Няхай жа хоть будзе Янка Купала. З тае пары мiнула стагоддзе. Што памянялася ў жыццi беларуса?

Беларуса, пра якога па тым часе зусiм яшчэ малады Купала — кнiжнiк-самавук, паэт “ад зямлi, ад сахi” — вырве з душы свой крык:
Што я мужык, усе тут знаюць,
I, як ёсць гэты свет вялiк,
З мяне смяюцца, пагарджаюць, —
    Бо я мужык, дурны мужык.

...Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку i крык,
I свята рэдка калi знаю, —
Бо я мужык, дурны мужык.

...Але хоць колькi жыць тут буду.
Як будзе век тут мой вялiк,
Нiколi, браткi, не забуду,
      Што чалавек я, хоць мужык.
I кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькi адзiн крык:
Што хоць мной кожны пагарджае,
    Я буду жыць! — бо я мужык!

 На гэтае пытанне (што памянялася?) кожны можа адказаць у адпаведнасцi з уласным разуменнем рэчаiснасцi, хады гiсторыi, сапраўдных i ўяўных жыццёвых вартасцяў. Гэты адказ — не для блюзнерскага рапарту, а, калi хочаце, для споведзi ўласнай душы... Зразумела, калi душа не пагрузла ў цiне заскарузласцi, абыякавасцi, той самай “тутэйшасцi”, якая каростай налiпла на беларуса як не трыста год таму... Справа не ў тым, колькi новых дарог мы набудавалi, розных правiльных кнiжак надрукавалi, колькi балот асушылi i наколькi прасунулiся ў пытаннях камп’ютэрнага праграмавання. Пытанне ў iншым — цi сталi мы за сто апошнiх год... беларусамi?
Малады Купала таму i “высунуўся” ў дзевяцьсот пятым, што мроiў сябе новым адраджэнцам той беларускасцi, якая пачалася з Кiрылы Тураўскага, Францыска Скарыны i нават Адама Мiцкевiча, якi хоць i пiсаў па-польску, але ж уславiў i апеў родную Беларусь (пад традыцыйнай у той час гiстарычнай назвай Лiтва). Ён хацеў i быў працягам кагорты адраджэнцаў, якiя ўзнялi сцяг беларускасцi ў ХIХ стагоддзi, тых самых, на чале якiх стаялi Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч, Францiшак Багушэвiч, Кастусь Калiноўскi... Дык чаму ж тады (на пачатку новага стагоддзя) — “беларусы нiкога не маюць”? Справа ў тым, што паэт звяртаўся да сваiх суайчыннiкаў, пераважная большасць якiх за тры апошнiя стагоддзi жорсткай паланiзацыi i русiфiкацыi амаль цалкам страцiла сваю гiстарычную памяць, дэнацыяналiзавалася, прычым настолькi, што стала блытаць веру з нацыянальнасцю, называючы сябе то рускiмi (праваслаўныя), то палякамi (католiкi), а то проста тутэйшымi, не адносячы сябе нi да якой нацыi. З другога боку, усе беларускiя паэты ХIХ ст. не былi чыста беларускiмi, бо пiсалi i на iншых мовах — найперш польскай i рускай. I вось Янка Купала першы з беларускiх пiсьменнiкаў-адраджэнцаў “песнi пачаў пець той мовай убогай, якой пагарджаюць горка, нядбала”, першы пачаў карыстацца ў мастацкай творчасцi толькi беларускай мовай. I гэтае паэтычнае хрышчэнне адбылося ў 1905 годзе, калi ў мiнскай рускай газеце “Северо-Западный край” (да 1905 года царскi ўрад не дазваляў друкаваць нiякiя беларускiя выданнi) з’явiўся яго верш “Мужык”. Яшчэ праз год заявiў пра сябе другi волат беларускага слова Якуб Колас, яшчэ праз год — Максiм Багдановiч...
Самае цiкавае ў гэтай гiсторыi, што Янка Купала пачынаў сваю лiтаратурную працу... на польскай мове. Было нават некалькi польскамоўных вершаў апублiкавана ў польскiм часопiсе, здаецца, “Ziarno”... На наша шчасце, крытыка iх не заўважыла. А магло б стацца так, што Купала (як i Мiцкевiч) у вынiку стаў бы класiкам польскай лiтаратуры. На першы погляд — шчаслiвы выпадак... Толькi, як здаецца, мае поўную рацыю наш выдатны лiтаратуразнаўца Мiхась Тычына, справядлiва кажучы, што выпадак — “меч Боскага наканавання”. Бог не забыў пра Беларусь i беларусаў, паслаў iм вешчуна i прарока, носьбiта беларускай iдэi, паэта, творчасць якога застаецца актуальнай, але далёка не запатрабаванай большасцю тутэйшых людзей...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter