Нёман просiць дапамогi

Из редакционной почты
Гэтым летам давялося наведаць малую радзiму — вёску Мiкалаеўшчыну Стаўбцоўскага раёна i яе ваколiцы. Мясцiны гэтыя вядомыя ўсёй Беларусi, бо тут рос, мацнеў, набiраўся фiзiчнай i творчай сiлы славуты пясняр Айчыны Якуб Колас.


Асаблiвым упрыгожваннем мясцовасцi з’яўляецца Нёман, якi з трох бакоў акружае Мiкалаеўшчыну. На жаль, я ўбачыў раку ў зарослых балотнай раслiннасцю берагах. Калi ў гады маёй маладосцi — 60–я i 70–я мiнулага веку — у любым месцы каля Нёмана можна было прыпынiцца i з задавальненнем пазагараць на мураве, пакупацца ў чысцейшай за чэрвеньскiя росы вадзе, то цяпер гэта зрабiць няма дзе.

Дастаткова сказаць, што прайшоўшы па адным i другiм беразе ад могiлак да iнтэрната ветэранаў працы (а гэта кiламетры тры ўздоўж вёскi), я нiдзе не мог свабодна падысцi да ракi. Усюды твань, заросшая аерам, асакой, крапiвой i чаротам. Зайшоўшы за бетонны мост, наогул трапiў у балота. I гэта насупраць Мiкалаеўшчыны, дзе раней вока вабiў зялёны дыван разнатраўя.

Рухаюся далей, да Амброжыкавай гары. Ну, думаю, нарэшце адпачну. Калiсьцi тут было цудоўна. Бераг невысокi, пакрыты мяккай травой. Памятаеце ў Коласа: «Травы шаўковыя берагамi сцелюцца...» З такой надзеяй я i рушыў у ваду. Але i тут удача мяне не спаткала. На бераг ледзь выбраўся з–за гразi i быльнягу. А замест траў шаўковых на маiм шляху ўстала сцяна пазняку. Прабiраўся праз яго надзвычай цяжка на невялiкую сцяжынку. Тут ужо сапраўды прыйшоў у адчай. Дык дзе ж ты, мой родны i любiмы Нёман, мая калыска дзяцiнства i юнацтва, прытулак больш познiх гадоў? Нёман маўчаў. Ён моўчкi прасiў лiтасцi.

Нiяк не магу ўсвядомiць, чаму побач з вёскай утварылася непраходнае балота на месцы шырокага зялёнага лугу, што паспрыяла гэтай адмоўнай з’яве? Але пра прычыны позна ўжо гаварыць. Трэба ратаваць наш Нёман, зрабiць усё неабходнае, каб яго воды, як i раней, плылi ў прыгожых маляўнiчых берагах.

Берагi каля Мiкалаеўшчыны варта прывесцi ў належны парадак. Гэта скарбнiца Беларусi, i яе трэба шанаваць.

Анатоль МIЦКЕВIЧ.

Гомель.

Советская Белоруссия № 197 (25079). Четверг, 13 октября 2016
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter