Няхай усе будуць адно

У Беларусі многія стагоддзі вернікі розных хрысціянскіх канфесій жылі разам. Гэта стала адной з прычын выбару Мінска ў якасці пляцоўкі для правядзення IV Праваслаўна-каталіцкага форуму “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі для хрысціянскіх Цэркваў Еўропы”

Ксёндз Кірыл БАРДОНАЎ

У Беларусі многія стагоддзі вернікі розных хрысціянскіх канфесій жылі разам. Гэта стала адной з прычын выбару Мінска ў якасці пляцоўкі для правядзення IV Праваслаўна-каталіцкага форуму на тэму “Рэлігійны і культурны плюралізм: выклікі для хрысціянскіх Цэркваў Еўропы”, які пройдзе ў пачатку чэрвеня.

Гэты форум будзе чарговым праяўленнем экуменічных памкненняў каталіцкай і праваслаўнай супольнасцей у нашай краіне. Тэрмін “экуменізм” паходзіць ад грэчаскага слова “ойкумена” (экумена), якое напачатку абазначала ўвесь абшар населенай зямлі або тэрыторыі, прасякнутыя грэчаскай ці рымскай культурай. Айцы Касцёла (Царквы) паглыбілі хрысціянскі аспект гэтага слова, дзякуючы гэтаму пад экуменізмам сталі разумець усё, што датычыцца еднасці хрысціянаў.

Галоўнай прычынаю падзелаў паміж хрысціянамі і ўзнікнення розных канфесій з’яўляецца грэх. У адным і адзіным Хрыстовым Касцёле (Царкве) ад самага пачатку пачалі праяўляцца пэўныя падзелы, якія з цягам часу павялічыліся да вялікіх непаразуменняў. Хрысціяне пакліканы такі падзел пераадольваць. Пра гэта сведчыць малітва Хрыста ў Аліўным садзе напярэдадні ўкрыжавання: “Ойча святы, не толькі за іх [Апосталаў] прашу, але і за тых, хто паверыць у Мяне паводле слова іхняга, каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас, каб паверыў свет, што Ты паслаў Мяне”.

Мэтай экуменiчнага дыялога з’яўляецца адбудаванне адзiнства памiж хрысцiянамi. Каталіцкі Касцёл асаблiвым чынам захоўвае цесную сувязь з Праваслаўнымi Цэрквамi. Выражэннем гэтага з’яўляецца ўзаемнае прызнанне сапраўднасці ўдзялення сямі сакрамэнтаў (таінстваў): хросту, канфірмацыі, эўхарыстыі, споведзі, намашчэння хворых, пасвячэнняў (святарства) і сужэнства.

Спрыяць адзінству хрысціянаў можа кожны вернік, а не толькі іерархі, як гэта магло б выдавацца. Экуменізм мае розныя аспекты. Найперш гэта духоўны аспект. Калі чалавек адкідае сваё старое, грахоўнае жыццё, а выбар дабра пры гэтым пачынае пераважаць — вось пачатак дарогі да ліквідацыі падзелаў. Пры гэтым мы запрошаны памятаць пра тое, што пераадольванне падзелаў немагчыма без Божай дапамогі. Падкрэсліваюць гэта словы пантыфіка, цяпер ужо ганаровага, Бенедыкта XVI: “У поўнай меры мы самі адказныя за тое, каб рабіць усё, што толькі магчыма, для сапраўднага дасягнення адзінства, але існуе яшчэ і іншае вымярэнне — дзеянне Бога, бо толькі Бог можа даць адзінства Касцёлу (Царкве). Адзінства, збудаванае ўласнымі сіламі, было б адзінствам людскім, а мы прагнем Божага Касцёла, справы і тварэння Бога, які, калі захоча, і мы будзем гатовыя — створыць адзінства”. Такая пастава даверу да Бога праяўляецца ў малітве аб адзінстве хрысціянаў. Маліцца можна індывідуальна і супольна.

Яшчэ адзін аспект экуменізму можа праяўляцца ў пазнанні веравучэння сваёй і іншай канфесіі. Важным з’яўляецца ўзаемнае прызнанне духоўных дароў хрысціянскіх супольнасцей і ўзаемнае супрацоўніцтва ў розных сферах.

На практыцы ў Беларусі экуменічны рух праяўляецца ў прыгожых традыцыях супольнага святкавання ўрачыстасцей, даты якіх часта не супадаюць. Гэтаму святкаванню часта папярэднічае перыяд духоўнай падрыхтоўкі ў форме посту. У сучаснасці на праваслаўных братоў і сясцёр прадпісанні адносна гэтай практыкі ўстрымання накладаюць большыя абмежаванні, чым у Рымска-каталіцкім Касцёле. Католікам лацінскага абраду варта ўлічваць гэта і падтрымліваць іх устрыманне малітвамі, а часам і дабравольным абмежаваннем у колькасці або ў некаторых відах ежы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter