Нябесная музыка. Духоўна-асветніцкае свята збярэ званароў з усёй Міншчыны.

Маладзечна напоўніцца чароўнымі гукамі з самай раніцы — пачнецца свята “Калядныя званы” са спеву ўсіх гарадскіх званіц.

Сваё майстэрства прадэманструюць званары Мінскага епархіяльнага ўпраўлення і Брацтва праваслаўных званароў імя св. Паўліна Міласцівага, затым адбудзецца лекцыя з майстар-класам аб мастацтве перазвону. Кульмінацыяй свята стане канцэрт, у якім прымуць удзел навучэнцы Маладзечанскага музычнага вучылішча, народныя кампазітары і паэты Мінскай вобласці. У Палацы культуры Маладзечна будуць экспанавацца конкурсныя працы — гэта лепшыя вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, мастацкія кампазіцыі, фатаграфіі, кулінарныя шэдэўры. Вынікі конкурсаў падвядуць па заканчэнні свята. Усе пераможцы атрымаюць прызы. У завяршэнне прагучыць прэм’ера песні-гімна “Званар”.
Кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў “Жывiца” Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Карнаухава адзначыла, што “Калядныя званы” — першы падобны праект у вобласці. Яго мэта — духоўна-маральная асвета, прапаганда праваслаўнай культуры і сямейных каштоўнасцей. Клуб “Жывіца” аб’ядноўвае народных кампазітараў, паэтаў і выканаўцаў. Ён дзейнічае ўжо больш за восем гадоў.
— Калі ўсё пройдзе ўдала, плануем зрабіць свята сталым, праводзіць “Калядныя званы” ў розных гарадах Мінскай вобласці, — зазначыла Ірына Карнаухава.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter