
— Мiхась, твой музычны гурт мае назву «Нельга забыць», што адсылае да Уладзiмiра Караткевiча. А кiруеш ты музеем Максiма Багдановiча... Лёс у навуку выпадкам завёў цi гэта свядомы выбар?
— Хочацца верыць, што маё выпадковае працаўладкаванне было невыпадковым, бо з той пары (а мiнула, мiж iншым, ужо 10 год) адбылося столькi сустрэч, мерапрыемстваў, кнiг, што страшна ўявiць iншы жыццёвы сцэнарый. Тут быў наноў адкрыты i Караткевiч. Яго звышэмацыянальная лiрыка з рамана «Нельга забыць» — доказ, што ўвесь спектр пачуццяў можа быць перададзены беларускай мовай. Прыкладна тое ж скажу i пра Багдановiча — чалавека–загадку.
— Дарэчы, з якiм героем Багдановiча ты сябе атаясамлiваеш?
— Я — крыху разгублены творца з яго «Апокрыфа», з вечным пытаннем пра вартасць ды неабходнасць свайго iснавання.
— «Усе ў музей Максiма Багдановiча» — увесь час заклiкае Бараноўскi–блогер. А што новага ў музеi?
— Перш чым запрашаць на новае, хацелася б запытаць, цi ў курсе паважаная публiка пра старое? Два гады таму музей аднавiў дзейнасць пастаяннай экспазiцыi, i ў мяне такое адчуванне, што яшчэ далёка не ўсе яе пабачылi. Калi ласка, завiтвайце. Для малодшых — музейныя заняткi, на якiх можна пазнаёмiцца з Багдановiчам i яго творамi, папрактыкавацца ў беларускай мове, памаляваць. Старэйшым прапануюцца экскурсii i мерапрыемствы, у якiх удзельнiчаюць актуальныя паэты ды музыкi, i выставачныя праекты. Дадавайцеся ў сябры да музея ў сацыяльных сетках, сачыце за падзеямi. Тым больш што цэны ў нас вельмi дэмакратычныя.

— А што новага ў багдановiчазнаўстве?
— Год выдаўся плённы. Вядома, што бацька Багдановiча быў блiзкiм сябрам Максiма Горкага–Пешкава. Праведзена вялiкая праца па падрыхтоўцы выдання, прысвечанага сувязям Багдановiчаў i Пешкавых, з’явiлася магчымасць апублiкаваць лiсты i дакументы з Iнстытута сусветнай лiтаратуры, доступ да якiх быў абмежаваны цягам дзесяцiгоддзяў. Цiкавымi матэрыяламi папоўнiлiся нашы ўласныя фонды. Не так даўно ў музей патрапiў лiст стрыечнага брата Максiма Багдановiча, якi пралiвае святло на тое, што рабiлася ўнутры паэта перад яго падарожжам у Крым (1915 г.). 30 кастрычнiка Лiтаратурны музей Максiма Багдановiча плануе правесцi канферэнцыю, прысвечаную паэту, дзе i прагучаць адкрыццi.
— Калi б Максiм Багдановiч захацеў правесцi творчы вечар у вашым музеi, што б ты прапанаваў?
— Калi шчыра, дух захоплiвае ад адной думкi, як бы ўсё гэта адбывалася. Пэўна, выступоўцамi запрасiў бы таварышаў Максiма — Вацлава Ластоўскага, Аркадзя Смолiча, Змiтрака Бядулю, Зоську Верас, братоў Луцкевiчаў. Багдановiч чытаў бы сваiм усхваляваным прыемным голасам новыя творы. Паспявалi б народныя песнi. Багдановiч паказаў бы якую сцэнку, як батлейшчык — дуркаваў бы, схаваўшыся за скрыню i крывiў галасы. А дзесьцi ў канцы залы Якуб Колас i Янка Купала пакручвалi б вусы, прыгладжвалi бароды i перамаўлялiся ўпаўголаса наконт яго творчасцi: ну «цiпа» «хлопец, канешне, стараецца, i талент пэўны ёсць... Але тэмы нейкiя дзiўнаватыя, i мо варта было б неяк папрасцей быць». Бо якi беллiт без такiх размоў.

— А што, Багдановiч мог быць батлейшчыкам?
— Хацеў. Захавалiся ўспамiны пра тое, як ён захапiўся iдэяй паказваць батлеечныя прадстаўленнi падчас свайго прыезду ў Беларусь.
— Ты часта дзелiшся сваiмi кнiжнымi адкрыццямi ў сецiве...
— Так склалася яшчэ з часоў Максiма Багдановiча, што быць беларусам — гэта праца. Ты мусiш прыкладаць высiлкi, каб даведацца, што мы маем сваiх выдатных навукоўцаў, сваю архiтэктуру i мастацтва, сваiх пiсьменнiкаў. Калi казаць пра ўласныя лiтаратурныя адкрыццi апошнiх двух гадоў, то гэта Юлi Таўбiн, Алесь Наўроцкi, Таццяна Сапач, Яўгенiя Пфляўмбаум, Адам Бабарэка, Рыгор Бярозкiн, Майсей Кульбак. Я люблю букiнiстычныя выданнi. З апошнiх набытых цiкавостак — часопiсы беларускiх скаўтаў «Напагатове», «Да мэты», «Наперад», што выходзiлi ў лагеры для перамешчаных асоб у Ватэнштэце i Мiхельсдорфе напрыканцы 40–х гадоў. Дзякуючы букiнiстычным росшукам атрымлiваецца час ад часу папаўняць фонды музея, у тым лiку i прыжыццёвымi публiкацыямi Максiма Адамавiча.

— А што новага ў паэта i барда Мiхаiла Бараноўскага?
— Не асаблiва пераймаюся наконт уласнай творчасцi. Нешта напiсаў — добра. Нiчога не iдзе — таксама добра, бо можна пачытаць творы iншых, а не засяроджвацца на сабе. Тое ж i да музыкi. Не так даўно падрыхтавалi з Аляксандрам Лiмасавым даволi цяжкую праграму з гучнымi гiтарамi, сэмпламi i драммашынкай, але не здзiўлюся, калi наступным крокам будзе нешта камернае.
— Ты час ад часу праводзiш кватэрнiкi... Як гэта сёння выглядае?
— Кватэрнiкi — проста адна з форм камунiкацыi выступоўцы i гледача. Амаль без дыстанцыi... Можна папiць разам чаю, абмяняцца пытаннямi. Можна больш тонка адчуць зваротную сувязь, хаця я спяваю, ды i чытаю таксама часцей з заплюшчанымi вачыма.
— А чаму з заплюшчанымi?
— Так можна засяродзiцца на выкананнi. Глядзiш у сябе i спрабуеш не фальшывiць.
cultura@sb.by