У Глыбокім рэалізуецца некалькі маштабных праектаў Сусветнага банка, Еўрасаюза і Праграмы развіцця ААН
КАЛІ паглядзець на Глыбокае сёння з вышыні птушынага палёту, нельга не ўбачыць, што амаль увесь райцэнтр у траншэях, у якія камунальшчыкі ўкладваюць даволі ёмкія трубы. Асобныя ўчасткі вуліц перакрыты, што стварае часовыя нязручнасці для ўладальнікаў легкавушак. Аднак людзі не абураюцца — больш за тое, ставяцца да гэтых маштабных работ прыхільна.
Тут доўга тлумачыць не трэба: Глыбокае — ці не адзіны райцэнтр у краіне, які не мае цэнтральнай каналізацыі. Так, кавалачкамі. У выніку брудныя сцёкі трапляюць у суседнія вадаёмы Кагальнае, Вялікае і іншыя. Некалькі разоў, яшчэ ў савецкі час і пасля яго, з дапамогай прамысловых прадпрыемстваў была спроба вырашыць праблему, але так і не здолелі. І вось цяпер, нарэшце, справа скранулася з месца.
НАМЕСНІК старшыні райвыканкама Алег Жынь дастае з шафы вялікі папяровы скрутак, разгортвае яго: зялёнымі і сінімі лініямі пазначана сетка каналізацыі. Яна ўсяго каля 20 кіламетраў. Акрамя таго, помпавая станцыя, ачышчальныя збудаванні з поўнай біялагічнай ачысткай магутнасцю 2,5 тысячы кубаметраў у суткі.
Работы ідуць інтэнсіўна. Даводзіцца месцамі ламаць асфальт, але ў першую чаргу вышукваюцца свабодныя калідоры, а заказчык праекта прыслухоўваецца да думкі жыхароў.
Фінансуе работы па Рэспубліканскай праграме “Чыстая вада”, у якую трапіла Глыбокае, Сусветны банк. На каналізацыю райцэнтра выдзелена ажно 8 мільёнаў долараў. Распрацавала праект дацкая фірма. На правядзенне работ прэтэндавалі прадстаўнікі шасці краін, у тым ліку немцы, кітайцы, але выйгралі тэндар віцябчане: кансорцыум ТАА “Прамбудцэнтр” і ТАА ”Плісабуд”, якія ўжо зарэкамендавалі сябе на падобных аб’ектах. Да выканання работ прыцягнуты і мясцовыя арганізацыі: ПМК-48 і ПМК меліярацыі.
Чаму менавіта Глыбокае ўвайшло ў вызначаную праграму? Алег Жынь называе такі аспект: гарадскія азёры шэрагам рэчак злучаюцца з Заходняй Дзвіной, якая ўпадае ў Балтыйскае мора. З гэтым можна пагадзіцца, але часткова. Праект існаваў з 2002 года, тым не менш не мог здзейсніцца. І толькі год пяць таму пачаліся рэальныя зрухі. І тут ніяк нельга скідваць з рахункаў плённую дзейнасць па навядзенні парадку мясцовай улады: у прыватнасці, старшыні райвыканкама Алега Морхата і старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіны Унуковіч. Райцэнтр апошнім часам значна змяніў сваё аблічча. Нямала садзейнічалі справе і такія традыцыйныя міжнародныя святы ў Глыбокім, як “Вішнёвы фестываль”, “Магніфікат”, “Кладзезь”, на якіх пабывалі шматлікія дэлегацыі з Расіі, Польшчы, Германіі, Францыі, Ізраіля, Грузіі, Арменіі і іншых краін. Асабістыя знаёмствы, сяброўства заўсёды шмат што значылі.
На адным з апошніх праектаў, які таксама паспяхова рэалізуецца, хочацца спыніцца асобна. Глыбоцкі раённы Савет дэпутатаў падаў заяўку на ўдзел у першым конкурсе мясцовых ініцыятыў “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які праводзіўся пад эгідай Еўрасаюза і Праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Мясцовая ініцыятыва глыбачан была названа ў ліку пераможцаў, а глыбачане ўвайшлі ў 30 пілотных раёнаў, дзе пры падтрымцы Еўрасаюза і праграм ААН будзе апрабаваны інавацыйны падыход малых гарадоў і сельскіх тэрыторый да цеснага супрацоўніцтва дзяржаўных органаў бізнесу і мясцовых жыхароў.
Бюджэт мясцовай ініцыятывы складае 21 тысячу долараў. Сума не такая вялікая, але гэта толькі пачатак, бо перамога дае права ўдзельнічаць у другім этапе конкурсу, дзе фінансаванне будзе куды большае. А самае каштоўнае: праект накіраваны на развіццё ініцыятывы мясцовага насельніцтва, патэнцыялу самакіравання, асабліва ў сельскай мясцовасці, дзе хапае праблем. І цяпер не толькі ўлада, але і самі жыхары будуць уносіць прапановы па адкрыцці рабочых месцаў, стварэнні зон адпачынку, рамонце дарог і іншае, імкнуцца вырашаць пытанні любой складанасці.
Першы ж грант пойдзе на распрацоўку стратэгіі і плана дзеяння тэрытарыяльна арыентаванага развіцця раёна ў цэлым. Для гэтага створаны рабочыя групы ў эканамічнай, сацыяльнай, экалагічнай і іншых сферах, з удзелам у іх менавіта самых ініцыятыўных прадстаўнікоў насельніцтва.
Завяршыць першы азначаны праект глыбачане павінны ўжо ў жніўні гэтага года. На павестцы дня — заяўка на другі па той жа тэматыцы.
НЯДАЎНА стала вядома, што Беларусь уключана ў Праграму трансгранічнага супрацоўніцтва разам з Латвіяй і Літвой да 2020 года. А гэта значыць, што і надалей будуць ажыццяўляцца праекты еўрарэгіёна “Азёрны край”, у якім задзейнічаны 10 раёнаў Віцебскай вобласці.
Кантора еўрарэгіёна беларускага боку знаходзіцца ў Глыбокім. Дырэктар установы Міхаіл Арэхаў паведаміў, што ў бліжэйшай перспектыве вырашэнне такіх значных праектаў, як устаноўка новых прыбораў па ўліку вады, аднаўленне старажытных паркаў Патупы і Залессе, забеспячэнне спецыяльнымі сродкамі сувязі сельскіх саветаў. Папярэдняя лічба па фінансаванні ўсіх праектаў — да 30 мільёнаў долараў.
saulich@bk.ru
Фота аўтара