Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці супрацоўніцтва з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця

Інвестары прыходзяць з адчувальнай падтрымкай

 У свой час на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў у Беларусь ад банка паступіла амаль 1,65 мільярда еўра. Цяпер выпрацоўваецца новая стратэгія ўзаемаадносінаў з ЕБРР на 2016-2018 гады. Пажаданні па яе канцэпцыі былі выказаныя на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам ЕБРР Сума Чакрабарці. 


“Я вас вельмі прасіў бы пасля вывучэння сітуацыі ў нашай краіне, каб банк зняў усялякія абмежаванні па супрацоўніцтве з Беларуссю, асабліва што датычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што Урад будзе гарантаваць надзейнасць гэтага супрацоўніцтва. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок гатовы як ініцыяваць варыянты, так і разглядаць прапановы ЕБРР па паглыбленні супрацоўніцтва не толькі з Беларуссю, але, магчыма, праз Беларусь з іншымі дзяржавамі. Прэзідэнт Беларусі прапанаваў Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця рэалізаваць шэраг новых праектаў у краіне. У прыватнасці, разгледзець магчымасць укладання сродкаў у праекты ў сферы ЖКГ. Пры гэтым было адзначана, што ў Беларусі заняліся сур’ёзным рэфармаваннем сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. 

Яшчэ адзін напрамак супрацоўніцтва — мадэрнізацыя транспартнай сістэмы. “Склалася патавая сітуацыя з транзітам з Усходу на Захад і наадварот у сувязі з падзеямі ва Украіне. Такім чынам, застаецца адзін бяспечны і надзейны напрамак — Беларусь. У сувязі з павялічаным патокам транспарту, мы баімся перагружанасці нашай інфраструктуры, таму аператыўна і масіравана вядзём мадэрнізацыю транспартнай сістэмы, як аўтамабільнай, так і чыгуначнай”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларускі бок прасіў падтрымкі ў гэтым плане Сусветнага банка (і ён не адмаўляе), а таксама просіць аказаць дапамогу ў вырашэнні гэтага пытання і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця: “Мы на працягу двух гадоў змаглі б вырашыць гэтую праблему. Таму што можа надысці час, калі мы проста не зможам такую масу транспарту прапусціць праз Беларусь”.

Аляксандр Лукашэнка абазначыў яшчэ адзін напрамак узаемадзеяння — аграбізнес: “Калі вы палічыце неабходным удзельнічаць у гэтых праектах, мы таксама будзем вам удзячныя”.
“Разумею, што асаблівых праблем у вас з нашым бокам няма. Калі гэта так, я вам гарантую, што і надалей будзе гэтак жа. Вы не будзеце мець праблем у супрацоўніцтве з Беларуссю. І калі мы з вамі дамаўляемся, будзем гарантаваць з боку дзяржавы гэтае супрацоўніцтва, будзем яго падтрымліваць, рабіць усё, каб гэтае супрацоўніцтва было мэтанакіраваным, сумленным, пазбаўленым усялякай карупцыі і бяспечным”, — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу прэзідэнт ЕБРР запэўніў, што на працягу апошніх трох гадоў было добрае ўзаемадзеянне з Беларуссю. У краіну было інвеставана больш за 700 мільёнаў еўра, нягледзячы на абмежаванні. “Я вельмі ганаруся тым, што мы змаглі прыцягнуць у Беларусь добрых замежных інвестараў”, — сказаў Сума Чакрабарці, дадаўшы, што ў першую чаргу гаворка ідзе аб кампаніі “Штадлер”. 

Прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця таксама выказаў словы ўдзячнасці кіраўніку беларускай дзяржавы і Беларусі за важную ролю пасрэдніка, якую краіна адыгрывае ў працэсе ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. “Гэта з’яўляецца самым важным пытаннем у рэгіёне. Яно аказвае вельмі сур’ёзны ўплыў як на эканоміку, так і палітыку”. Сума Чакрабарці дадаў, што банк вельмі цэніць ролю, якую адыгрывае беларускі бок.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь імкнецца адыграць сваю ролю ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне, аднак дзейнічае больш непублічна.

Васіль Хромаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter