Ой, і нагуляласа...

У Старадарожскім раёне жывуць беларусы-сакуны, якія ходзяць басанож і вымаўляюць дзеясловы з канчаткам “са”.  

Пачула неяк, што ў вёсцы Баранава Старадарожскага раёна можна пазнаёміцца са старажытнай культурай беларусаў-сакуноў, якія будавалі дамы без падмурка, хадзілі босымі па траве і насілі дзіўныя спадніцы, што зваліся рабакамі. Ну як тут было не зацікавіцца ды не загарэцца жаданнем паехаць да носьбітаў гэтых традыцый?! Толькі вось папярэдзіць мяне, што дабрацца да Баранава не так проста, чамусьці нікога не знайшлося. Прыйшлося тупаць да вёскі амаль пяць кіламетраў з суседніх Прусаў, да якіх у той дзень даходзіў аўтобус з райцэнтра. Прызнаюся шчыра, ногі вечарам проста гарэлі. Але гэтага я амаль не адчула — дзякуючы эмоцыям ад знаёмства са шчырымі і вясёлымі беларусамі-сакунамі.

На вузенькіх баранаўскіх вулачках час нібы прыпыніўся. Канешне, гэта не значыць, што хаты ў вёсцы Баранава скрозь крытыя саломай, а ўсе жыхары без выключэння ходзяць у бела-чырвоных уборах. Але там-сям можна заўважыць даўганогіх “жураўлікаў”, хлеўчыкі, пакрытыя гонтай, ды дзіўна распісаныя аканіцы. Зразумела, час ідзе і носьбіты старажытнай культуры адыхо-
дзяць. Баранаўская моладзь пачынае жыць па-новаму, але ад традыцый не адракаецца. Нават цагляныя дамы тут будуюцца спецыяльным чынам — з абавязковым яркім і цікава выкладзеным узорам на сценах тыпу сонейка ці кветкі,  якія калісьці выкарыстоўвалі ў сваім побыце іх продкі. А гаворка! Нават ад баранаўскіх малых можна пачуць “наеўса”, “выспоўса”, “нагукаўса”.  Я не гавару пра бабуль, якім “саканне” перадалося з малаком матулі.
— Мне здаецца, так заўсёды гаварылі. І бацькі нашы, і дзядулі, — кажа 83-гадовая Марыя Марціновіч.
Баранаўцы прывыклі размаўляць так адзін з адным. А вось пры “не сваіх” ці гарадскіх — крыху саромеюцца сваёй унікальнасці.
— Ой, я, калі прыязджаю ў горад, маўчу як рыба, — смяецца бабуля Ганна Ласоцкая. — Каб нікога не бянтэжыць сваёй гаворкай.
— Ты маўчыш, — звярнулася да суседкі Марыя Васільеўна. — А я прыяз-
джаю да дзяцей — гавару, як у сваёй хаце: “Ой, наеласа, дзякуй!”. І дочкам т-а-ак падабаецца! Кажуць: “Мама, пагавары яшчэ”.

Сярод вужоў і лотаці

За тое, што мясцовыя жыхары ўсе дзеясловы на “ся” вымаўляюць цвёрда на “са”, іх і празвалі сакунамі. Паводле статыстыкі 1915 года, сакуноў у Беларусі налічвалася каля дзесяці тысяч чалавек. Сустрэць іх можна ў асноўным у Старадарожскім і Калінкавіцкім раёнах.
Як правіла, сяліліся сакуны па беразе рэчкі ці ў балотах. Калісьці Баранава таксама акружала балота.
— Вольхі гаварылі з небам, — успамінае мясцовая жыхарка, дырэктар Дома культуры Вольга Мемус. — Было мноства лотаці, вужоў. Журавіны мяшкамі насілі.
Балота асушылі ў 70-я гады. Пра тое, што яно тут некалі было, баранаўцы ўспамінаюць падчас даж-джлівага надвор’я, калі вада падступае да ганка і пачынае вымываць бульбу ды іншую гародніну. Каб засцерагчы сябе ад вады, сакуны і будаваліся адпаведна. Пра падмурак не было і гаворкі. Хату ставілі на дубовыя штандары. Кажуць, дуб вельмі добра засцерагаў ад дажджу. Хаты на прамы вугал не клалі, вуглы заразалі. Страху рабілі высокай, крылі саломай ці гонтай. Па самым версе цягнуўся “воўк”, збіты з дзвюх дошак.
— У хаце — вялікі пакой і сені, — успамінае Марыя Марціновіч. — У сенях падлогі не было, хадзілі па зямлі. Зімой там было надта холадна. Э-э-э, такое было, страх бярэ, што так можна было жыць.  І сям’я ж вялікая была: пяць дзявок і чатыры хлопцы.

Світка з вусамі

Вядома, жылося бедна. Трэба было і адзявацца, і абувацца. Абшывалі сакуны сябе самі.
— Мая мама была вялікая рукадзельніца, — расказвае Марыя Васільеўна. — Ткала рабакі — такія палатняныя спадніцы. Кохтачкі якія зробіць. На свята фальбоны вышывала. Світкі рабілі з вусамі. Кажуць, гэта самы старажытны беларускі крой, які захавалі сакуны.
Гэта світка, як правіла, белага колеру, шчыльна абхапляла стан і разыходзілася на сцёгнах двума клінамі, якія па рубцах для прыгажосці абшываліся шнурком цёмна-сіняга колеру, што нагадвала вусы. Абуваліся сакуны ў ліпавыя або лазовыя лапці.
Марыя Васільеўна і зараз іх пляце. Часцей — для падарунка ці сувеніра.

Баранаўскія мурашкі

Сакуны вельмі працавітыя беларусы. Не прапусцяць ні траву ў агародзе, ні ягады ў лесе.
— Як вы думаеце, хто сёлета больш за ўсё чарніц назбіраў? Канешне ж нашы сакуны, — упэўнена Вольга Мемус.
Дарэчы, ахвочыя яны не толькі да працы, але і да забаў. Можа, гэта і дапамагло бабулям, якім сёння за восемдзясят, захаваць на тварах такія шчырыя і добрыя ўсмешкі?!
— Як багата песень мы ведаем, — расказвае Марыя Васільеўна. — Гэта ж раней ідзеш на вячоркі — вуліца разлягаецца ад нашых спеваў. Збіраліся ў хаце ля лучніка  пасярод хаты — пралі, ушывалі, ткалі. На вечарынкі і хлопцы прыходзілі. Каторая дзяўчына не спадабаецца — возьмуць кудзелю спаляць. Столькі плачу потым, — з усмешкай успамінае бабуля. — А я пальчаткі надта харошыя рабіла.
Канешне, не забываюць сакуны пра тыя часы. І сёння ў кожнай хаце паўсюль вышываныя ручнікі, дываны, сурвэткі. Гучаць з вуснаў сакуноў і іх песні. У вёсцы Баранава, у якой, дарэчы, набярэцца толькі з сотню жыхароў, нават свой народны фальклорны  калектыў ёсць, “Набеліцы” — з тых самых бабуль-сакуноў. Ох, і галасы ж у іх! Шкада, што нельга перадаць іх моц і прыгажосць на газетнай паперы.
— Вёска наша невялікая, — гаворыць мастацкі кіраўнік “Набеліц” і дырэктар сельскага Дома культуры Вольга Мемус. — Нават школы няма. Дзеці ў суседнія Прусы ходзяць. Моладзь у горад з’язджае.
Але, нягледзячы на малалюднасць, баранаўскія сакуны шчыра захоўваюць свае традыцыі. У крыві гэта, відаць.
— Якія кірмашы мы ладзім, — хваліцца Вольга Рыгораўна. — Прыходзяць жыхары з суседніх вёсак, нашы баранаўцы, якія выехалі колісь у Мінск і абласныя цэнтры, прыязджаюць. Музыкаў запрашаем. Колішнія польку, падыспань, лявоніху таньчым. Ідзём у госці адзін да аднаго, частуемся рознымі прысмакамі. І гудзі-і-іць вёска!
Ад’язджаючы, падумала: дай Бог вам, дарагія сакуны, каб яно так заўсёды ў вас было. Каб не спынялася жыццё, каб прыязджала моладзь. Каб гучала з вашых вуснаў “насмяяласа”, “нацешыласа” і каб ніколі — “наплакаласа”...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter