Нясвіж на EuroNews?!

У Беларусі распрацавана больш за тысячу маршрутаў, а турысты ўсё роўна не едуць. Чаму?

У Беларусі распрацавана больш за тысячу маршрутаў, а турысты ўсё роўна не едуць. Чаму?

Можна хваліцца, што мы здалі ў эксплуатацыю Мірскі замак і амаль скончылі палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы. Што на гэты год дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай прадугледжана выдзяленне больш чым 160 мільярдаў беларускіх рублёў на правядзенне рэстаўрацыйных работ. Што мы валодаем багатай гісторыка-культурнай спадчынай і Міністэрства культуры добра працуе над яе адраджэннем. Але што мы маем пасля рэстаўрацыі і аднаўлення нашых палацаў і замкаў? Чаму на краіну не сыплюцца грошы замежных турыстаў?

— Гэта комплексная праблема, — запэўніў на сумеснай калегіі міністэрстваў культуры і спорту і турызму на тэму развіцця аб’ектаў турыстычнай індустрыі міністр культуры Павел Латушка. — Па-першае, недасканалая візавая сістэма. Часам людзі за мяжой па тры разы прыходзяць у нашы консульствы, каб аформіць візу. Па-другое, недастатковая інфармацыйная праца. У Варшаве мы бачым білборды “Прыязджайце ва Украіну”, па беларускім тэлебачанні — рэкламныя ролікі “Наведайце летам Грузію”. Можа, і нам трэба падумаць пра рэкламныя ролікі на EuroNews, BBC, CNN? Магчыма, крызісная сітуацыя не дазваляе сёння выдзеліць на гэта грошы. Але ж яна пройдзе праз год, два. І мы павінны будзем пачаць працу.
А калі турыст і даведаецца пра Беларусь, аформіць візу і прыедзе да нас, то што яго тут чакае?
— З кожным годам у краіне павялічваецца колькасць гасцініц, аб’ектаў адпачынку і грамадскага харчавання. Разам з тым рэгіёны маюць нерэалізаваныя рэзервы і магчымасці развіцця інфраструктуры каля аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, — гаворыць міністр турызму і спорту Алег Качан. — У многіх турыстычных гарадах не вырашаны пытанні ні аўтобусных стаянак, ні санітарна-бытавых блокаў, ні рэалізацыі сувенірнай прадукцыі, ні аб’ектаў харчавання і прыдарожнага сервісу. Канешне, калі прыязджаюць міністры — і сталы з прадукцыяй выставяць, і калектыў народны выступіць. Гэта нармальна, калі гаспадар сустракае гасцей самым лепшым чынам. Але гэта павінна ўвайсці ў сістэму, каб мы маглі на гэтым зарабляць грошы.
Вось Навагрудак, напрыклад — месца не толькі гістарычнае, але і жывапіснае. Самы высокі населены пункт Беларусі. Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Месца хрышчэння Адама Міцкевіча. Што ні будынак — то гісторыя. Гуляй і любуйся. А вось кавы папіць няма дзе. Затое ў Міры, дзе пяць гадоў таму наогул не было ніякай інфраструктуры, з’явіліся і кавярні, і рэстараны, і гасцініцы. У самім замку — пятнаццаць шыкоўных нумароў. З дарагой мэбляй, інтэрнэтам, барам, сістэмай пылевыдалення. Кожны — у сваім стылі і каляровым рашэнні. Ёсць тут нумар чорна-белы, ванільны, тэракотавы... Ці варта здзіўляцца, што Мір у турыстаў больш папулярны?
Вядома, аднымі квіткамі ў музей грошы не заробіш. Ва ўсім свеце рэалізацыя білетаў прыносіць толькі дваццаць працэнтаў ад даходу, які можна атрымаць ад граматнага выкарыстання аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны.
— Мы павінны прыдумваць розныя фішкі, — лічыць генеральны дырэктар гомельскага Палаца Румянцавых-Паскевічаў Алег Рыжкоў. — Сёлета на тэрыторыі палаца высадзілі каля сямідзесяці тысяч цыбулінак цюльпанаў. Сорт цудоўны. Усе цюльпаны зацвітаюць адначасова. У суседняй Бранскай вобласці пра наш цуд даведаліся — аўтобусамі сталі прыязджаць. Да Галандыі далёка. Затое Гомель пад бокам. Турыст хоча бачыць актыўны рознабаковы адпачынак, а не проста прайсціся ля сцен замка. Ён павінен і духоўна адпачыць, і паесці, і на атракцыёнах пакатацца.
І гэта тычыцца не толькі замежных турыстаў, але і нас, беларусаў. Усім цікавыя
нестандартныя экскурсіі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter