Новыя галасы Беларусі

Імёны салістаў Прэзідэнцкага аркестра назавуць ля сцен Мірскага замкаБольш за паўтары тысячы чалавек прыйшлі на кастынгі конкурсу “Новыя галасы Беларусі”, якія былі арганізаваны телеканалам АНТ сумесна з Прэзідэнцкім аркестрам у 15 гарадах краіны. Хоць, паводле правілаў, узрост удзельнікаў быў абмежаваны (ад 18 да 30 гадоў), на адбор з’яўляліся і тыя, каму ўжо за 50: настолькі вялікае было ў людзей жаданне сябе паказаць і на іншых паглядзець.

— Гэты праект — шанц для ўсіх таленавітых людзей, у якіх з-за нейкіх жыццёвых абставін не атрымалася прабіцца на вялікую сцэну. Дзякуючы гэтаму конкурсу яны змогуць прадэманстраваць свае вакальныя здольнасці на ўсю краіну, а найлепшыя стануць салістамі Прэзідэнцкага аркестра, — такой бачыць карысць ад правядзення праекта “Новыя галасы Беларусі” яго прадзюсар Анжаліна Мікульская.
З вялікай колькасці прэтэндэнтаў журы адабрала 25 уладальнікаў музычнай адукацыі і прыгожага голасу. З маладымі выканаўцамі працавалі сапраўдныя прафесіяналы — вакалісты, харэографы, стылісты, а вынік гэтых урокаў можна было ўбачыць у мінулую нядзелю па АНТ на канцэрце ў Палацы Рэспублікі. Фінальны акорд прагучыць ля сцен Мірскага замка: 19 чэрвеня канкурсанты выканаюць песню на беларускай мове, а 21 чэрвеня — дуэт са знакамітымі майстрамі беларускай сцэны. У гэты ж дзень галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Віктар Бабарыкін назаве новыя галасы, якія ўпрыгожаць аркестр.
— Сцэна для мяне — вялікае задавальненне, а праца ў Прэзідэнцкім аркестры — вельмі прэстыжная, бо гэта не толькі слава, але і высокі ўзровень майстэрства для кожнага выканаўцы, — тлумачыць прычыну свайго ўдзелу ў конкурсе Юлія Шышко з Гродна. — Усе прэтэндэнты ўжо зараз гатовы выступаць на сцэне. Нездарма Віктар Бабарыкін казаў, што журы будзе складана зрабіць канчатковы выбар, бо давядзецца выбіраць лепшых з лепшых. Галоўнае яго патрабаванне да вакалістаў — уменне якасна і хутка развучваць музычныя творы за кароткі час.
Юныя выканаўцы, сярод якіх — будучыя вакалісты Прэзідэнцкага аркестра, сустрэліся з кіраўніком нашай дзяржавы. “Гледзячы на вас, я падумаў, што будуць заўтра рабіць нашы “зоркі”, — падбадзёрыў спевакоў Аляксандр Лукашэнка і падкрэсліў, што талент патрэбна пастаянна развіваць, каб не проста лічыць сябе зоркамі, а быць імі насамрэч.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter