Ой, дзеўкі мае... Як удзельніцы быхаўскага фальклорнага ансамбля “Багатуха” ляцелі са сцэны і везлі казу з конкурсу прыпевак.

Хіба магчыма, каб пры мясцовым Доме культуры не было музычнага калектыву? А хто будзе абслугоўваць раён — сустракаць гасцей, весяліць гараджан, выязджаць на фермы і палі? Задумаліся супрацоўніцы Быхаўскага ДК і стварылі аматарскую вакальную групу — яшчэ ў васьмідзесятых. Былі тут людзі з бухгалтэрыі, некалькі чалавек з бібліятэкі і нават начальніца гаспадарчай групы.

— А пасля прыйшла цудоўная дзяўчына з інстытута культуры, — успамінае вакалістка Галіна Казюлька. — І стварыла з нашай банды добры калектыў. Адабрала лепшыя галасы, пачысціла іх, зрабіла распевачкі па партыях, і ў 98-м мы ўжо атрымалі званне народнага.
Ансамбль пачаў гастраляваць — па раёне, краіне, за мяжой. Не толькі з песнямі, але і з прыпеўкамі, рэканструяванымі абрадамі “Багач”, “Вялікдзень” і іншымі.  Шмат твораў удзельнікі калектыву пішуць самі:
Я ходила у реки, собирала корни.
Милый замуж не берет, боится — не прокормит.

— Ты зачем меня ударил балалайкой по плечу?
— Я за то тебя ударил — познакомиться хочу!

Как пойду я в огород, накопаю хрену.
Затолкаю Гришке в рот за его измену.

Я по речке плаваю с ухажером Славою.
А причалить не могу —  с палкой муж на берегу.
Заспяваюць жанчыны — так і рвуцца ногі ў скокі. Галасы чыстыя, звонкія... А між тым у большай паловы артыстак нават музычнай адукацыі няма.
— У мяне бабуля спявала ў царкоўным хоры, — тлумачыць сваю галасістасць Вольга Власава.
— У маёй мамы быў зборнік з народнымі песнямі, яна спявала —  і я разам, — успамінае Таццяна Краўчанка.
— Мая мама з яе сёстрамі і сёння як заспяваюць разам — заслухацца можна, — расказвае Галіна Казюлька. — Хоць старэнькія ўжо, а галасы захаваліся.
Удзельніцы “Багатухі” шмат і выступаюць, і рэпеціруюць. Здараецца, застаюцца ў ДК на ноч ці ў сем гадзін раніцы едуць на канцэрт да калгаснікаў, пакуль камбайны не выйшлі ў поле. Як ставяцца  да такога рэжыму мужы салістак?
— Мой казаў: цягні раскладушку ў ДК, там і жыві. Але я ўсё роўна вяртаюся дадому, — усміхаецца Галіна Казюлька.
За столькі гадоў творчай дзейнасці “Багатухі” павінны былі прывыкнуць і мужы, і дзеці, некаторыя з іх нават па слядах матуль пайшлі.
— У мяне малодшая дачка спявае, — з гонарам расказвае Таццяна Краўчанка. — Вучыцца ў мастацкім каледжы, выступае на канцэртах. Ёй падабаецца. А я толькі заахвочваю яе да такога занятку.
— А майму Бог слыху не даў, — падхоплівае Галіна Казюлька. — Спрабаваў спяваць, хадзіў са мной у ДК. Тры гады ўсё пра казу пеў, так і не спеў.
Дарэчы, пра казу... Паехаў неяк народны калектыў “Багатуха” на фестываль прыпевак у Аўцюкі, заняў ганаровае другое месца. А ім у падарунак не тэлевізар, не мікрахвалёўку, не нават хрустальную вазу — жывую казу!
— Лета, гарачыня, а мы з казой у аўтобусе едзем. А яна ж уся такая прыгажуня: у белых шкарпэтачках, капелюшы, сукенцы, — не без усмешкі ўспамінае Галіна Казюлька. — Апошнімі з аўтобуса выйшлі я і каза. А вадзіцель нам насустрач: “Стоп, падруга, а хто аўтобус будзе прыбіраць?”. Пакуль я з мятлой вазілася ў салоне, каза ўсе гасцінцы і з’ела, што я дзецям везла.
На гэтым гісторыя не скончылася. Прыйшла жанчына дадому. Прывязала казу, а сама пайшла адпачываць пасля дарогі. На раніцу — бягом даіць карову і гнаць на выган. І як так атрымалася — каза выскачыла з хлевушка і за каровай прывязалася ва ўсім сваім “вясельным” убранні.
— Тут і набеглі жанчыны з наваколля: “Галя, што гэта?” — смяецца Казюлька. —   Месяц каза пажыла ў мяне, паела, што магла. Урэшце яе прадала суседцы.
А на наступны год жанчыны з “Багатухі” вырашылі “адплаціць” арганізатарам фестывалю тым жа — падарылі ім унучачку казы. І што б вы думалі? Зноў перамаглі, атрымаўшы ў падарунак... барана!
І колькі ж вясёлых гісторый пачула я ад удзельніц ансамбля! Падчас выступлення  на абласным конкурсе “Іграй, гармонік, звіні, прыпеўка” яны нават прадэманстравалі публіцы... палёт на сцэне.
— Такі нумар падрыхтавалі, такі нумар! — успамінае Галіна Казюлька. — Вакалісткі выконвалі прыпеўкі. А наш саліст, спяваючы “Ой, дзеўкі мае...”, падыходзіў па чарзе да кожнай з жанчын і танцаваў з ёй асобна. Дайшоў да мяне... — хмурнее артыстка. — Трэба было ісці з правай нагі, а ён стартуе з левай. Чапляе мяне і мы — у-у-у-угуг, падаем на спіну, туфель падлятае ўверх. Мой кавалер ускоквае, спрабуе падняць мяне — аніяк не атрымліваецца. Зала рагоча, усім весела. Адной мне —  не вельмі. І што самае цікавае: усе вырашылі, што так і было задумана.
Удзельніцы народнага фальклорнага ансамбля вельмі вясёлыя і жыццярадасныя жанчыны. І  рэпертуар у іх аналагічны. Калі раптам трапляецца спакойная песня  — паскараюць яе тэмп. Кажуць, на гледачоў гэта лепей дзейнічае. Некаторыя з жанчын выступаюць з гумарэскамі і байкамі. Да прыкладу:
Фільм замежны паглядзела па відзіку жонка.
“Ой, — гаворыць, — абалдзела, як прыгожа, тонка
Ален Дэлон сваю Мэю ўмее цалаваці.
Наглядзішся — рукі, ногі й каленкі дрыжаці.
Не бачыла ніколі, каб нашы каханцы
Цалавалі, як французы або італьянцы”.
А мужык сярдзіта сплюнуў:
“Ну што тут не панятна:
У кіно цалуюцца за грошы, а я ж цябе — бясплатна!”
Аднаго не хапае “Багатусе”, па меркаванні яе кіраўніка Алены Лінкевіч, — добрых  касцюмаў. Тыя, што былі пашыты тры гады таму, ужо знасіліся. Вядома, столькі канцэртаў. Ды і сорамна жанчынам выступаць заўсёды ў адным адзенні. На фестываль у Малдову ўжо трэці год запар у адных касцюмах прыязджаюць.
— Мы ўжо і камізэлькі здымем, хусткі завяжам па-іншаму — усё роўна пазнаюць,  — смяюцца ўдзельніцы ансамбля Алена Цыганава і Святлана Саламевіч.
І хоць да ўсяго салісткі адносяцца з пазітывам, нягожа, каб народны калектыў ды з такой гучнай назвай  “Багатуха” не меў годных касцюмаў...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter