“Пінская шляхта” XXI стагоддзя

У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы прэм’ера: фарс-вадэвіль “Пінская шляхта” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Пастаноўку тэатр прысвяціў 200-годдзю з дня нараджэння гэтага вядомага беларускага тэатральнага дзеяча і драматурга, годам якога ЮНЕСКА аб’явіла 2008-ы.

У іранічнай і адначасова праўдзівай гісторыі аб жыцці беларускай шляхты шмат музыкі і камічных сітуацый, што, на першы погляд, робіць спектакль “лёгкім”. Але менавіта праз іронію і фарс глядач прасочвае і разумее ўвесь трагізм часу, у які жыў і тварыў беларускі класік. А геніяльнасць рэжысёра-пастаноўшчыка Мікалая Пінігіна ў тым, што яму ўдалося, здавалася б, простую п’есу ператварыць у спектакль, які ўзнімае нямала праблем. Гэта не першы зварот вядомага рэжысёра да Дуніна-Марцінкевіча, і, хутчэй за ўсё, новаму спектаклю ўдасца паўтарыць поспех некалі папулярнай “Ідыліі”.
Прачытаць п’есу класіка з пазіцыі тых, хто жыве ў XXI стагоддзі, дапамагалі народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук і Арнольд Памазан, заслужаныя артысты Віктар Манаеў, Аляксандр Падабед, Наталля Качаткова, акцёры Ігар Дзянісаў, Ганна Хітрык, Сяргей Чуб, Павел Яскевіч, мастак Вольга Мацкевіч, кампазітар Андрэй Зубрыч, харэографы Людміла Фадзеева і Павел Адамчыкаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter