“Ох, сэрца-лянок...”

Лён. У народнай творчасці лён заўсёды сімвалізаваў чыстыя думкі, дабрыню, таксама быў надзелены мужчынскімі якасцямі. У песнях лён называлі “сінявокім прыгожым юнаком”. Сярод людзей існавала павер’е: “Каб лён даў добры ўраджай, трэба было ў час сяўбы распрануцца, тады лён пашкадуе голую бабу і народзіцца добра, каб ёй было з чаго пашыць кашулю”.

* Калі ехалі на поле сеяць лён, гаспадар павінен быў пакласці ў насенне два яйкі. Затым на полі спачатку снедалі і толькі потым распачыналі сеў. Шалупінне ад яек трэба было прывезці дадому. Лічылі, што ў такім выпадку лён будзе доўгім, як шлях ад хаты да поля і назад. Руплівыя гаспадыні малолі шалупінне і дадавалі яго ў корм курам, каб тыя лепш несліся.
* У народзе лічылі, што на палетках, дзе рос лён, нельга сеяць яравы хлеб, інакш “ні тое, ні гэтае не ўродзіцца”.
* Каб лён вырас доўгім, валакністым, раілі сеяць яго на малады месяц, а насенне збіраць на поўню.
* Паўсюдна на Беларусі існаваў звычай: ранняй вясной незамужнія дзяўчаты сеялі на агародзе палоску льну і па яе ўзыходах варажылі аб сваім лёсе. Адначасовае прарастанне і добры рост ільну прадказваў шчаслівую долю; калі ж узыходы былі дрэннымі — не бачыць дзяўчыне “жыцця-долі”.
* Лён самым актыўным чынам выкарыстоўвалі ў вясельным абрадзе. Яго доўгія валокны нагадвалі аб дзявочай прыгажосці — доўгай касе. Таму цнатлівай нявесце ў косы ўпляталі валокны льну: каб лён добра нарадзіў і каб нявеста парадавала радзіну нараджэннем здаровых дзяцей.
* Часам пры абсыпанні маладых пасля вянчання ў храме і на вяселлі выкарыстоўвалі насенне льну.
* Спальванне валокнаў ільну ў печы сімвалізавала развітанне з цнатлівасцю.
* Лён выкарыстоўвалі і ў народнай магічнай практыцы. Кісялі і напоі з насення льну ўжывалі як процізапаленчы і абязбольваючы сродак пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту.
Народныя лекары раілі класці насенне льну ў абутак, тым самым вы захаваеце сябе ад сурокаў і іншых непрыемнасцей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter