Open air па-нясвіжску. Больш як тры тысячы гледачоў сабралі ў Нясвіжы вечары Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі.

Другі год старажытны Нясвіж сустракае мінскіх артыстаў. Чым адметныя сёлетнія вечары?

Другі год старажытны Нясвіж сустракае мінскіх артыстаў. Чым адметныя сёлетнія вечары? “На фестывалі прадстаўлены рэпертуар, які невядомы тутэйшым гледачам і дае ім мажлівасць сустрэцца з высокім мастацтвам, што для нас вельмі важна”, — адзначыў генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Уладзімір Грыдзюшка.
Мінулыя пятніца, субота і нядзеля парадавалі аматараў мастацтва рамансамі, операй, пасьён-араторыяй, балетам і гала-канцэртам лепшых оперных выканаўцаў. Дарэчы, толькі дзесяць працэнтаў білетаў былі прададзены ў сталіцы, астатнія раскупілі жыхары рэгіёнаў — такую цікавасць выклікала імпрэза.
Фестывалі пад адкрытым небам праходзяць у многіх краінах Еўропы. Open air — гэта жанр, які дазваляе па-новаму прадставіць той ці іншы спектакль, а гледачам максімальна стаць удзельнікамі сцэнічнай гісторыі. Што, уласна, і адбылося на паказе оперы Уладзіміра Солтана “Дзікае паляванне караля Стаха”. Сцэнічнай пляцоўкай стаў унутраны дворык Палаца Радзівілаў з яго незвычайнай акустыкай. Гледачы атрымалі асалоду ад уласна тэатральнага прадстаўлення, жывога гуку і былі зачараваны эфектамі камп’ютарнай графікі, якія напоўнілі архітэктурны ансамбль надзіва рэалістычнымі вобразамі караля Стаха і яго світы.
Гарадская Ратуша, касцёл Божага Цела і былая рэзідэнцыя Радзівілаў — на гэтых пляцоўках працавалі мінскія артысты. Сама атмасфера культурнага цэнтра Беларусі, дзе з’явіўся першы тэатр і была пастаўлена першая опера, вымушае ладзіць тут падобныя імпрэзы. І, як адзначалі многія ўражаныя гледачы, хацелася б, каб іх было больш.
Што цалкам верагодна. Пакуль што фестываль трохдзённы, аднак арганізатары плануюць зрабіць яго сезонным (з мая па верасень). А да ўдзелу ў ім, паводле слоў міністра культуры Беларусі Паўла Латушкі, прыцягваць і замежных майстроў мастацтваў. Плануецца пашырыць і геаграфію культурных мерапрыемстваў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter