Няхай сакура цвіце

У Мінску з’явілася алея сакуры. 120 саджанцаў, перададзеныя ў дар японскай кампаніяй JT, пасаджаны ў парку Дружбы народаў як сімвал дружалюбных адносінаў паміж Беларуссю і Японіяй
“Ханамі”, або працэс любавання сакурай, — адна з любімых традыцый японцаў. У залежнасці ад надвор’я цвіценне гэтага дрэва можа працягвацца ад некалькіх дзён да некалькіх тыдняў. “І нават самы лёгкі парыў ветру здольны прывесці да таго, што кветкі сакуры разляцяцца пялёсткамі і пакрыюць зямлю белым дываном, нагадваючы аб прыгажосці і хуткацечнасці быцця”, — расказала падчас цырымоніі закладкі алеі прадстаўніца грамадскага аб’яднання ўсходняй культуры і традыцый “Хагакурэ” Ірына Лампэ. Магчыма, гэтая традыцыя прыжывецца і ў нашай краіне. Тым больш што месца для закладкі алеі выбрана сімвалічнае – непадалёк ад памятнага знака “Ахвярам Чарнобыля” і “Каменя міру Хірасімы”, якія знаходзяцца каля капліцы-помніка ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”.



— Гэтая акцыя — яшчэ і пацвярджэнне нашых агульных радыяцыйных праблем, прыхільнасці адкрытасці перад міжнароднай супольнасцю ў дадзенай сферы і гатоўнасці аказаць усебаковае садзеянне краінам, якія сутыкнуліся з падобнымі пагрозамі, — адзначыў намеснік Міністра па надзвычайных сітуацыях Генадзь Ласута. Часовы павераны ў справах Японіі ў Беларусі спадар Такаа Асамура таксама выказаў надзею, што сумны досвед умацуе імкненне нашых краін зрабіць свет лепшым і больш бяспечным для будучых пакаленняў.

Японія адной з першых прыйшла нам на дапамогу пасля чарнобыльскай катастрофы. І цяпер, расказаў намеснік начальніка Дэпартамента па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС Мікалай Цыбулька, штогод каля 100 тысяч долараў у выглядзе тэхнічнай дапамогі накіроўваецца ў пацярпелыя раёны. Беларусь пасля аварыі на “Фукусіме-1” таксама не засталася ўбаку. З 2011 года нашу краіну наведалі больш за 500 японскіх спецыялістаў, якія вывучалі назапашаны досвед у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, дэзактывацыі тэрыторыі, радыяцыйнай абароне насельніцтва.

Надзея Дзяменцьева
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter