О, Каложа, туга мая светлая!..

Самага старажытнага фіналіста нашага праекта сярод храмаў — Каложскую царкву — чакае другое нараджэнне.

Я шмат пра яе чула, чытала ў інтэрнэце, бачыла фотаздымкі. І ўсё марыла сустрэцца з ёй. Вось так... сам-насам. Ужывую. Каб дакрануцца. Стаць на калені. Узняць рукі. ...І збылося. Як там пісаў Караткевіч? “Каложа ўстала перад ім... такая простая, такая дасканалая, што перахапіла дых”. Вось-вось. Менавіта перахапіла дых.
А што яшчэ можна адчуць, бачачы перад сабой такі цуд?! Цуд родам з ХІІ стагоддзя! Такі моцны, трывалы, устойлівы... і ў той жа час такі далікатны. Усяго некалькі метраў аддзяляе Барысаглебскую царкву ад абрыву. Хоць ты рукі падстаў, каб, крый Божа, хуткі Нёман не паглынуў яе ў свае нетры... У 1853 годзе храм ужо пацярпеў ад апоўзня, поўнасцю страціўшы паўднёвую сцяну. Колькі гадоў таму для захавання ўнікальнага помніка культуры гарадскія ўлады пры садзейнічанні ЮНЕСКА ўмацавалі бераг. Царква нібыта аказалася ў бяспецы. Але хто ведае, колькі яна яшчэ прастаіць у такім вось выглядзе? Драўляная сцяна, узведзеная ў ХІХ стагоддзі замест “з’едзенай” Нёманам, упэўніваюць спецыялісты, пачынае ўжо сыпацца...
Цуд вырашана выратаваць. Што ж стане з царквой? Яе адновяць у першапачатковым стане? Вернуць выгляд XVIII стагоддзя? Ці не страціць царква сваю ўнікальнасць і дзівосную магію прыцягальнасці?

Галасістыя глечыкі

— Каложская царква — помнік сапраўды ўнікальны, — гаворыць кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт БНТУ Генадзь Лаўрэцкі, які займаецца вывучэннем храма ўжо 25 гадоў. — Самае адметнае — выкарыстанне ў сценах паліванай кафлі і вялізных камянёў.
Кажуць, быццам камяні гэтыя ўзяты са старажытнага язычніцкага капішча, на якім была пабудавана царква. Праўда гэта ці не, цяжка сказаць. Але дастаткова толькі прыкласці далонь да ўмураваных у сцяну камянёў, каб адчуць і іх узрост, і намоленасць, і духоўную цеплыню... Дарэчы, як і ад крыжыкаў з маёлікі — аліўкава-зялёных, карычневых, вясёлкавых. Рэдка сустрэнеш такое ў беларускіх храмах. Ёсць у Каложы і яшчэ адна “разыначка”. Нябачная, праўда. Затое добра чутная — галаснікі.
— Гэта глечыкі, якія ўстаўляліся ў сцены знутры, — тлумачыць Генадзь Аляксандравіч. — З аднаго боку, яны ўзмацняюць акустыку ў храме. З другога — значна паляпшаюць канструкцыю царквы. Каложа таксама вельмі цікавы прыклад пераходнага помніка, дзе існуе дадатковая ўсходняя пара слупоў .
Сама кампазіцыя — круглыя слупы — рэдкая для праваслаўных храмаў. Яна часцей сустракаецца ў балканскіх цэрквах. Каложская ж царква адносіцца да Гродзенскай архітэктурнай школы. Праўда, існаванне гэтай асобнай школы было пацверджана толькі ў 30-я гады ХХ стагоддзя. Калі ў Гродне былі знойдзены рэшткі Ніжняй царквы, падобнай па кампазіцыі да Каложы.

Вынаходнік ці архітэктар

Што і казаць, Каложская царква — унікальны аб’ект не толькі для беларускай, але і для ўсёй славянскай архітэктурнай спадчыны. Нездарма ж яе плануюць унесці ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Таму так важна гэты цуд захаваць як мага надаўжэй. Толькі вось складанасць. З-за шматлікіх перабудоў царквы цяжка сказаць, якой яна была першапачаткова і як яе варта аднаўляць сёння. Колькі гадоў запар беларускія спецыялісты прапаноўвалі планы рэстаўрацыі Барысаглебскай царквы. Але ўсё ўзнікалі сумненні.
Канешне, самым правільным было б аднавіць Каложу ў выглядзе XII стагоддзя. Аднак зрабіць гэта аказалася немагчымым.
— Мы не маем дакументальных пацвярджэнняў, якім дакладна быў храм. Я зрабiў спробу графiчнай рэканструкцыi такой царквы, — расказвае Генадзь Аляксандравіч. — Але толькі для таго, каб паказаць, што яна не можа быць рэалізавана. Вельмі важна раздзяляць у сабе два пачаткі — дзе ты вынаходнік, а дзе архітэктар. Нават самая дасціпная графічная прапанова, не пацверджаная дакументальнымі звесткамі, не можа прэтэндаваць на навуковую дасканаласць.

Новае са старым

Было шмат спрэчак, дыскусій, парад з замежнымі калегамі. У выніку вырашылі спыніцца на праекце Генадзя Лаўрэцкага, які прадугледжвае з аднаго боку рэстаўрацыю аўтэнтычных сцен, і рэканструкцыю з дабудовай купала, даху і заменай драўлянай сцяны на аналагічную той цаглянай, што захавалася.
— Мы прапанавалі правесці абсалютна навукова абгрунтаваны комплекс работ па аўтэнтычнай частцы, які ўключае і расчыстку, і ўзмацненне сцен, — расказвае навуковы кіраўнік аб’екта. — Што тычыцца дабудаванай часткі — тут мы павінны зрабіць такое архітэктурнае дапаўненне, каб можна было і набажэнствы весці, і выявіць асаблівасці царквы як помніка ХІІ стагоддзя.
Таму прапанавана драўляную сцяну замяніць люстраной копіяй той, якая захавалася, — з аналагічнымі ўзорамі з маёлікі і камянёў. Сцяна будзе ўзведзена з новых матэрыялаў, набліжаных да першапачатковых. Але ўсё ж такі будзе крыху адрознівацца ад аўтэнтычнай. Месца сустрэчы новага са старым плануецца таксама абазначыць. Каб ні ў кога нават не ўзнікла думкі пра нейкі падман.
— Калі б на Беларусі было хоць некалькі падобных помнікаў, то работу можна было б весці зусім па-іншаму, — разважае Генадзь Аляксандравіч. — Напрыклад, зрабіць музей са шкляной сцяной. Але калі ў нас адна такая царква, то яна ўжо ўзрастае да статуса сімвала краіны. Мы павінны паказаць і беларусам, і замежным турыстам, што наша архітэктура пачалася не з барока і не з замкаў. Яна нашмат старэйшая і багацейшая.
У любым выпадку праект ужо зацверджаны і благаславёны Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам. Ужо ўлетку спецыялісты плануюць прыступіць да работы. Пакуль што яшчэ не рэстаўрацыйнай. Перш-наперш трэба расчысціць тэрыторыю вакол, вызваліць будынак ад рэчаў. Па рашэнню гарадскіх улад і епархіі будзе пабудаваны прыходскі дом, куды перанясуць з храма ўсе атрыбуты, а людзі змогуць прыходзіць на набажэнствы. А пасля і да аднаўлення царквы прыступяць. Яна чакае. Ужо другое стагоддзе, дарэчы. Са слабым драўляным бокам. І надзеяй, што горш не стане.

НАШЫ ФІНАЛІСТЫ

Ці ведалі вы, што...

Палац Радзівілаў у Нясвіжы, магчыма, быў звязаны прасторным падземным тунэлем з Мірскім замкам. Бывае, і сёння пад палацам часам знаходзяць вялікія і малыя хады. Кажуць, што, калі рускія войскі ў 1812 годзе захапілі Нясвіж (справа ў тым, што Дамінік Радзівіл ваяваў са сваім палком на баку французаў), радзівілавы служкі паспелі схаваць нясвіжскія скарбы ў падзямеллі і ўзарвалі ўваход. Скарб не знойдзены да гэтага часу. А між іншым, кажуць, у ім было каля тоны золата, сярод якога былі і знакамітыя залатыя фігуры 12 апосталаў!

У Пустынскім манастыры, што на Мсціслаўшчыне, на сцяне аднаго з карпусоў не так даўно выявіўся нерукатворны воблік Хрыста — такі ж, як на знакамітай Турынскай плашчаніцы. З часам Спас Нерукатворны становіцца ўсё выразней, а вочы Збавіцеля ўсё больш адсвечваюць блакітам. Вядома, воблік Збавіцеля ўжо праяўляўся ў манастыры ў 1942 годзе. Да будынка, дзе ў той час размяшчаўся дзіцячы інтэрнат, пацягнуліся паломнікі. Аднак акупацыйныяўлады неадкладна распарадзіліся знішчыць аблічча. Сцяну выскраблі да цаглін, затынкавалі і зноў пабялілі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter