Інвентарызацыя Мінкульта выявіць, дзе і якія паркі… “караул кричат»”?
14.06.2012 17:29:12
Ці не праўда, цікавая гісторыя? А мне падумалася, што нялішнім было б даведацца, а ў якім стане цяпер тыя аб’екты, што некалі наведваў прафесар Адамаў?
Ці захаваліся, наогул, аранжарэі, паркі з экзатычнай флорай, якія закладваліся на колішніх панскіх сядзібах? Ці ёсць турыстычныя перспектывы ў такіх унікальных прыродна-ландшафтных тэрыторый?
А пакуль вось што ўдалося высветліць: апошнім часам вучоныя НАН Беларусі сабралі досыць багатыя і красамоўныя матэрыялы аб многіх старадаўніх, унікальных парках, якія не страчаныя пакуль цалкам. Адначасова трэба заўважыць, было шмат паведамленняў напрыканцы мінулага года і ў пачатку 2012-га аб празмерным “імпэце” некаторых мясцовых улад па “добраўпарадкаванні” адметных лесапаркаў, па сутнасці — ландшафтных помнікаў. Бо многія з такіх “астраўкоў” закладваліся адукаванымі магнатамі, культурнымі памешчыкамі, яны імкнуліся пакінуць пасля сябе на зямлі сапраўдную прыгажосць. А таму звычайна наймалі, як бы цяпер сказалі, прафесійных ландшафтных дызайнераў, сапраўдных “профі” з Еўропы.
Падыходзіць цяпер да прывядзення ў парадак ландшафтнай спадчыны высяканне “лішніх насаджэнняў”? Сумніўны падыход! Як жа выратаваць паркі, не даць часу і не зусім адказным, дасведчаным людзям знішчыць закладзеныя ў тыя ж паркі ландшафтныя асаблівасці, а з цягам часу і ўключыць прыродныя “астраўкі” ў турыстычны абарот? Праблема, як зазначыла на нядаўняй справаздачы аб рабоце ў 2011 годзе Дабрачыннага фонду “Любчанскі замак” Аксана Сматрэнка, намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі, у тым, што шмат такіх “зялёных насаджэнняў” проста... нікому не належаць. А калі пэўныя аб’екты не знаходзяцца афіцыйна на балансе, скажам, мясцовых органаў улады, тым больш — калі паркам не нададзены статус каштоўных, аб’ектаў пад аховай… Ёсць пэўная рызыка страціць наогул той ці іншы адметны парк. Але куды больш аптымістычнае выйсце ёсць, лічыць Аксана Сматрэнка:
— Згодна з планам мерапрыемстваў, які распрацаваны ўжо ў Мінкульце, хутка ў краіне маем намер правесці сур’ёзную інвентарызацыю паркаў. Сюды ж падключаем матэрыялы, сабраныя навукоўцамі НАН Беларусі. Трэба па выніках інвентарызацыі выпрацаваць стандарт, рэгламент па ўтрыманні такіх паркаў. Відавочна тое, што падыходзіць да іх добраўпарадкавання як да стандартнага навядзення парадку ў звычайных “зялёных насаджэннях”, пакуль не вымагае…
Аксана Сматрэнка таксама зазначыла: цяпер у Беларусі сапраўды ёсць паркі, якія патрабуюць аператыўнай дапамогі.
Іна ГАРМЕЛЬ, “БН”
НА ЗДЫМКУ: Пастаўшчына. Парк пры былой сядзібе Бышэўскага — яму болей за сто гадоў…
Фота аўтара