Жизнь и невероятные приключения знаменитого белорусского ученого, врача и гуманиста Константина Ельского

Нястомны падарожнік

Ён жыў і працаваў у трох частках свету. Высокаадукаваны чалавек — географ, геолаг, медык, заолаг, батанік... Але ўсе гэтыя захапленні былі толькі дапаўненнем да асноўнай прафесіі — падарожніка. Яго, рамантыка па натуры, увесь час цягнула ў невядомыя землі, яму хацелася ўбачыць, што ж там, за рысай далягляду. Звалі яго Канстанцін Ельскі.

photoshare.ru

Канстанцін з’явіўся на свет 17 лютага 1837 года ў вёсцы Ляды Смілавіцкай воласці Ігуменскага павету Мінскай губерні. Бацька хлопчыка, Міхал Ельскі, паходзіў са старажытнага пінскага шляхецкага роду. Скончыўшы ў 1853 годзе на выдатна Мінскую гімназію, Ельскі паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Але праз тры гады перавёўся ў Кіеўскі ўніверсітэт на матэматычна-прыродазнаўчы факультэт. 

Прафесар-заолаг Карл Кеслер адразу вылучае сярод іншых сваіх студэнтаў здольнага юнака і становіцца яго навуковым кіраўніком. У 1858 годзе яны разам выязджаюць у навуковую экспедыцыю ў Крым і да вусця Дняпра, Паўднёвага Буга і Днястра. Мэта іх доследаў — членістаногія і малюскі. Першая ж значная навуковая праца маладога Ельскага выклікала да яго цікавасць з боку навукоўцаў Кіева. Пасля абароны яе, яшчэ ў сценах універсітэта Канстанцін атрымаў званне кандыдата біялогіі.

У 1860 годзе Ельскі скончыў навучанне ва ўніверсітэце. Ён вырашыў застацца ў Кіеве. Паступіў на выкладчыцкія курсы і адначасова ўладкаваўся пазаштатным настаўнікам у гімназію. Але выкладанне батанікі і заалогіі дзецям для маладога чалавека не з’яўляецца дасягненнем жыццёвай мэты. Ён працягвае свае доследы, рыхтуючыся да магістарскіх выпрабаванняў. Навуковая праца, якую ён піша, прысвечана анатоміі малюска Litoglyphis naticoides. На абароне гэтай працы ў кастрычніку 1862 года Канстанцін Ельскі выступіў у якасці аднаго з першых у тагачаснай Расіі прыхільнікаў эвалюцыйнай тэорыі Чарльза Дарвіна. Абарона прайшла паспяхова. Ельскі атрымаў званне магістра.
Гэта дало магчымасць Канстанціну прэтэндаваць на вакансію, якая неўзабаве адкрылася ў Кіеўскім універсітэце. Праца, прад’яўленая камісіі, была ўзнагароджана залатым медалём. Конкурс выйграны. І Ельскі залічаны ў штат выкладчыкам і кіраўніком універсітэцкага кабінета заалогіі.

Здаецца, усё складваецца выдатна. Аднак іншы раз абставіны, якія ад нас не залежаць, карэнным чынам уплываюць на наш лёс: у паўстанні Кастуся Каліноўскага прыняў удзел родны брат Ельскага, Уладзімір. Ён быў высланы ў Арэнбургскую губерню. Сустракаўся з людзьмі, якія рыхтавалі паўстанне, і сам Канстанцін. Гэта магло быць выкрыта ў любы дзень. І тады з навуковай кар’ерай трэбы было б развітацца назаўжды. Дваццацісямігадовы вучоны рашаецца на адчайны крок. 

Ён пакідае ў Кіеве любімую жанчыну, гадавалага сына Яна і накіроўваецца ў Бесарабію. Афіцыйна — у чарговую экспедыцыю. Насамрэч, дзеля таго, каб лягчэй выбрацца за мяжу. Без пашпарта Канстанцін пераходзіць румынскую мяжу. Адтуль — праз Дунай у Турцыю.

Апынуўшыся зусім без грошай у Канстанцінопалі, Ельскі, на здзіўленне, даволі хутка знайшоў, як можна зарабіць сабе на харчаванне. Спачатку ён уладкаваўся расфарбоўшчыкам геаграфічных карт для школьнікаў, пасля — у геаграфічныя экспедыцыі. Даследаваў карысныя выкапні ў акрузе Тузла ля Дарданэлаў.

Апантаны навуковец спадабаўся турэцкім калегам. Яны дапамаглі яму ў 1865 годзе перабрацца ў Парыж, дзе Канстанціну адразу пашанцавала ўладкавацца ў Прыродазнаўчы інстытут. Ацаніўшы выдатныя веды новага супрацоўніка, прафесар Дэйроль — непасрэдны кіраўнік Канстанціна — у той жа год прапанаваў яму паехаць у Гвіяну, паўднёваамерыканскую калонію Францыі, у якасці пастаўшчыка чучал птушак і скур жывёл. Але дабірацца да Гвіяны трэба за ўласны кошт. Ельскі такіх сродкаў не мае. Што ж рабіць? Дапамог выпадак. Стала вядома, што якраз у гэты час з Тулузы ў Гвіяну накіроўваецца ваенна-транспартны фрэгат “Амазонка” з катаржнікамі на борце. Канстанцін звярнуўся ў ваенна-марское міністэрства з прашэннем выдаць яму бясплатны білет пасажыра самага нізкага класа на гэты карабель. У міністэрстве здзівіліся незвычайнай просьбе і задаволілі яе.

І вось Ельскі на палубе “Амазонкі”. У яго нават няма ўласнай каюты — даводзіцца спаць у гамаку, падвешаным да мачты. У кішэні яго толькі 150 франкаў, сабраных яму на дарогу парыжскімі сябрамі. Але падарожнік упэўнены, што не згубіцца і на гэты раз.

У жніўні 1865 года карабель дасягае ўзбярэжжа Амерыкі. Цэнтр Французскай Гвіяны — горад Кайены — уразіў Ельскага экзатычнасцю. Негры, індзейцы, мулаты, крэолы. І ўсё гэтае яркае зборышча жэстыкулюе, спявае, танчыць, цягне рукі ў спадзяванні атрымаць манетку. “Каляровыя” насельнікі Гвіяны — бедныя людзі, якія знаходзіліся на ўзроўні жабрацтва. Яны працуюць амаль задарма на белых каланізатараў. Ельскі, які ў дзень свайго прыезду не мог дазволіць сабе нават купіць гронку бананаў, безумоўна, сімпатызаваў больш Гвіянскім беднякам, чым іх прыгнятальнікам. І працу сабе ў Гвіяне ён абраў такую, каб хаця б чым-небудзь дапамагчы простым людзям.

Канстанцін Ельскі ўладкоўваецца ў бальнічную аптэку. Памочнікам фармацэўта. А ўвесь вольны час ён аддае вывучэнню навакольнай прыроды, прападае ў джунглях, збірае калекцыі насякомых, птушак, раслін, вывучае іх.

Неўзабаве даследчыка, ужо ў якасці ўрача, накіравалі абслугоўваць лазарэты на астравах Выратавання, якія з’яўляліся найбольш жахлівым месцам зняволення. Большасць вязняў, што ўтрымліваліся тут, былі асуджаны за палітычную дзейнасць. Сярод іх знаходзіліся і арабы, сасланыя за барацьбу супраць каланізатараў, і афрыканцы, і немцы з Эльзаса, і карсіканцы, і французы... Спачувальнае стаўленне да зняволеных, большасць з якіх мусіла правесці тут усё жыццё, выклікала ў адказ павагу і шчырасць. Даведаўшыся, што Ельскі цікавіцца флорай і фаўнай астравоў, высланыя сюды людзі пачалі дапамагаць яму ў яго доследах, перадаючы цікавыя экзэмпляры раслін і насякомых. Толькі адных мурашоў у Ельскага сабралася 90 відаў. У дадатак да гэтага Канстанцін сабраў даволі добрыя калекцыі ракаў, водарасцяў, каралаў, якія па яго просьбе здабывалі яму са дна акіяна сасланыя арабы.

Цэлы год правёў на астравах Ельскі. А па вяртанні ў Гвіяну яго чакаў прыемны сюрпрыз. Канстанціна запрасілі выкладаць батаніку і земляробства ў Кайенскае вучылішча. Аднак сумяшчаць абавязкі выкладчыка і даследчыка было складана. І Ельскі зноў звярнуўся да ўрачэбнай дзейнасці.

У кастрычніку 1867 года Канстанцін добраахвотна накіраваўся на Срэбраную гару працаваць урачом у лепразорый, пакуль туды не прыедзе спецыяліст на пастаянную работу. Людзі дзівіліся гэтаму ўчынку. Праказы баяліся нават мясцовыя дактары. Аднак Ельскі ніколі не забываў, што ён — урач. Узнагародай за гуманізм і самаадданасць сталі новыя заалагічныя экспанаты.

Пасля была праца ў аптэцы ў пасяленні для былых катаржан Сэн-Ларан на рацэ Мароні. Тут ён вывучаў мясцовыя архідэі. І знайшоў дзейсны спосаб прыжывіць іх у еўрапейскіх аранжарэях.

Тады ж Канстанцін пабываў на кававых плантацыях. “Кававае дрэва, — пісаў ён, — заўсёды цудоўнае, ці пакрытае яно белымі злёгку пахучымі кветкамі, ці цёмна-чырвонымі ягадамі. Я ніколі не бачыў на дрэве насякомых альбо якую-небудзь хваробу”. Сёння ўжо навукай даказана ўнікальнасць кавы як расліны. Чалавек, які спажывае каву, становіцца больш устойлівы да хваробаў, у тым ліку і да анкалагічных. Але першым звярнуў увагу на незвычайныя ўласцівасці расліны наш зямляк.

У Гвіяне Ельскі прабыў звыш чатырох гадоў, а затым праз Балівію накіраваўся ў Перу, дзе планаваў павялічыць свае калекцыі. У гэтай краіне ён прабыў дзесяць гадоў.

У 1878 годзе саракагадовы даследчык вяртаецца ў Еўропу. Гады, праведзеныя ў Амерыцы, паспрыялі яго вядомасці і славе. Але шлюб яго не вытрымаў разлукі. Пасля нядоўгага знаходжання ў Варшаве, Ельскі перабіраецца ў Кракаў і ўладкоўваецца захавальнікам калекцый мясцовай Акадэміі навук. Адначасова выкладае заалогію на Вышэйшых жаночых курсах прыродазнаўства пры Прамысловым музеі.

У 1883 годзе ён жэніцца другі раз на стрыечнай сястры Алене Корсак, яна прафесійны музыка. Аднак няўрымслівы характар і прага да вандровак не пакідаюць яго і з узростам. Навуковец удзельнічае ў геалагічных экспедыцыях у французскую правінцыю Брэтань (1886) і Далмацыю (1890). Шэсць апошніх гадоў жыцця былі прысвечаны напружанай рабоце па апрацоўцы матэрыялаў падарожжаў і доследаў. Вялікі падарожнік, навуковец, урач і гуманіст Канстанцін Ельскі памёр 26 лістапада 1896 года. Смерць абарвала яго працу па стварэнні новага падручніка па заалогіі. Жыццё яго стала для многіх паслядоўнікаў прыкладам штодзённага самаадданага служэння навуцы.

Сабраны Ельскім матэрыял даў магчымасць іншым вучоным правесці вялікую працу па класіфікацыі і абагульненні. Удзячныя батанікі назвалі адзін з адкрытых ім відаў лаўра яго імем — Ocotea Jelscii.

Мікола БАГАДЗЯЖ.

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter