцца i з сучаснымi тэхналогiямi ў палiграфii, выдавецтве, рэкламе. Экспанаты выставы “Combit-2005” таксама прадстаўлены ў “Белэкспа”.
Палiграфiчныя прадпрыемствы Мiнiнфармацыi, паведамiў карэспандэнту “НГ” намеснiк мiнiстра Iгар Лапцёнак, летась выпусцiлi тавараў народнага спажывання на 16,9 мiльярда рублёў, што склала амаль што 27 працэнтаў ад агульнага аб’ёму выпушчанай прадукцыi. Сёлета маштабы вытворчасцi такiх тавараў плануецца павялiчыць на 10 працэнтаў.
На беларускiм рынку асноўнымi канкурэнтамi айчынных палiграфiстаў сёння з’яўляюцца расiйскiя i польскiя вытворцы. Нягледзячы на маштабныя знешнiя пастаўкi, наша прадукцыя па-ранейшаму вабiць пакупнiкоў, перш за ўсё арыгiнальнасцю i адносна нiзкай цаной. Канкурыраваць па цэнавым фактары айчынным прадпрыемствам дазваляюць, па словах намеснiка мiнiстра, больш танная працоўная сiла, высокая якасць i высокi ўзровень арганiзацыi працы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter