Колькасць гасцiнiц у Мiнску будзе расцi – дзе набраць на ўсiх гасцей?

Нумары да запатрабавання

У шэрагу вядомых гатэляў Мінска папаўненне: прымаць гасцей пачаў Doubletree By Hilton, у якім 193 нумары. Трэба меркаваць, не апошні ў зоркавым аплуа. Як-ніяк, гасцінічная сетка горада да 2020 года павялічыцца да 58 аб`ектаў. Дарэчы, па даных на пачатак лістапада, у горадзе працавала 48 гатэляў і ўсяго пяць афіцыйных хостэлаў, у нумарах якіх адначасова могуць размясціцца больш за 10,2 тысячы чалавек. Шмат гэта ці не, пытанне неадназначнае.

У Мінску расце колькасць «зоркавых» гасцініц.
Фота Віталя ГІЛЯ

З аднаго боку, сярэдняя запаўняльнасць у студзені — верасні ледзь перавысіла 40 працэнтаў. Але да Новага года яна традыцыйна абяцае павялічыцца мінімум удвая. З другога боку, у бліжэйшай перспектыве і 13 тысяч чаканых месцаў можа аказацца мала, папярэджваюць эксперты.

Сёння на тысячу гараджан прыходзіцца 5,2 месца ў гасцініцах і хостэлах. У той жа час у Кіеве гэты паказчык роўны 6, у Маскве — 7,5. Калі інвестары не перадумаюць, то мы абыдзем украінцаў, прагназуе начальнік упраўлення бытавога і гасцінічнага абслугоўвання насельніцтва Мінгарвыканкама Юрый Натычка. Узнікае пытанне: як будзем прыцягваць гасцей у нумары? Бо сёння больш за палову пастаяльцаў — замежнікі, у асноўным расіяне. А яны сталі лічыць грошы. Таму ўсё часцей і выбіраюць Мінск у якасці месца адпачынку хоць на якія вялiкiя святы. Як вынік — дзесяцімесячная статыстыка плюсуе і сведчыць прыкладна пра 450 тысяч афіцыйных пастаяльцаў. Гэта на 18 працэнтаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла не толькі тэрытарыяльная блізкасць Мінска, але і цэнасная палітыка гасцініц. Літаральна ў пачатку года на пасяджэнні калегіі Мінспорту і турызму намеснік міністра Міхаіл Партной настойваў: гатэльерам, якія наракаюць на крызіс, час аптымізаваць выдаткі і зменшыць апетыты, зрабіўшы стаўку на колькасць пастаяльцаў. У вынiку за мінулы год у доларавым эквіваленце цана пражывання знізілася ў сярэднім на 20 працэнтаў да ўзроўню 2014 года — з 60,7 да 48,3 умоўнай адзінкі. За студзень — верасень 2016-га сярэдні цэннік склаўся на ўзроўні 41,5 долара. Засталося толькі прыцягнуць турыста.

На жаль, з гэтым у Мінску пакуль не ўсё гладка. Нягледзячы на тое што тут праходзіць шмат міжнародных сустрэч, форумаў, спаборніцтваў, а гасцініцы хутчэй за іншых праходзяць сертыфікацыю, каб гаварыць з дзелавымі кліентамі на адной мове, па паказчыку экспарту турпаслуг горад не ў лідарах. Здаецца, замежнікам трэба больш інфармацыі не толькі пра Мінск, але і краіну ў цэлым. Нездарма на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко адзначыў неабходнасць стварэння пазабюджэтнага фонду развіцця сферы гасціннасці — для прасоўвання яе не толькі за мяжой, але і на тэрыторыі краіны. 

Якія напрамкі адпачынку могуць прыцягнуць гасцей? Стаўку, на думку прадстаўнікоў гарадскіх улад, трэба рабіць на падзейны, медыцынскі і дзелавы турызм. Што тычыцца меднакiраванасці, гасцініцы маглі б завязаць сяброўства з медцэнтрамi і санаторыямі, а таксама з транспартнымі кампаніямі, каб пацыент плаціў за гатовы пакет паслуг. Пытанні ёсць і да дзелавога турызму. Нягледзячы на з`яўленне ў краіне гатэляў, гатовых прыняць буйныя канферэнцыі і сустрэчы, арганізаванасць у іх пакідае жадаць лепшага. Начальнік карпаратыўнага аддзела кампаніі «Топ-тур» Вольга Стасiловiч лічыць, што абмежаваныя мы і ў колькасці гасцей. Ідэальны варыянт — сотня з невялікім чалавек. Каб рассяліць і сабраць у адным месцы тыя ж 200 чалавек, прыходзіцца добра папацець. Напрыклад, зімой накарміць усіх адразу становіцца праблемай.

— На жаль, у нас няма мене-  джараў, з якімі можна працаваць. Я ў Беларусі ўжо два гады і да гэтага часу не магу набраць персаналу. Калі даручаю заняцца сувенірамі, даводзіцца расказваць, якія варыянты падыдуць, дзе ўзяць, якую ўпакоўку падабраць, як сфатаграфаваць, на які час адправіць кліенту на ўзгадненне, — успамінае Вольга і заклікае калегаў да актыўнага дыялогу з гасцініцамі: — Калі я прашу знізіць мне цану на два долары, яны, як правіла, згаджаюцца. Зараблю я на рэстаране, на сваім транспарце, на сувенірах. Трэба быць больш гнуткімі і напрацоўваць партнёрскую і кліенцкую базы.


Пазбегнуць рознагалоссяў наконт ідэі магло б з`яўленне ў Мінску кангрэс-бюро, якое б акумуліравала ў сабе ўсе варыянты размяшчэння, трансферту, харчавання, экскурсійных паслуг, культурнага адпачынку, сувенірнай прадукцыі. У Мінгарвыканкаме лічаць, што пытанне патрабуе дэталёвага вывучэння. Аднак MICЕ-прастаўнiкi засмучаныя павольным ходам развiцця падзей. І нагадваюць пра ўпушчаную выгаду. Так, абарот дзелавой галіны гасціннасці, па даных Сусветнага савета па турызме і падарожжам, у мінулым годзе склаў каля 1,2 трлн долараў. Выдаткі на аднаго дэлегата складаюць ад 500 долараў да 3 тысяч. Сярэдні па міжнародных мерках кангрэс колькасцю 700 дэлегатаў прыносіць эканоміцы горада каля 1 млн долараў.

Прыкладам эфектыўнасці кангрэс-бюро можа з`яўляцца Вена: з бюджэтам у 2,1 млн еўра бюро ўдалося прыцягнуць 70 форумаў, якія прынеслі даход у бюджэт горада 57,7 мільёна еўра. Уражальны эфект ужо даўно заўважылі ў краінах Ціхаакіянскага рэгіёна, Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі, у Сінгапуры. На тэрыторыі краін СНД асноўнымі напрамкамі для так званых MICЕ-паслуг сталі Тбілісі, Баку, Ерэван, Масква, Падмаскоўе, Санкт-Пецярбург, Сочы, Казань. Набіраюць абароты Калінінград, Крым, Далёкі Усход. Актыўнасць таксама праяўляюць Львоў, Рыга. У нас пакуль доля MICЕ-паслуг у агульным абароце гарадскога турызму не перавышае 10 працэнтаў, у той час як у некаторых гарадах паездкі прыносяць палову і больш турпатоку. Глядзіш, і запаветная лічба ў мільён турыстаў для Мінска стане рэальнай, а гасцініцы не будуць пуставаць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter