Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Кіраўнікі мэрый беларускага Гродна і польскага Беластока падпісалі дамову аб супрацоўніцтве

Новыя абрысы даўняга пабрацімства

У СМІ з’явіліся весткі пра тое, што Беласток і Гродна 16 сакавіка ўжо афіцыйна сталі гарадамі-партнёрамі. Дамову, якая пашырае шматбаковае супрацоўніцтва двух гарадоў, надае яму новы імпульс, падпісалі старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой і прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускалоўскі. Мяркуецца, што такім чынам удасца зблізіць мясцовыя ўстановы, паспрыяць іх больш цеснай супрацы. Бакі зацікаўлены ў тым, каб ішоў абмен досведам у арганізацыі мясцовага самакіравання. Гродзенцы й беластокцы будуць разам ладзіць розныя сацыяльныя, культурныя, спартыўныя мерапрыемствы.

Каложская царква ў Гродне

Журналістам Тадэвуш Трускалоўскі патлумачыў, што, на яго думку, міжнароднае супрацоўніцтва — гэта “найбольш эфектыўны спосаб прасоўвання горада за мяжой”. Да таго ж важнае й прамое ўзаемадзеянне па такіх пытаннях, як прыцягненне інвестыцый, развіццё турызму, культурнага абмену.

Між тым польскія СМІ пішуць, што гэта ўжо не першая дамова пра супрацоўніцтва. І, маўляў, дзеля чаго яшчэ раз “братацца”? Сапраўды, і на сайце Гродзенскага гарвыканкама ёсць інфармацыя, што Гродна і Беласток — гарады-пабрацімы з 1960 года. Ды не варта забываць, што з таго часу, як кажуць, шмат вады выцекла: больш за паўвека прайшло. І Беларусь цяпер — не савецкая рэспубліка, а незалежная дзяржава, і Польшча — у складзе Еўразвяза. Дый новых магчымасцяў для супрацы з’явілася шмат. Але цікава ж пачытаць і ранейшую інфармацыю пра гарады-пабрацімы: “Сяброўства з Беластокам праверана часам — гэта наш першы з пародненых гарадоў. Пагадненне аб пабрацімскіх сувязях падпісана ў 1960 годзе. З 2004 па 2007 гады арганізацыямі вобласці сумесна з польскімі партнёрамі распрацаваны й рэалізаваны шэраг праектаў: “Развіццё трансгранічнага турызму ў рэгіёне Белавежская пушча”, “Невядомая Еўропа: развіццё турыстычнай інфраструктуры польска-беларускага памежжа ў раёне Аўгустоўскага канала і Нёмана” ды іншыя. Цеснае супрацоўніцтва завязалася ў культурнай сферы. Штогод праводзіцца рэгіянальны фестываль “Артыстычныя сустрэчы: Гродна — Беласток”, у якім прымаюць удзел творчыя калектывы Гродна і Беластока”.

Пацвердзіць яшчэ раз сваю вернасць у дружбе — гэта, мяркую, значна лепш, чым абмяжоўвацца фармальнымі кантактамі. Так што ў добры час, панове-спадары! Нагадаем, што ў ліку пабрацімаў Гродна значацца яшчэ Лімож (Францыя), Друскінінкай (Літва), Дзяржынск (Ніжагародская вобласць Расіі), Хімкі (Маскоўская вобласць), Алітус (Літва), Чабаксары (Чувашыя, Расія), Ашкелон (Ізраіль), Туапсінскі раён (Краснадарскі край, Расія), Кралева (Сербія), Тамбоў (Расія) ды іншыя. З шэрагам гарадоў падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве.

Голас Радзімы № 15 (3567), субота, 21 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter