«Мы планируем отправить на срочную службу до 1700 человек»: как в Минске проходит осенний призыв

Па доўгу службы

Восеньскі прызыў-2019 стартаваў яшчэ ў першы дзень жніўня. Тысячы маладых хлопцаў прымераюць ваенную форму і возьмуць у рукі зброю. А некаторыя іх равеснікі атрымаюць адтэрміноўкі, і знаёмства з арміяй на пэўны час адкладзецца. Зараз прызыўнікі праходзяць медыцынскую камісію, ваенкаматы працуюць у рэжыме чакання. Гарачая пара надыдзе з 18 лістапада, калі пачнецца адпраўка навабранцаў у войска. Карэспандэнт «Р» даведаўся, як праходзіць восеньскі прызыў у Мінску.

Адпраўка маладога папаўнення ў войска.

Адтэрміноўка для працягу адукацыі

Гэты прызыў ужо другі па ліку, калі ваенны камісарыят Мінска раней, з 1 верасня, адпраўляе ў армію хлопцаў, якім вось-вось споўніцца 27 гадоў. Пакуль што толькі шэсць чалавек змогуць выканаць свой воінскі абавязак і сустрэць дваццаць сёмы дзень нараджэння ў арміі.

— У гэты прызыў мы плануем адправіць на тэрміновую службу да 1700 чалавек, — дзеліцца планамі намеснік начальніка накіравання прызыву на вайсковую службу ваеннага камісарыята Мінска падпалкоўнік Дзяніс Іваненка. — Усяго ж у горадзе прызыву падлягае 13 200 чалавек, на ўчарашні дзень 3500 атрымалі адтэрміноўкі, больш за 3000 з іх — для працягу адукацыі.

Дарэчы, гэты прызыў праходзіць згодна з новымі правіламі, якія датычацца адтэрміноўкі для працягу адукацыі. Яны набылі сілу з 10 жніўня. Хто паспеў у гэты тэрмін паступіць, напрыклад, у магістратуру, атрымаў адтэрміноўку на час вучобы.

— У любым выпадку прызыўнікі атрымаюць акадэмічныя водпускі і пасля службы адновяцца, — падбадзёрвае Дзяніс Іваненка.

З царкоўнай службы — на тэрміновую

У гутарцы з супрацоўнікамі ваеннага камісарыята ўспомніў і прызыўнікоў, якія не могуць прымаць прысягу і браць у рукі зброю па рэлігійных перакананнях.

— Мы прымаем хадайніцтва з царквы, каб замяніць тэрміновую службу на альтэрнатыўную, — тлумачыць Дзяніс Іваненка. — Праўда, за апошнія два гады ні адзін прызыўнік з Мінска не пажадаў прайсці альтэрнатыўную службу.

Дзяўчаты заўсёды праводзяць хлопцаў у армію.
фото  белта

Міністэрства абароны прадугледзела выйсце для асаблівых прызыўнікоў — службу ў 30-й асобнай чыгуначнай брыгадзе ў Слуцку: глыбока рэлігійныя вайскоўцы там не прымаюць прысягу і не бяруць у рукі зброю. Зараз у Мінску — двое прызыўнікоў з рэлігійнымі перакананнямі. Акрамя таго, Міністэрства абароны прапануе замест тэрміновай адразу пайсці на кантрактную службу — і грошы плацяць, і дома начуеш. Праўда, на два гады. А яшчэ пасля службы па кантракце студэнта вызваляць ад размеркавання.

Даволі пернікаў. У тым выпадку, калі прызыўнік не прыбудзе па павестцы ў ваенкамат, яму пагражаюць адміністрацыйная адказнасць згодна з артыкулам 25.1 КаАП і штраф у памеры да трох базавых велічынь. Пасля заканчэння прызыву адміністрацыйнае пакаранне можа выліцца ў крымінальны артыкул 435 — «Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу». Гэта караецца штрафам, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, ці абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

— 26 чалавек у гэты прызыў ухіліліся, — удакладняе Дзяніс Іваненка. — Ужо цяпер, не чакаючы заканчэння прызыву, мы перадалі матэрыялы двух прызыўнікоў у РУУС для прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці: адзін збег проста з адпраўкі з ваенкамата, другі адмовіўся ехаць на зборны пункт.

Беражы здароўе замалада

Ваенкамат Кастрычніцкага раёна Мінска. У чарзе — прызыўнікі на медыцынскі агляд. Усе кажуць, што абследаванне праходзяць паўторна.

Урач-тэрапеўт Аляксандр Валошын пачынае гутарку з фразы, пасля якой разумею ў цэлым рыторыку будучай размовы:

— Мужчына павінен служыць у войску. Гэта маё стаўленне. З дзесяці прызыўнікоў сёння сем не гатовыя да службы ў войску. Па здароўі вельмі вялікі адсеў.

У топе хвароб праблемы з апорна-рухальным апаратам — скаліёз, кіфоз, плоскаступнёвасць. Калі яны ў цябе ёсць — трымай адтэрміноўку на тры гады. На другім месцы ўнутраныя хваробы — сэрца, лёгкіх, страўнікава-кішачнага тракту. 

— Макс, ты кім працуеш? — Аляксандр Валошын глядзіць асабістую справу прызыўніка.

— Цясляр, пасля ліцэя ўладкаваўся, — хлопец не ведае, куды падзець рукі. — Надакучыла ўжо па дактарах хадзіць.

Максім блізарукі, у дадатак мае праблемы са страўнікам.

— Зараз гастрыт у кожнага першага, — працягвае тэрапеўт. — Хіба што з-за недахопу масы цела можаш атрымаць адтэрміноўку, трэба запісацца «пакруціць веласіпед», а там паглядзім…

Між іншым, некалькі маіх знаёмых так і атрымлівалі адтэрміноўкі — з-за дыстрафіі, пашанцавала ім субтыльнымі нарадзіцца. 

На думку Аляксандра Валошына, нельга сказаць, што цяперашняе пакаленне такое нездаровае. Проста метады абследавання сталі больш дасканалымі. Праўда, тое, што юнакі менш займаюцца спортам з-за гаджэтаў і фаст-фуд паглынаюць, не лепшым чынам адбіваецца на іх здароўі. Таму берагчы сябе трэба замалада.

ikras@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter