Ой, каваль, кавалёк, кавалёначак…

У Мажэйкаве створаць аграсядзібу з старадаўняй кузняй-музеем

У аграгарадку Мажэйкава ствараюць незвычайную аграсядзібу.

Ажыццявіць арыгінальны праект, які будзе адраджаць народныя традыцыі і адначасова прыцягваць увагу турыстаў, задумалі ў Лідскім раёне. Тут, у аграгарадку Мажэйкава, ствараюць аграсядзібу з старадаўняй кузняй-музеем.

Ініцыятыва ў гэтай справе належыць двум зацікаўленым людзям — супрацоўніцы цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры «Спадчына» Наталлі Шаўканогавай і настаўніку працоўнага навучання Мажэйкаўскай школы Мікалаю Філіповічу. Апошні — з сям’і патомных кавалёў.

Дзякуючы падтрымцы, якую атрымала нестандартная ідэя, векавечнае рамяство набудзе новы працяг. У кузні-музеі будуць не толькі распавядаць аб гісторыі кавальства на Беларусі, але і навучаць гэтай няпростай справе ўсіх жадаючых. Тут жа, у аграсядзібе, плануецца праводзіць вяселлі згодна з беларускімі абрадамі і традыцыямі.

Дарэчы, будынак, у якім размесціцца кузня-музей, будзе аўтэнтычным. У суседняй з Мажэйкава вёсцы ужо нагледзелі для гэтага старую закінутую кузню. Падрыхтаваны і вялікі валун, на якім высякуць назву сядзібы, — «Кавалёва лаза».

Аўтары праекта спадзяюцца, што яна прыме першых наведвальнікаў ужо ў 2013-м годзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter