Як змянілася жыццё вяскоўцаў?

Іншы фармат вясковага жыцця

Як змянілася з тых часоў жыццё вяскоўцаў? Ці стала больш камфортным іх жыллё, больш змястоўным вольны час, вышэйшай зарплата?
Жыць у вёсцы з гарадскім камфортам. Мець уладкаваны побыт і дастойны заробак. — Гэта рэальна! Дзеля таго і прымалася Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі, на рэалізацыю якой з 2005 года патрачаны вялікія грошы. Толькі на Магілёўшчыне з’явілася 203 аграгарадкі — на адзін больш, чым было запланавана. Як змянілася з тых часоў жыццё вяскоўцаў? Ці стала больш камфортным іх жыллё, больш змястоўным вольны час, вышэйшай зарплата? У пошуках адказу наш карэспандэнт адправілася ў аграгарадок Леніна Горацкага раёна.


Ва ўяўленні многіх аграгарадкі — гэта чарада рознакаляровых домікаў з выгодамі, пабудаваных па прэзідэнцкай праграме. Плюс — каб адпавядаць статусу — газ, асфальт на вуліцах, стацыянарныя пошта, магазін, школа-сад, ФАП. Усё так. Але ў Леніна, акрамя гэтага стандартнага набору, ёсць і бібліятэка, музей, філіял Горацкай школы мастацтваў, педкаледж, турыстычны комплекс. Музей савецка-польскай баявой садружнасці з’явіўся тут у 1968-м. У гонар 25-х угодкаў бітвы пад Леніна Першай Польскай пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі сумесна з савецкімі дывізіямі супраць фашысцкіх захопнікаў. З тае пары раз у год сюды прыязджаюць дэлегацыі з Польшчы, Беларусі, Расіі.

Старшыня Ленінскага сельвыканкама Канстанцін Карпіцкі ўспамінае:

— У 70-я пабудавалі і шасціпавярховую гасцініцу з рэстаранам — для турыстаў. Большую частку года яна пуставала, пры Саюзе яе хацелі закансерваваць, абрэзаць ацяпленне. На шчасце, будынак захавалі. З тых часоў як вёска стала аграгарадком — у 2006-м, — тут селяць маладых спецыялістаў, якія прыбылі па размеркаванні. Гасцініца стала інтэрнатам.

Блок — два пакоі з выгодамі — займае сям’я Якубоўскіх. У Леніна Вікторыя прыехала з дыпломам Магілёўскага каледжа мастацтваў. У 21 год узначаліла мясцовы Дом культуры. І засталася назаўсёды. Прычын некалькі:

— Пасёлак адразу спадабаўся — прыгожы, утульны, добраўпарадкаваны. Зразумела: сумна не будзе. Работа творчая, калектыў добры, розныя мерапрыемствы арганізоўваем, на танцы да нас з усёй акругі едуць. Пры ДК працуе ансамбль народнай песні “Церніца”. Тройчы на тыдзень у вёсцы кіно круцяць. Жыллё адразу выдзелілі. Інтэрнат не калідорнага тыпу, лічы, двухпакаёвая кватэра. Асабістае шчасце тут знайшла, у нас з Дзмітрыем дачка падрастае. Ёй яшчэ двух гадоў не споўнілася — аддалі ў дзіцячы сад. Ён асобна ад школы, у крокавай даступнасці. І ФАП побач, свой доктар, фізіятэрапеўт, стаматолаг, аптэка. “Бытоўка” розныя паслугі аказвае: можна вопратку перашыць-паправіць, папрасіць зямлю ўзараць, парнік паставіць або плот пафарбаваць. Увогуле, жывём на прыродзе, але з камфортам.

Заробак у дырэктара ДК — каля трох з паловай мільёнаў “чыстымі”. Муж Вікторыі, якая завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Мінску, прыносіць каля пяці. Гавораць, хапае:

— За інтэрнат узімку плацім каля 350 тысяч у месяц, улетку менш. Ма­шыну купілі, будзем будаваць жыллё.

У аграгарадку з 513 сем’яў каля трохсот — “на колах”. Зрэшты, да Горак і без аўто дабрацца не праблема. Аўтобусы і маршруткі бегаюць кожную гадзіну. Выдатныя транспартныя зносіны, упэўнены мясцовыя, — яшчэ адна перавага аграгарадка. А са з’яўленнем у пасёлка гэтага статусу не толькі яго цэнтр, але і прылеглыя вуліцы заасфальтавалі.

У Галіны Гарстуковай таксама асабістае аўто ёсць. У Леніна яна перабралася некалькі гадоў назад з Віцебска. Сама сабе здзіўляецца:

— Як я столькі гадоў у душным горадзе пражыла? Цяпер у Віцебск ездзім толькі на “Славянскі базар”. Горад — гэта мітусня, цэйтнот. А тут цішыня ды спакой.

Прадавец па адукацыі, уладкавалася ў дзіцячы сад загадчыкам гаспадаркі. Муж — у мясцовую гаспадарку камбайнерам. Галіна шчыра кажа:

— Зарплата не бог ведае якая, у месяц каля 3 мільёнаў. Муж у гарачую пару больш за 6 атрымлівае. Але тут, на вёсцы, іншыя выгоды. Домік свой, агарод, гаспадарка: куры, гусі. Зноў жа школа, сад, каледж педагагічны побач. Старэйшая 16-гадовая дачка ў каледжы вучыцца, гаворыць: “Маці, адгэтуль нікуды не з’еду”.

Дырэктар педкаледжа Сяргей Пянчанскі з гонарам канстатуе:

— У штаце 70 чалавек, з якіх 38 — нашы выпускнікі. Наогул ад 85 да 95 працэнтаў іх замацоўваюцца ў сельскай мясцовасці. У тым ліку ў Леніна: у сярэдняй школе, школе мастацтваў, філіял якой тут з’явіўся пасля надання вёсцы статусу аграгарадка, у дзіцячым садку.

32-гадовая Людміла Каробкіна ў Леніна трапіла па размеркаванні — выхавальніцай у дзіцячы сад. Выйшла замуж, нарадзіла:

— Ад дабра дабра не шукаюць, а тут — добра. Для дзяцей усе ўмовы створаныя, у садзе з верасня санаторную групу адкрыюць, па суботах у ДК — дзіцячыя дыскатэкі. У школе мастацтваў маса гурткоў па інтарэсах: лепка, маляванне, музыка... Амаль усе школьнікі там займаюцца. Бібліятэка ў аграгарадку добрая, база адпачынку цудоўная, і самі туды ездзім адпа­чываць, і гасцей возім.

А вось і база адпачынку “Мярэя”, дзе муж Людмілы Леанід працуе ахоўнікам. Расказвае:

— Мой брат у Мінску жыве. Але мяне ў вялікі горад не цягне. Я 11 гадоў слесарам у мясцовай гаспадарцы адрабіў, жонка дагэтуль свінаводам на комплексе. Домік з выгодамі нам выдзелілі, наследнік падрастае. Ёсць работа, дах над галавою, поўны пакет сацпаслуг, што яшчэ трэба для шчасця?


База адпачынку “Мерэя”

Калі Леніна стала аграгарадком, тут па дзяржпраграме развіцця вёскі ўзвялі 74 катэджы. Ні адзін з іх не пуставаў. Сёння тут жывуць механізатары, жывёлагадоўцы, даяркі, ітээраўцы мясцовага племзавода “Леніна”. Усяго ў гаспадарцы 270 чалавек. Вострага недахопу кадраў, паводле слоў дырэктара Аляксандра Крупянько, няма:

— Моладзь, адрабіўшы па размеркаванні, замацавалася: два аграномы, два эканамісты, заатэхнік, прараб. Сярэдняя зарплата ў іх каля пяці мільёнаў. У механізатараў і даярак у раёне — 3.700. Але ў гарачую пару тыя ж механізатары, камбайнеры да 15 атрымліваюць. Плюс за кожную намалочаную тону збожжа бясплатна выдаём кілаграм збожжа на рукі.

Пасля таго як Леніна стаў аграгарадком, у гаспадарцы з’явіўся новы малочна-таварны комплекс на 840 галоў буйной рагатай жывёлы. Летась пабудавалі яшчэ адзін — на 536 галоў. Новыя комплексы аснашчаны сучасным абсталяваннем, станцыяй дакорму для жывёл. Да кожнай каровы тут індывідуальны падыход. У залежнасці ад таго, колькі дае малака, разумны апарат вырашае, колькі камбікорму дабавіць ёй у дзённае меню. Стаўку ў гаспадарцы, дзе ўсяго 5 ферм і свінакомплекс, робяць на малако. І паказчыкі растуць. Летась племзавод рэалізаваў 6 тысяч 607 тон малака, рост да папярэдняга года — амаль 8 працэнтаў.

А яшчэ мясцовыя работнікі рэгулярна становяцца пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх Дажынак. Што не толькі пахвальна, але і гарантуе істотную прыбаўку да зарплаты.


Увогуле, мясцовыя жыхары не скардзяцца. І, мяркуючы па колькасці моладзі, ёсць у Леніна будучыня. Дзі­цячы сад сёння наведваюць 40 дзетак. Летась у аграгарадку нарадзілася яшчэ 12 малых. Жыццё працягваецца...

Віктар Петручэня, намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама:

— Дзяржпраграма развіцця вёскі вызначыла не толькі асноўныя напрамкі інтэнсіфікацыі вытворчай сферы АПК, але і шляхі вырашэння жыллёвых і кадравых праблем. Жыллё ў аграгарадках цяпер не саступае па камфортнасці гарадскому, але пры гэтым улічваюцца асаблівасці вясковага ўкладу жыцця, сялянскі менталітэт. Толькі за апошнія 4 гады на Магілёўшчыне на вёсцы здадзены 42 жылыя дамы агульнай плошчай большай за 3,5 тысячы “квадратаў”. Што да працоўных месцаў, то па Дзяржпраграме развіцця вёскі на 2011-2015 гады ў вобласці створана іх больш за паўтары тысячы. На грамадскіх работах часова былі задзейнічаныя больш за 4.700 чалавек, 155 вяскоўцаў накіраваныя на прафадукацыю. У рамках “маладзёжнай практыкі” часовую работу атрымалі 800 навучэнцаў. І гэта не ўсё. На вёсцы адрамантаваныя 15 кіламетраў цепласетак, 11 кацельняў, 15 артсвідравін, мяняліся водаправодныя і каналізацыйныя сеткі, крыццё жылых будынкаў, падведзена і рэканструявана больш за 210 кіламетраў электрасетак і ліній электраперадачы, падведзены газ да аграгарадкоў і населеных пунктаў, абноўлена больш за 62 кіламетры аўтадарог мясцовага значэння. Адрамантаваныя 68 школ і дзіцячых садоў на вёсцы, больш як сотня магазінаў, увялі ў эксплуатацыю 4 аб’екты аховы здароўя. 23 сельскіх ДК у аграгарадках камп’ютарызавалі, і цяпер яны маюць доступ у інтэрнэт. Стварылі 7 аграсядзіб, салон-магазін па продажы вырабаў мясцовых умельцаў. Увогуле, стваралі і будзем ствараць усе выгоды для тых, хто хоча жыць і працаваць на вёсцы.

Вольга Кісляк
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter