Ну і “ню”!

Саюз мастакоў абнародаваў голую праўду: апошнім часам мастакі ў сваіх майстэрнях фантазіравалі на інтымныя тэмы. Але чамусьці саромеліся дагэтуль паказаць увасобленыя на палотнах і ў скульптурах, скажам шчыра, цалкам нармальныя мроі. І вось нарэшце ў сталічным Палацы мастацтва адкрылася першая за дзесяць год эратычная выстава “Сад Венеры”.

— З даўніх часоў увасабленне аголенай натуры абумоўлівалася міфалагічнымі ці рэлігійнымі рамкамі, падобныя выявы то ўздымаліся да сакральных вышынь, то выціскаліся на маргіналіі мастацкага працэсу, — гаворыць мастацтвазнаўца Алеся Белявец.
Мастакі, што стварылі “Сад Венеры”, аб’ядналі свае творчыя высілкі з адной мэтай — паказаць, што цела не можа быць пошлым само па сабе. На карцінах, дарэчы, адлюстраваны не толькі і нават не столькі ідэальныя фігуры, а абсалютна звычайныя людзі, праўда, у розных сітуацыях: стандартных і не зусім. Напісанае пэндзлем і высечанае ў камені, выходзіць, і не фантазія, а дакументальны зрэз рэальнасці? Бадай што, так. Няма чаго хаваць: усе мы нарадзіліся голымі і кожны дзень апранаемся ды распранаемся. Але як гэта рабіць прыгожа? О, гэта цэлае мастацтва!
— Але, на жаль, — канстатуе спадарыня Белявец, — у беларускім мастацтве тэма “ню” не мае багатай традыцыі развіцця.
Мо таму беларускае “ню” ў Палацы мастацтва збольшага здатна зацікавіць хіба мастацтвазнаўцаў.
Сяргей Грыневіч, напрыклад, увасобіў на палатне Адама і Еву ў цалкам рэалістычным стылі: стаяць каля дрэва пазнання дабра і зла ды сумуюць. Мастак толькі заштрыхаваў квадрацікамі ў стылі камп’ютарнай графікі самыя цікавыя часткі целаў. Так бы мовіць, зарыгінальнічаў. Цяпер такое “ню” можна вешаць на самым відным месцы ў ГУМе: першыя людзі глядзяцца як бяскрыўдныя манекены.
Пра выключна акадэмічны змест экспазіцыі сведчыць і дырэктар Палаца мастацтва Аляксандр Зінкевіч:
— Выстава разлічана на гледача, які разважае, цікавіцца не вонкавым бокам твораў, а аналізуе іх глыбей. У карцінах, скульптурах, фатаграфіях прадстаўлены ўсе кірункі сучаснага беларускага мастацтва — ад рэалізму да абстракцыянізму.
“Сад Венеры” — назва невыпадковая. Сяргей Цімохаў, які займае пасаду намесніка старшыні Саюза мастакоў па выставачнай дзейнасці, аргументуе:
— Венера — багіня кахання і ўзор жаночай прыгажосці.
Ад празмернай колькасці статычных жывапісных і графічных работ ратуюць творы разьбяроў. Сяргей Бандарэнка прадставіў скульптуру Венеры: як і мае быць, зляпіў яе без рук, але пайшоў яшчэ далей — і пазбавіў красуню... галавы.
Творы з выставы набыць немагчыма, але Аляксандр Зінкевіч абнадзеіў, што, калі нехта захоча штосьці купіць, адміністрацыя Палаца мастацтва дапаможа арганізаваць сустрэчу з аўтарамі.
Са слоў спадара Зінкевіча, выставу адмыслова “адсунулі” ад школьнай пары. А для тых малалетак, якія паспрабуюць пранікнуць у “Сад”, на ўваходзе ў Палац мастацтва вывешана грознае папярэджанне:
Увага!!!
Дзецям да 16 гадоў
наведванне выставы “Сад Венеры”
катэгарычна забаронена!!!
Лепшай рэкламы не прыдумаеш! Усе ў “Сад”!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter