У хрысціянскай традыцыі вобраз еднасці сабраных за сталом стаў алегорыяй Божага Валадарства

Нябесны пачастунак

Чалавек павінен харчавацца, каб жыць. З такой патрэбай ён сутыкаецца штодзённа. Таму ў розных народаў спажыванне ежы мае важнае значэнне.

Чалавек павінен харчавацца, каб жыць. З такой патрэбай ён сутыкаецца штодзённа. Таму ў розных народаў спажыванне ежы мае важнае значэнне. Мы запрашаем блізкіх на святы, сядаем за стол, вядзем размову. У такім святкаванні галоўным з’яўляецца не прыняцце ежы, а еднасць з іншай асобай. Нездарма слова “бяседа” ў беларускай мове азначае гутарку, спалучаную са спажываннем ежы.

У хрысціянскай традыцыі вобраз еднасці сабраных за сталом стаў алегорыяй Божага Валадарства. “Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго і паслаў слуг сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці”, — такімі словамі ў Евангеллі паводле Мацвея пачынаецца прыпавесць пра вясельнае святкаванне. Каралём у гэтай прыпавесці з’яўлецца Бог, які запрашае кожнага, нягледзячы на немаральнасць яго жыцця. У гэтым праяўляюцца Божыя велікадушнасць і дабрыня.

Мы прагнем стаць грамадзянамi і гэтага Валадарства, грамадзянамі неба, раю, як яшчэ часам гаворыцца. Бог нас запрашае, і кожны ў гэта верыць або хаця б проста глыбока ў сэрцы адчувае. Першымі, хто атрымаў Божае запрашэнне, былі яўрэі, прадстаўнікі выбранага народа Старога Запавету. Калі многія з іх адмовіліся, запрашэнне было скіравана да тагачасных язычнікаў — да ўсіх іншых людзей.

Бог нікога не прымушае прыйсці на вяселле, пакідаючы чалавеку свабоду выбару, і не ўсе адказваюць на яго запрашэнне. Тыя ж, хто адказваюць, не заўсёды адпаведным чынам падрыхтаваныя. Яны апранутыя не ў вясельную, а ў старую вопратку. Мы адчуваем Божае запрашэнне, але нам не хапае адвагі, не хапае сіл адпаведна падрыхтавацца. Недастаткова адчуваць пакліканне да раю, трэба станавіцца годным гэтага паклікання. Той, хто засяроджваецца на рэчах малаістотных, можа прамінуць штосьці вельмі важнае. Так адбылося з адным манахам, які жыў у самоце і ўсё рабіў, каб аказацца гатовым у свой час стаць перад Богам. Людзі, якія жылі ў навакольных вёсках, вырашылі паклапаціцца пра яго. Каб манах не сумаваў, яны падарылі яму ката. Потым гэты чалавек сам ужо захацеў мець карову, якая давала б свежае малако для яго і для ката. Затым яму спатрэбіліся хлеў для жывёлы і поле, дзе яна магла б пасвіцца. Паступова ён стаў служыць мноству рэчаў, якія былі ім сабраны.

Калі ў нас забраць нашую маёмасць, нашыя кантакты, пазбавіць дыпломаў аб адукацыі, то што ад нас застанецца? Нельга ўвайсці ў Божае Валадарства, нічога не робячы. Недастаткова прыняць толькі запрашэнне, застаючыся ў “старой вопратцы”, гэта значыць, не змяняючы старога стылю мыслення і жыцця, якi абапiраецца на звычкi.


Ксёндз Кірыл Бардонаў

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter