Абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2014» прайшоу у Пінскў

Пінская шляхта б пазайздросціла

У мінулую суботу на Брэстчыне  прайшло абласное свята хлебаробаў
Старажытны Пінск вітаў удзельнікаў абласнога фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2014» цёплым сонечным надвор’ем і ўтульнымі святочнымі вуліцамі. Цэнтральная частка горада над Пінай змянілася непазнавальна, і гэта цудоўны падарунак пінчукам, які зрабілі будаўнікі. У хлебаробаў жа надоўга застануцца ўражанні ад багатага і шыкоўнага свята, якое сабрала тысячы ўдзельнікаў з усёй Брэстчыны. 


Пераможцы жніва сталі самымі ганаровымі ўдзельнікамі фестывалю. Пад гучныя апладысменты публікі яны прайшліся па адноўленых вуліцах Пінска, а затым на велічнай сцэне «Дажынак-2014» прымалі віншаванні і каштоўныя ўзнагароды ад старшыні  Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара, намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі Героя Беларусі Пятра Пракаповіча, міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца, прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый, гандлю, лясной гаспадаркі, абласнога агра- прамысловага саюза і іншых устаноў. 


Вітаючы ўдзельнікаў свята, Канстанцін Сумар адзначыў, што ў вобласці сабраны самы багаты за ўсю яе гісторыю ўраджай збожжа — звыш 1 мільёна 450 тысяч тон. 


Падчас сёлетняга жніва было мноства рэкордаў. Ураджайнасць збожжавай нівы склала больш за 41 цэнтнер з гектара. У Баранавіцкім і Ляхавіцкім раёнах яна перавысіла 50 цэнтнераў. З’явіліся новыя рэкорды і сярод камбайнераў. У вобласці 4 экіпажы — з ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» і СВК «Крошын» Баранавіцкага раёна — намалацілі звыш 3 тысяч тон зерня. Сярод раёнаў пераможцам на Брэстчыне стаў менавіта Баранавіцкі. Тут намалацілі амаль 183 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ўраджайнасці звыш 51 цэнтнера з гектара. На другім месцы хлебаробы Брэсцкага, на трэцім — Іванаўскага раёнаў.


Нямала рэкардсменаў і сярод гаспадарак. Часцей за іншых на п’едэстал абласных «Дажынак» узнімаліся прадстаўнікі ААТ «Птушкафабрыка «Дружба». Яе генеральны дырэктар Васіль Маркевіч узнагароджаны як кіраўнік гаспадаркі, заняўшай першае месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжа. У «Дружбе» яны не проста высокія, а выдатныя. Валавы намалот збожжа склаў амаль 43 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 63 цэнтнеры на круг. Тут працуюць і лідары сёлетняга жніва Уладзімір і Максім Казімірчыкі, вадзіцель Лявон Кавалеўскі і многія іншыя лідары ўборачнай кампаніі. На другім месцы па выніках абласнога спаборніцтва хлебаробы ААТ «Баранавіцкая птушкафабрыка», на трэцім — СВК «Узыходзячая зара» Кобрынскага раёна. 


Заслужаныя ўзнагароды ад Урада краіны, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі атрымалі кіраўнікі лепшых раёнаў па выніках жніва, спецыялісты Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Брэсцкага аблвыканкама, старшыні гаспадарак, камбайнеры. 


А затым лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці вобласці падмацавалі настрой публікі яскравымі музычнымі, танцавальнымі нумарамі. Увогуле, складвалася такое ўражанне, што святкаваў увесь Пінск. Утульныя сялянскія падворкі запрашалі гасцей, прыгажуні ў нацыянальных строях ад райспажыўтаварыстваў частавалі смачнымі стравамі. Увесь горад нагадваў вялікі, неабсяжны кірмаш, дзе сумаваць не даводзілася нікому. 


Запомняцца гасцям свята і прыгожыя вырабы народных умельцаў з «Горада майстроў», і шматлікія конкурсы, якія ўзнімалі настрой, і ўрачыста адкрыты помнік хлебу, аналагаў якому ў нашай краіне сёння няма. Ён устаноўлены на плошчы Леніна ў Пінску, ля гарадскога Дома культуры, і ўяўляе сабой гранітны куб, на якім ляжыць ручнік з калоссем і караваем хлеба. 


«Хлеб жытнёвы, пшанічны, духмяны, найвялікшае дзіва вякоў…» — сведчыць надпіс на помніку. Пабываўшы на «Дажынках», кожны раз упэўніваешся, што гэта сапраўды так. 

Аляксандр КУРЭЦ, «СГ»


Фота аўтара і Валянціны КАЗЛОВІЧ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter