Ой, рана на Йвана.

У ноч на 7 ліпеня ў Беларусі адзначаецца адно з самых паэтычных свят – Купалле. На Купалле забаранялася спаць і што-небудзь пазычаць.

У ноч на 7 ліпеня ў Беларусі адзначаецца адно з самых паэтычных свят–Купалле. На Купалле забаранялася спаць і што-небудзь пазычаць

Яшчэ ў дахрысціянскія часы людзі не маглі дачакацца, калі ж надыдзе “вярхушка” лета і можна будзе паскакаць праз вогнішча, папускаць вяночкі ды папараць-кветку пашукаць. Менавіта ў дзень летняга сонцастаяння нашы продкі адзначалі адно з самых любімых у народзе свят — Купалле, падчас якога дзякавалі Сонцу, Вадзе і Зямлі за здабыткі новага года. З прыходам хрысцiянства на час летняга сонцастаяння прыпала яшчэ адно свята — дата нараджэння святога Iаана Хрысцiцеля, якога ў народзе называлі Iванам Купалам за тое, што ён пахрысцiў, ці пакупаў Хрыста. І два святы, па сутнасці, зліліся ў адно. За стагоддзі свята Купалле абрасло паданнямі, песнямі, абрадамі. Штосьці дайшло да нашых дзён, а штосьці засталося толькі на паперы ды ў памяці нашых бабуль і дзядуляў.

Хоць святкавалі Купалле ўвечары, рыхтавацца да яго пачыналі загадзя. Часцей за ўсё з ранку ішлі ў лазню. Лiчылася: той, хто на Купалле папарыцца, пазбавiцца ад усiх хвароб. Хворых людзей абавязкова клалi на крапiву-жыгучку i парылi зёлкамi. Дарэчы, менавіта з гэтага дня пачыналі рыхтаваць венікі на ўвесь год. Калі ж у лазню ў гэты дзень хто не трапіў — ішлі да крыніц. Мылі твар ды кідалі ў ваду манету, каб адкупіцца ад хвароб.
Фалькларыст Янка Крук адзначае, што да Купалля нашы продкі ставiлiся з асаблiвай перасцярогай. З вуснаў у вусны перадавалася жорсткая забарона ў гэты дзень што-небудзь аддаваць, прадаваць, пазычаць. Вялiкiм грахом было аддаць або вынесцi з хаты на Купалле агонь ці хлеб. Лічылася, што ў будучым сям’ю магла спасцігнуць нястача. Верылі людзі, што на Купалле прачынаюцца таксама ўсялякія нячысцікі. Паданні расказваюць, што ў гэту ноч ведзьмы ператвараюцца ў жаб з мышамі і прабіраюцца ў хлеў, каб адабраць у каровы малако, зрабіць заломы ў жыце ці нейкім іншым чынам нашкодзіць людзям. Каб аберагчы сябе, на парог хаты клалi крапiву-жыгучку, у дзвярах хлява ставілі маладую асiну, а ў варотах мацавалi велiкодную свечку, каб нiхто не змог прычыніць шкоду сялянскай гаспадарцы. Каровам на рогi чаплялi вянкi з лекавых раслiн i галiнак бярозы, абносiлi асвечанай соллю i запаленай грамнiчнай свечкай.

Ляці, ляці, вяночак...

Своеасаблiвым абярэгам ад нячыстай сiлы лiчылi i тое, што на Купалле нельга спаць. Таму на ўсю ноч аж да досвітку вяскоўцы збiралiся разам. Свята пачыналі з распальвання вогнішча, для якога хлопцы цэлы дзень збіралі ўсялякую старызну: гнілыя бочкi, колы, кашы, зношаныя лапці, адзенне. У сярэдзіну вогнішча ўстаўлялі шост з драўляным абсмаленым колам і прывязаным да яго жытнёвым снопам. Агонь абавязкова павінен быў быць “жывым”, таму здабывалі яго самі, высякаючы крэсівам ці трэннем сухіх брускоў. Усю ноч ля купальскага кастра гучалі песні, ладзіліся карагоды, гульні. Хлопцы і дзяўчаты скакалі праз вогнішча, купаліся ў вадзе, каб ачысціцца і засцерагчыся ад злых сіл. Ля вогнішча частаваліся абрадавымі стравамі, варажылі, плялі вянкі. У адных месцах — толькі з кветак, у іншых — з галінкамі дуба, бярозы, сасны, елкі. Адрозніваліся вянкі і па сваіх памерах: меншыя надзявалі на галаву ці пояс, з большымі і грубейшымі дзяўчаты вадзілі карагоды.  Вянкі кідалі праз вогнішча, пускалі па рацэ. Па тым, як будзе паводзіць сябе вянок, прадказвалі лёс яго ўладаркі. Калі вянок адразу на дно пойдзе — не быць замужам у гэтым годзе, калі ж паплыве далёка і роўна — быць шчасліваму замужжу.

Кветка шчасця

Былі на Купалле і менш вядомыя сёння прыкметы і гаданні. Напрыклад, увечары ў сям’і, дзе быў хворы, у сцяну хаты паміж бярвенняў утыркалі кветкі купалкі; калі на наступны дзень кветкі былі звялымі, лічылі, што вельмі хутка ён пойдзе на той свет. Закідвалі на стрэхі хат, дзе жыла дашлюбная моладзь, вянкі з купальскіх кветак, каб хлопец або дзяўчына на працягу года “былі ў пары”.
А вось ці не самая знакамітая купальская легенда  — пра папараць-кветку, якую можна адшукаць толькі ў гэту ноч. І то калі вельмі пастарацца. Бо мала таго, што зацвітае яна толькі на некалькі імгненняў, яе яшчэ ахоўваюць усялякія нячысцікі. А ў самую поўнач, калі кветка павінна раскрыцца, прыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, грыміць гром. І таму, хто асмельваецца сарваць кветку, здаюцца розныя пачвары, якія імкнуцца збіць чалавека са шляху. Затое хто яе знойдзе — будзе валодаць усімі зямнымі скарбамі, атрымае дар разумець мову жывёл і раслін, будзе самым багатым і шчаслівым.
Што ж, сябры, “Народная газета” жадае вам знайсці сваю кветку шчасця!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter