Які адбітак пакінула аварыя на Чарнобыльскай АЭС на грамадстве? Чаму яна навучыла вас? — гэтыя пытанні мы задалі жыхарам Сянно і раёна.
Міхаіл, майстар будаўнічага прадпрыемства, 49 гадоў:
— Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС я жыў за 30 кіламетраў ад станцыі. Летам 1986 года ўжо працаваў у Сянно. Давялося будаваць жыллё для перасяленцаў у Кармянскім раёне Гомельскай вобласці. На Сенненшчыне нарадзіліся мае дзеці. Дзякуй Богу, да гэтай пары мы ўсе здаровыя. Хутка адаптаваліся да жыцця на новым месцы. Але жаль па страчаным застаецца. Шкада, у першую чаргу, той свет, тую ментальнасць, якія зніклі ў выніку перасялення людзей з родных мясцін. І гэтыя страты незваротныя.
Чаму навучыла бяда? Жыву па сітуацыі, асаблівых абмежаванняў не прытрымліваўся ніколі.
Ала, 50 гадоў, бухгалтар дзяржаўнай арганізацыі, нарадзілася і пражыла ўсё жыццё ў Сянно:
— Чарнобыльская аварыя закранула мяне і маю сям’ю ўскосна. Але адбітак, лічу, наклала на ўсіх нас. Асабіста я стала больш уважліва ставіцца да здароўя. Грыбы ў ваколіцах Сянно збіраю не ўсе, толькі тыя, якія менш назапашваюць радыяцыі.
У Сянно і раёне з’явілася шмат перасяленцаў з Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Як правіла, гэта шчырыя людзі, добрыя работнікі, якія крыху вылучаюцца сярод карэнных сенненцаў. За апошнія гады колькасць насельніцтва ў раёне прыкметна зменшылася. А колькі б нас засталося, каб не перасяленцы?
Таццяна, малады спецыяліст, урач, 28 гадоў:
— Глабальная катастрофа не магла не адбіцца на людзях. Яе ўздзеянне адчуваюць не толькі беларусы. Даводзілася вучыцца з выхадцамі з афрыканскага кантынента. Я б сказала, што аварыя на Чарнобыльскай АЭС, якая адбылася 25 гадоў таму, паўздзейнічала нават на іх, на іх стаўленне да жыцця.
Іншай стала медыцына. Пра гэта нам не забывалі паўтараць у час лекцый і семінараў. Уздзеянне радыяцыі на здароўе людзей асабліва бачна на практыцы. Зніжаецца імунітэт, людзі часцей хварэюць. Гэтыя асаблівасці постчарнобыльскага жыцця я ўлічваю таксама. Для сябе ўжо вырашыла, перш чым зацяжарыць, абавязкова здам усе аналізы, папрашу прайсці абследаванне мужа. Для нашых бацькоў гэта была неабавязковая працэдура.
Апытанне правёў Аляксандр Лазюк.
З першых вуснаў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка:
»Мы павінны палажыць канец перыяду ачышчэння тэрыторый, якія пацярпелі ў выніку аварыі на ЧАЭС, перастаць стагнаць і плакацца і пачаць новы перыяд — аднаўлення. Неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб адрадзіць гэты край».
Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун:
»Намаганні па развіццю паселішчаў на пацярпелых ад чарнобыльскай катастрофы тэрыторыях сведчаць аб паляпшэнні сацыяльных умоў жыцця мясцовага насельніцтва, што ўсяляе аптымізм».
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт:
»25 гадоў наш народ разам з многімі сябрамі з іншых краін змагаўся з экалагічнымі, сацыяльнымі і духоўнымі наступствамі чарнобыльскай катастрофы. І сёння мы рады, што Беларусь прадаўжае жыць, пераадольваючы розныя праблемы сучаснасці. Божае благаславенне няхай будзе з кожным, хто працаваў, працуе і будзе працаваць над пераадоленнем наступстваў чарнобыльскай бяды!»
http://www.senno.by