Пісьмо да зямлячкі

Шчымлівае — пра Жэню Янішчыц

Шчымлівае — пра Жэню Янішчыц

...А я гарна
шчэй красіва,
Моя доля нэшчаслыва...

Шчымліва-тужлівая мелодыя ліецца ў прыціхлай зале вясковага клуба. У многіх на вачах слёзы. Гэта твае землякі, Жэня, сабраліся разам у гонар твайго чарговага юбілею. І шматлікіх гасцей запрасілі.

А ты, маладая, прыгожая (не паспела састарыцца), глядзіш з партрэта са сцэны на ўсіх са сваёй патаемна-загадкавай усмешкай, слухаеш, што пра цябе яны кажуць, слухаеш, сваю любімую песню і нібы гамоніш: “Ну, што вы засмуціліся, землякі? Я ж з вамі, як і раней. Заўсёды з вамі”.

Так, ты заўсёды ў памяці беларусаў мроішся палескай ластаўкай, якая як ніхто іншы да цябе і пакуль ніхто і апасля твайго зыходу не ўславіў лепей край наш азёрны, былінны. Сюды ты ляцела параіцца, “ці душу сваю пачуць”. Сюды, у родную хату ты вярталася “са скрух, з імжыстых суравеяў” і вельмі баялася, каб хата сельская твая не стала “сувенірам”. Гэтага не здарылася, бо больш чым два дзесяцігоддзі таму не знайшлося пагаднення двух зацікаўленых бакоў, і таму хата тваіх бацькоў, Жэнечка, стала маёмасцю зусім старонніх людзей. На жаль, многае змянілася і ў ёй, і вакол яе. Бачу гэта, калі еду праз тваю Рудку ў сваю родную вёску Табулкі. Паміж імі — Парэчча, дзе ты вучылася, дзе ў адным са школьных класаў знаходзіцца твой музей. А ў ім — 1152 арыгінальныя экспанаты і каля 300 — копій. І ўсе яны так ці інакш маюць да цябе дачыненне. Фанаграмы ўзнаўляюць галасы — твой, Жэнечка, тваёй матулі Марыі Андрэеўны, твайго любімага настаўніка Фёдара Фёдаравіча Цудзілы. Ён прыходзіўся мне стрыечным дзядзькам, таму часта наведвалася да яго ў госці. Мы любілі размаўляць аб літаратуры, успаміналі цябе. І аднойчы ён паказаў ліст з прысвячэннем яму, напісаны тваім каліграфічным почыркам. А ў наступны раз ён вельмі ўзрадаваўся, калі я распавяла яму пра сустрэчу з табой. Ты тады працавала літкансультантам у “Сельскай газеце”, а я вучылася на журфаку БДУ і наведвала пасяджэнні літаб’яднання “Узлёт” пры філалагічным факультэце. І яго кіраўнік, таленавіты паэт і мудры чалавек Алег Антонавіч Лойка, накіраваў мяне аднойчы да цябе з нізкай вершаў. Ты сустрэла мяне прыхільна, выбрала некалькі да друку і прапанавала прынесці яшчэ і фота. Так адбылася наша з табой другая сустрэча. Дзякуючы табе мае вершы былі надрукаваны ў рэспубліканскай прэсе. Які высокі стымул да далейшай творчай працы!

Ты вельмі добра разумела, дарагая зямлячка, як важна падтрымаць, падбадзёрыць чалавека ў пачатку яго самастойнага жыцця. І за гэта я ўдзячная табе.

Дарэчы, Жэня, ты, мабыць, яшчэ не ведаеш, што музею твайму ў Парэччы прысвоена званне “народны”. Такім вось чынам ушанавана праца яго стваральнікаў і галоўнага з іх — Антаніны Паўлаўны Сідарук, шчырага летапісца твайго жыцця. Зараз яна працуе над радаводам сям’і Янішчыц. Шматлікім гасцям з Расіі, Польшчы, ЗША, краін Прыбалтыкі, Італіі, Германіі, Ірландыі і, канешне, з розных куточкаў Беларусі яна апавядае пра цябе. Ад яе я даведалася, што знойдзеныя шэсць тваіх сшыткаў з вершамі, прысвечанымі ў асноўным настаўнікам. Тое пацвердзіла і твая пляменніца, дачка старэйшага брата, Таццяна Міхайлаўна Ганчарык, з якой мы добра і даўно знаёмыя. У настаўніцкім асяродку Пінска гэтую працавітую і адукаваную жанчыну ведаюць як неблагую загадчыцу адной з дзіцячых дашкольных устаноў. Між іншым, Жэнечка, пашчасціла мне пазнаёміцца і з братамі тваімі, і з матуляй. Вельмі хацелася гэтага, калі прачытала, усвядоміла, прыняла сэрцам адзін з тваіх вершаў:

Для сваёй адзінае дачушкі,
На вякі (вядома ж, на вякі!)
Вышыла матуля мне падушкі,
Лёгкія, як дым, пухавікі.
Вунь яны, прывезеныя з дому,
Хораша цвітуць, як сенажаць.
...Ты даруй мне, мама, што мілому,
Так, як ты, не ўмею мякка слаць.

Колькі жалю і тугі ў выпеставаных тваім сэрцам радках!.. Такія ж пухавікі, вышытыя матуляй, ёсць і ў маёй гарадской кватэры.

Ты вельмі хацела быць шчаслівай. “Золушкай была, была і каралеўнаю. Знаю радасць і кладоў гарбы”, — кажаш ты ў адным з вершаў і дадаеш: “З птушкамі расла і з песняй вырасла. Шмат чаго мне добры лёс ссудзіў. Але колькі дрэў у садзе вымерзла, колькі цвету грозны град абіў!”. І нарэшце, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, напішаш: “Толькі так жыву і так трымаюся, каб мяне шчаслівай  помніў сын”. Чаму ж ты, Жэнька, напісала “помніў”, а не “бачыў”? Выкажу здагадку, што зайздроснікі спадцішка, але мэтанакіравана рабілі сваю чорную справу, добра разумеючы, што ніколі не ўздымуцца да тых вышынь, якіх ты, палеская ластаўка, дасягнула. “А самых лепшых — час не беражэ”, — казала ты ў вершы “Птах” і нібы пра сябе таксама: “З усіх дарог ён верны быў адной, імя якой — народная дарога”.

Я перачытваю цябе, мая знакамітая зямлячка, і сумую. У гэтыя дні літаратурная Беларусь адзначае твой шэсцьдзясят пяты дзень нараджэння і журботную дату — дваццаць пятую гадавіну твайго зыходу з жыцця. Як магло такое здарыцца? Да гэтага часу не ўспрымаецца ніякі апраўдальны адказ. Памяць тваю шануюць на радзіме: тваё імя прысвоена Пінскай раённай бібліятэцы. Яго носіць і адна з перспектыўных вуліц сталіцы Палесся.

Жыццё працягваецца. На жаль, без цябе. Але з добрымі і цёплымі ўспамінамі пра цябе. Пасталеў твой сынок Андрэйка, разам з жонкаю, тваёй нявесткай Юлькай, гадуюць дачушку, тваю ўнучачку Яначку. І твая пляменніца кажа, што малая наведвае мастацкую школу, надта добра малюе і ганарыцца сваёй вядомай бабуляй. А ўсмешкаю вельмі падобная да цябе, Жэня...

Да цябе не з ціхім жалем, вёска,
Еду не тады, калі баліць.
Да цябе — той вечнаю бярозкай,
Што ніхто не змог перасадзіць.
Твая ранімая душа, як і раней, лунае над намі і заве-кліча ўсіх і кожнага з нас:
Прыедзь у край мой ціхі,
Тут продкаў галасы...
Спачывай разам з імі, Жэнечка.
А мы будзем годна памятаць пра цябе.

Марыя Ляшук, член Саюза пісьменнікаў  Беларусі

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter