Няхай здаровіцца!

Дзве першыя аперацыі хірургічнага (на шчытападобнай залозе) і гінекалагічнага профіляў праведзены ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі. Як паведаміла карэспандэнту “Р” намеснік дырэктара названага цэнтра Наталля Кадачкіна, захворванні прааперыраваных жыхарак Калінкавіцкага раёна і горада Гомеля, спецыялісты звязваюць з уздзеяннем на арганізм чарнобыльскага фактару. Вядучымі хірургамі выступалі загадчык хірургічнага аддзялення цэнтра кандыдат медыцынскіх навук Віктар Багдановіч і загадчык гінекалагічнага – Ала Падгорная. Як адзначыла Наталля Кадачкіна, абедзве аперацыі прайшлі паспяхова. Уведзены ў эксплуатацыю ў лістападзе мінулага года Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр па сваёй тэхнічнай базе і створаных тут умовах не мае роўных у краінах СНД. Між тым аснашчэнне яго самай сучаснай медтэхнікай і абсталяваннем працягваецца: днямі чакаецца паступленне сюды апарата для правядзення наркозу, а ўжо ў наступным месяцы тут з’явіцца унікальны ультрагукавы скальпель.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter