«Ой, ма-мач-кі!»

«Беларусьфільм» здымае серыял пра 9 чароўных месяцаў

На «Беларусьфільме» здымаюць серыял пра дзевяць чароўных месяцаў

Рэжысёр Іван Паўлаў днямі распачаў работу над новымі серыямі беларуска-расійскага тэлевізійнага ігравога фільма «Ой, ма-мач-кі!». Дзве першыя серыі ўжо знятыя, наперадзе — яшчэ дзесяць.

...Вера Міхайлаўна Стральцова — урач-гінеколаг у аддзяленні паталогіі цяжарнасці ў адным з гарадскіх радзільных дамоў. У яе вельмі няпростая і адказная работа: дапамагчы будучым мамачкам вынасіць і нарадзіць здаровых і шчас-лівых дзетак. Сярод пацыентак Веры Міхайлаўны мамы вельмі розныя: нехта чакае дзіця ў шчаслівым законным шлюбе, нехта хоча нарадзіць, нягледзячы на сур’ёзныя праблемы з уласным здароўем, нехта — не зважаючы на адгаворы родных, а нехта наогул збіраецца адказацца ад будучага першынца... Ва ўсіх гэтых мамачак — зусім маладзенькіх і тых, каму ўжо за трыццаць, свае гісторыі: кранальныя і хвалюючыя, радасныя і сумныя, але абавязкова поўныя надзеі.

Жанр карціны вызначаны як меладрама з элементамі камедыі. Сцэнарысты — беларускія аўтары Юлія Лешка і Людміла Перагудава між сабой называюць яго бальнічны «Дэкамерон».

Тэма для сцэнарыя, паводле слоў Юліі Лешка, узнікла невыпадкова. Яна сама даволі позна нарадзіла першынца, і ў памяці назаўсёды засталося ўсё, што было звязана з гэтай падзеяй, з тымі жаданымі, але і складанымі месяцамі чакання.

— Многае з таго, што запомніла: i атмасферу бальніцы, і адносіны медыкаў, і гісторыі жанчын, якія чула, — я пастаралася вывесці на экран, — гаворыць Юлія Лешка.

Ролю галоўнай гераіні карціны — Веры Міхайлаўны — іграе вядомая беларуская артыстка тэатра і кіно Вера Палякова. Менавіта пад яе ствараўся сцэнарый, і, як прызнаецца рэжысёр Іван Паўлаў, менавіта гэту актрысу, з якой яны даўно і добра знаёмыя, ён хацеў бачыць у цэнтральнай ролі, якая праходзіць праз усе серыі фільма.

У Веры Міхайлаўны таксама свая жаночая гісторыя. Яна выдатны спецыяліст, са дня ў дзень на працягу 15 гадоў дапамагае нарадзіць іншым, але ў самой дзяцей няма, ад чаго пакутуе і яна, і яе муж... Хаця, мяркуючы па тым, што напрыканцы другой серыі на экране ўзгадваецца слоік з салёнымі агуркамі, да канца фільма праблема доктара Веры Міхайлаўны шчасліва вырашыцца.

Дарэчы, у карціне Вера Палякова не толькі іграе, але і спявае за кадрам. У яе выкананні гучыць цудоўная песня пра дзевяць чароўных месяцаў на словы Юліі Лешка і музыку Сяргея Сухамліна.

У фільме занята многа — амаль паўтары сотні — беларускіх і расійскіх акцёраў. Пераважна, зразумела, актрыс, якія сыгралі і яшчэ сыграюць мамачак — пацыентак аддзялення паталогіі. Да прыкладу, у першых дзвюх серыях мамачкамі стануць Ганна Казючыц, Алеся Пухавая, Валянціна Гарцуева, у наступнай — Марыя Бярсенева.

— Мара рэжысёра — цёпла, светла і вакол многа жанчын, — жартуе на гэты конт Іван Паўлаў.

На яго думку, нягледзячы на жаночую тэму, серыял будзе цікавым і для мужчын. Тых мужчын, удакладняе рэжысёр, якія думаюць не толькі пра сябе і неабыякавыя да жанчын з усімі іх праблемамі, асаблівасцямі характару і праславутай жаночай логікай, якія хочуць паспрабаваць зразумець жанчыну. А каб прыцягнуць да экрана больш прадстаўнікоў моцнай паловы, рэжысёр нават збіраецца ўвесці ў серыял пра мамачак больш персанажаў-татачак.

Між іншым да выканаўцаў мужчынскіх роляў патрабаванні асаблівыя. Як прызнаўся Іван Паўлаў, расійскія партнёры паставілі ўмову, каб гэта былі акцёры, ад якіх, вобразна кажучы, хочацца нарадзіць дзіця, словам, прыгажуны і любімчыкі жанчын. У серыяле ўбачым Канстанціна Салаўёва, Аляксандра Макагона, Ігара Сігова, Сяргея Астахава, Анатоля Коценева, Сяргея Чонішвілі і многіх іншых.

На здымку: актрыса Вера ПАЛЯКОВА i рэжысёр Iван ПАЎЛАЎ.

Фота: Віктар ЗАЙКОЎСКІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter