Новы статус

У Бабруйску адбыўся мiжнародны фестываль нацыянальнай драматургii

Бабруйск прэтэндуе на  ролю тэатральнага цэнтра ў рэспублiцы. Тут адбыўся мiжнародны фестываль нацыянальнай драматургii.

Фестываль сабраў, акрамя беларускiх, тэатральныя калектывы яшчэ з пяцi краiн. Усяго дванаццаць тэатральных труп. Гэта немалое прадстаўнiцтва. Яго гаспадары дабiвалiся, усё рабiлi, каб фестываль, як тая паўнаводная рака, выплеснуўся за межы рэспублiкi. Бабруйчане любяць тэатр, тут даўнiя традыцыi, якiя, можа, iдуць ад iхняга земляка Дунiна-Марцiнкевiча, заснавальнiка айчыннай драматургii. Праўда, тэатральны форум быў няконкурсны, але гэта не пера­шкодзiла ягоным удзельнiкам вынесцi на суд гледачоў нямала цiкавых работ, адметных рэжысёрскiх вырашэнняў, проста запамiнальную iгру акцёраў.

Праходзiў жа фестываль, якому папярэднiчала яркае адкрыццё з удзелам намеснiка мiнiстра культуры рэспублiкi Вiктара Кураша, iншых адказных асоб, у дзвюх глядзельных залах – гарадскога драмтэатра i Палаца мастацтваў. Гэта каб даць магчымасць усiм калектывам прадэманстраваць сваё выканаўчае майстэрства. Тым больш на ўсе спектаклi, i сваiх, i прыезджых тэатраў, глядач iшоў з ахвотай. Параўноўваў, ацэньваў, сачыў за навiнкамi. Ды i самi артысты былi не супраць нешта адзiн у аднаго пераняць, папоўнiць тэатральную скарбонку.

Браць прыклад было з каго. З таго ж Рэспублiканскага тэатра беларускай драматургii, якi па­ставiў гiстарычную драму паводле рамана Уладзiмiра Караткевiча «Каласы пад сярпом тваiм». Было нямала запамiнальных сцэн, адметнага акцёрскага выканання, за ўсiм гэтым адчувалася рука вядомага рэжысёра Валерыя Анiсенкi. Гледачы, якiх у той дзень было асаблiва многа, доўга не адпускалi артыстаў са сцэны. Тым больш памяталi трупу па першым фестывалi, калi яна за выкананне спектакля «Апошняя пастараль» стала лаўрэатам. Так што зачын быў зроблены добры.

Бранскi ТЮГ прадставiў сямейную гiсторыю па п’есе Максiма Горкага «Васа Жалязнова». Ды так цудоўна ўвасобiў твор на сцэне, насыцiў яго новымi яркiмi фарбамi, што ўсе сышлiся ў адзiным меркаваннi: «Гэта шарм фестывалю, ягонае ўпрыгожанне!»

А як было не адзначыць Днепрадзяржынскi тэатр! I не толькi за пастаноўку сучаснай п’есы «Дочкi-мацi», а яшчэ i за тое, што нягле­дзячы на фiнансавы крызiс, якi асаблiва закрануў украiнскiя тэатры, змаглi дабрацца да месца правядзення фестывалю, за што ўсе выказалi ягонай трупе вялiкую падзяку. Цi вось тэатр-студыя «Iорык» латвiйскага горада Рэзэкнэ, якi ў п’есе «Моцарт i Сальеры» пайшоў на смелы эксперымент, сумяс­цiўшы, здавалася б, несумяшчальнае: лiтаратурныя матэрыялы Фiлатава i Пушкiна, людзей i лялек, адабраўшы на ролю Моцарта маладую актрысу. Або той жа Бабруйскi тэатр, якi ў спектаклi «Камедыянт, або Узнёсласць сумнай надзеi» па п’есе Алеся Асташонка ўзяўся паказаць гiсторыю з жыцця Дунiна-Марцiнкевiча i знайшоў падтрымку гледачоў.

Увогуле, класiкi на сцэне было болей. Напэўна, гэта звязана не толькi з яе прыцягальнасцю, а яшчэ i з тым, што не ўсе паспелi зарыентавацца ў тым, што патрэбна беларускаму гледачу з сучаснай драматургii, як ён прыме яе. А з класiкай не прагадаеш, бо яна заўжды ў цане!

Хто выступiў на сцэне больш удала, хто крыху не дацягнуў да вышэйшага ўзроўню, але нiкому не адмовiш у жаданнi паказаць сябе найлепш. Былi i адрозненнi, i падабенства ў пастаноўцы спектакляў. Няма нiчога дзiўнага, бо тэатральныя шляхi нярэдка пера­крыжоўваюцца. Так, пастаноўшчык спектакля тэатра-студыi з Рэзэкнэ Ларыса Шчукiна рабiла свае першыя крокi ў бабруйскiм тэатры, кiраўнiк Котласкага драмтэатра Вячаслаў Iваноў некалi таксама працаваў у тэатры горада на Бярэзiне, а расiйскi рэжысёр Ала Палухiна з’яўляецца пастаноўшчыкам п’есы маладзечненцаў, якую паказвалi на фестывалi.  Не выключаны вось такiя далейшыя перамяшчэннi на тэатральным полi — хай на карысць тэатру, гледачам!

Як ужо гаварылася вышэй, фестываль праводзiўся без конкурснай праграмы. Таму ягоны старшыня, прафесар Рычард Смольскi, прасiў не надта строга ацэньваць яго вынiкi. «Галоўнае, што ён удаўся, – казаў. – Аднак у далейшым такiя форумы трэба праводзiць не радзей аднаго разу ў тры гады, каб яны былi ў абавязковым парадку конкур­снымi, да iх вялася дзейсная падрыхтоўка. Ну i пераможцам – узнагароды. Без гэтага нельга, бо яны стымулююць працу, каб больш было вартых увагi спектакляў. А гэта адначасова ўздыме i прэстыж фестывалю».

На здымку: у час правядзення фестывалю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter