Па дарозе да Сям’і

Перад тым як ехаць у храмУ абрадзе провадаў нявесты з хаты бацькоў было шмат рытуальных дзеянняў, якія насілі, здавалася б, утылітарна-практычны характар, але былі зарыентаваны на далёкую жыццёвую перспектыву.

(Працяг. Пачатак у № 180.)

* Напрыклад, пры адпраўленні пад вянец нявеста павінна была дакрануцца да печы — “сагрэць” рукі; калі печ была цёплай, свякруха будзе добрай.
* Каб быць шчаслівай у шлюбе, парог роднай хаты трэба было пераступіць правай нагой.
* Для больш хуткага замужжа сябровак нявеста кідала клубок з ніткамі і казала: “Каціцеся, дзеўкі, усе за мною!”.
* Каб у маладых нарадзіліся дзеці, нявеста, сядаючы на калёсы, станавілася на кола і загадвала: колькі спіц у коле, столькі дзяцей замужам.
Пасля таго, як маладыя паехалі ў храм
* Як толькі вясельны поезд ад’язджаў ад двара, маці нявесты хутка пералічвала ўсіх тых, хто ў гэты момант знаходзіўся ў двары. Калі колькасць людзей была цотнай, гэта абяцала дабрабыт дачкі ў шлюбе, калі няцотнай — дачка стане ўдавой.
* Пакуль маладыя былі па дарозе ў храм, у хаце адчынялі ўсе куфры, вокны, дзверы, развязвалі ўсе вузлы і прасілі Нябёсы благаславіць шлюб і “лёгкае” нараджэнне дзяцей.
Каля царквы
* Перш чым зайсці ў храм, маладыя павінны былі пачаставаць усіх сустрэтых на шляху людзей, дзяцей, убогіх, жабракоў і г.д. печывам, пірагамі і іншымі прысмакамі. Лічылася, чым больш пачастункаў будзе раздадзена, тым “багацей” будзе жыццё маладых.
*l У той жа час у народзе ведалі, што раздаваць пачастункі, міласціну, выйшаўшы з храма, катэгарычна забаранялася.
* У гэты момант прасілі званіць у званы, каб звон разлятаўся па ўсёй акрузе, апавяшчаючы аб шлюбе маладых людзей.

(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter