«Няўжо ўсё гэта зрабіла я?»

Галіна Крываблоцкая выткала сотні габеленаў і не плануе спыняцца

Галіна Крываблоцкая выткала сотні габеленаў і не збіраецца спыняцца

Творы майстра габелена Галіны КРЫВАБЛОЦКАЙ (на здымку) выстаўляліся ў Польшчы, Украіне, Расіі, знаходзяцца ў прыватных калекцыях ЗША, Турцыі, Германіі, іншых краін. Зусім нядаўна яна прадставіла карціны і беларусам. Выстава «У пошуках вясны» была прысвечана 60-гадоваму юбілею мастачкі. У сваёй невялікай утульнай майстэрні Галіна Крываблоцкая расказала аб выніках яшчэ аднаго этапу сваёй творчасці.

— Чаму «У пошуках вясны»?

— Гэта сімвалічная назва. Здаецца, яшчэ толькі зіма пачалася, аб чым гаворка? Але холад і цяпло змяняюць адзін аднаго не толькі ў прыродзе, але і ў душы. Вясна — час, калі ажывае прырода, а з ёй і духоўнасць чалавека. І хочацца растварыцца ў прыродзе і слухаць яе гукі, адчуваць сябе яе часткай. У адрозненне ад зімы, якая бліжэй да графікі, вясна напоўнена колерамі і эмоцыямі. Я доўга выношваю творы, перажываю іх. І калі яны гарманічныя і цэласныя ў маіх думках, перанашу іх у рэальнасць.

— Ці ёсць розніца паміж выставамі за мяжой і тут, на радзіме?

— Яны ўсе важныя. Дарэчы, нашы творы вельмі запатрабаваныя за мяжой. Напрыклад, выстава «Руч¬нік», якую экспанавалі ў Польшчы, зараз перавезена ў Германію. Нашы творы, дзе захаваліся душэўныя візуальныя вобразы, выклікаюць інтарэс.

— Наколькі зараз у Беларусі запатрабавана дэкаратыўна-прыкладное мастацтва?

— Яно запатрабавана ў гледача. А з пункту гледжання прадпрымальніцтва, такое мастацтва — не для кожнага. Але ёсць людзі, якія цікавяцца, купляюць і заказваюць яго. Часцей гэта тыя, хто разумее мастацтва і цэніць яго. Унікальнасць габелена іх захапляе, як музыка, якая льецца з дапамогай нітак.

— Апошнім часам узрастае цікавасць да народнай творчасці. Якую ролю яна іграе ў вашай працы?

— Народная культура — гэта код зямлі. І мы, мастакі, як дрэвы, каранямі трымаемся за яго, а потым кожны вырастае ўнікальным. Але карані падпітваюць. Спакон вякоў на Беларусі развівалася ткацтва. Яно было неад’емнай часткай жыцця. Таму можна сказаць, што ў пэўнай ступені народная культура прысутнічае і ў маіх творах. Некалькі гадоў таму мы з калегамі ездзілі ў экспедыцыі па Беларусі і вывучалі менавіта беларускія касцюмы. Гэта была ідэя Міхася Раманюка. Ён быў маім выкладчыкам, мы шмат працавалі ў экспедыцыях, сябравалі. У яго быў талент размаўляць з людзьмі, яны расказвалі цікавыя гісторыі, паказвалі народнае адзенне, тканыя ручнікі, абрусы. Мы пабывалі ў розных вёсках, дзе даведаліся шмат цікавага пра народную творчасць. Дакрануліся да беларускай культуры. Потым гэта спатрэбілася ў супрацоўніцтве з «Песнярамі», «Харошкамі», у іншай працы.

— У мастацкіх колах ужо ходзяць гаворкі пра маладых мастакоў, якія адносяцца да школы Крываблоцкай—Бартлавай. Ці шмат талентаў вам давялося адкрыць?

— Каля дваццаці гадоў я выкладала ў каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. З дзецьмі вельмі цікава працаваць. Яны як губкі ўпітваюць інфармацыю. І адносіны ў нас былі вельмі блізкія і цёплыя. Вучыла іх адчуваць лініі і колеры, разумець пачуцці і абстрактныя паняцці. Мы малявалі вецер, цішыню, трывогу. Каб паказаць гэта на паперы, трэба паразважаць і выйсці за звыклыя рамкі. І дзецям гэта ўдавалася — яны рабілі такія шэдэўры! Цяпер не выкладаю, займаюся выключна творчасцю. Але ў мяне ёсць напрацоўкі, якія пры жаданні можна было б выкарыстоўваць для лекцый студэнтам.

— Некаторыя работы на выставе вы дэманстравалі ў апошні раз. З чым гэта звязана?

— Выстава — гэта вынік зробленага раней і пачатак для далейшага шляху. Ёсць шмат новых ідэй, і імі я буду займацца. Новы этап будзе больш лаканічным, канцэптуальным. Буду спрабаваць новыя тэхнікі і стылі.

— Вы кажаце, што юбілейная выстава — гэта свайго роду падвядзенне вынікаў. Якія вынікі вы зрабілі на гэтым этапе?

— Калі я пачала рыхтаваць друкаваную прадукцыю, паглядзела на аб’ём работ і спытала сябе: «Няўжо ўсё гэта зрабіла я?» Зроблена, насамрэч, шмат, гэта і касцюмы, і манументальныя габелены, і рознага кшталту творы. Можна сказаць, што пэўнай мэты ў сваёй творчасці я дасягнула. Але, канешне, яшчэ шмат ідэй, і будуць новыя працы і новыя выставы.

Фота: Ніна ФАІНІ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter