Няхай заўжды будуць кветкі

На Гродзеншчыне выбралi лепшую гаспадыню сядзібы

Вынікі абласнога конкурсу «Гаспадыня сядзібы — гаспадыня краіны» падвялі на Гродзеншчыне

Клапатлівыя маці і бабулі, любячыя жонкі, паважаныя ў сваіх працоўных калектывах спецыялісты і хатнія гаспадыні, надзейныя сяброўкі і актыўныя ўдзельніцы грамадскага жыцця… Трынаццаць канкурсантак з усіх куткоў Прынёмання сабраліся разам, каб вызначыць, хто ж з’яўляецца самай руплівай і творчай гаспадыняй у вобласці.

Відавочна, прызавога месца была вартая кожная з іх. Хаця б толькі за тое, што акрамя паўсядзённых бытавых клопатаў, падтрымання парадку і згоды ў сям’і знаходзіць час і магчымасці на стварэнне казачных куточкаў навокал. Пра гэта пераканаўча сведчылі падрыхтаваныя прэзентацыі і водгукі тых, хто ўвачавідкі змог ацаніць фронт выкананых работ. Але, па шчырым прызнанні жанчын, не дзеля ўзнагарод, а для гармоніі душы і асалоды вачэй няўрымсліва займаюцца яны добра-ўпарадкаваннем зямлі.

Вынікі творчага спаборніцтва, якое прайшло на Гродзеншчыне ў другі раз, падводзі-ліся ў жывапісным гістарычным, адноўленым таксама рукамі энтузіястаў месцейку — аграсядзібе «Каралінскі фальварак Тызенгаўза». Арганізатарам мерапрыемства традыцыйна выступіла абласная арганізацыя Беларускага саюза жанчын, спонсарскую дапамогу аказалі абласныя арга-нізацыі РГА «Белая Русь», Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, абласное аддзяленне Фонду міру, гродзенскае прадпрыемства «Зялёнбуд».

— Мы самі ствараем імідж уласнаму дому, падворку, роднай вёсцы ці гораду і, адпаведна, сваёй краіне, — зазначыла старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын Марыя Бірукова. — Невыпадкова прыгажосць, чысціня і ўтульнасць з’яўляюцца брэндам нашай рэспублікі. Навядзенне парадку на зямлі становіцца патрэбай, як і жаданне жыць у камфортным асяроддзі. Сёння мы бачым вынікі таго, як пустэчу, развал працавітыя рукі могуць ператварыць у аб’ект эстэтыкi. Нашы гераіні адчуваюць патрэбу фарміраваць высокую культуру і духоўнасць у маладога пакалення. Вельмі прыемна, што ўсё больш жанчын далучаецца да грамадскага руху, уцягвае ў яго дзяцей і ўнукаў.

Летась удзел у конкурсе прымалі толькі гаспадыні аграсядзіб, жыхаркі гарадскіх пасёлкаў, вёсак і хутароў. У гэтым годзе да іх далучыліся і гродзенцы: гараджанкі прадставілі на суд журы не толькі двары прыватных дамоў, але і шматпавярховак.

«Калі ёсць рай на зямлі, то ён ва ўласным садзе», — сцвярджае Яніна Лазоўская з Зэльвенскага раёна і прызнаецца, што захапленне добра-ўпарадкаваннем сядзібы прыйшло пасля выхаду на пенсію. Антаніна Вавілава са Скідаля разам з мужам адкрылі школу верхавой язды, Ганна Лісоўская з Мастоўшчыны — першы кулінар у раёне. Алена Ярашэвіч займае пасаду адказнага сакратара ў астравецкай раённай газеце, таму мае магчымасць дзяліцца сваімі захапленнямі з чытацкай аўдыторыяй. Жанна Калпінская з Дзятлаўскага раёна занялася адраджэннем сядзібы «Каля дуба» ў роднай вёсцы, Яніна Трэйга з Бераставіцкага не чакае дапамогі ад сваіх мужчын: сама выдатна спраўляецца і з бензапілой, і з электралобзікам. Валянціна Лашакоўская са Смаргоншчыны, акрамя ўсяго іншага, матуля пяцярых дзяцей. Сям’я і натхняе маладую жанчыну на стварэнне сапраўднай казкі каля дома. Марыя Бачынская з Ваўкавыскага раёна ўражвае аднавяскоўцаў запалам і творчым падыходам да справы. Нямала добрых слоў гучала ў адрас яшчэ аднаго лаўрэата конкурсу — граднiчанкі Антаніны Іванаўны Гарбачык. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, разам з мужам Антонам Антонавічам, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, яны здолелі ператварыць дворык уласнага дома ў дзіўны квітнеючы аазіс.

Вызначыліся і пераможцы конкурсу. Сярод іх — творчы тандэм Сафіі Барысавай і Валянціны Аўтушэнка з Гродна: каля звычайнай шматпавярхоўкі ў спальным мікрараёне Гродна яны стварылі сапраўдныя «райскія шаты», а таксама Ірына Рудзевіч, гаспадыня аграсядзібы «Марчукова хата», з пасёлка Жалудок Шчучынскага раёна, якая заўзята адраджае традыцыі, гісторыю, культуру роднай зямлі, і Марыя Самалевіч, дырэктар сельскага Дома культуры ў Свіслацкім раёне, якая стварае прыгажосць у роднай вёсцы з дапамогай песень, танцаў, вершаў і трапнага народнага гумару.

І як бы банальна нi гучалі гэтыя словы, але прыгажосць сапраўды выратуе свет, упэўнены ўладальніцы кветнікаў і альпійскіх горак. А асабліва тая, што створана ўласнымі рукамі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter