Новы старшыня абраны. Кіраўніком грамадскага аб’яднання “Саюз палякаў на Беларусі” стаў бізнесмен Станіслаў Сямашка.

На VII справаздачна-выбарчым з’ездзе арганізацыі прысутнічалі 143 дэлегаты пры 157 выбраных. Такім чынам, кворум быў забяспечаны. За кандыдатуру Сямашкі прагаласавалі 130 удзельнікаў з’езда, супраць — 5 чалавек, устрымаліся — 8, паведамляе БелТА. Сваёй галоўнай задачай новавыбраны старшыня назваў умацаванне аўтарытэту “Саюза палякаў на Беларусі” і пераадоленне супярэчнасцей і канфліктаў з польскімі ўладамі. “Непрымальна, калі адны палякі абмяжоўваюць свабоду другіх. Тыя забароны і абмежаванні, якія ўведзены польскім урадам у адносінах да многіх членаў саюза, не ўпрыгожваюць Польшчу”, — падкрэсліў Станіслаў Сямашка. Новы кіраўнік саюза мае намер з гэтым актыўна змагацца. “Калі мы не даб’ёмся разумення ад урада Польшчы, мы дойдзем да Еўрасаюза”, — адзначыў ён і дадаў: “Бо свабода для палякаў вышэй за ўсё. Упэўнены: рана ці позна гэтыя ганебныя забароны будуць зняты для ўсіх нас”. “Той раздрай, які я бачу, — мне здаецца, ад таго, што не заўсёды атрымлівалася дамовіцца адзін з адным, нехта насіў камень за пазухай, — лічыць Станіслаў Сямашка. — Я не ўмею насіць камень за пазухай, я ўмею дамаўляцца — і буду дамаўляцца”. На пасадзе старшыні Станіслаў Сямашка мае намер працягваць ажыццяўленне паўсядзённай дзейнасці саюза, накіраванай на папулярызацыю ў Беларусі польскай мовы, культуры, пазітыўнага іміджу палякаў. Асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць супрацоўніцтву як з польскімі, так і з беларускімі СМІ, а таксама ўзаемадзеянню з польскімі нацыянальнымі арганізацыямі суседніх краін, і асабліва Літвы і Украіны. Асаблівая ініцыятыва, выказаная новым кіраўніком саюза, — стварэнне эфектыўнага прадпрыемства пры саюзе, што дасць магчымасць адкрыць новыя рабочыя месцы і забяспечыць арганізацыю сродкамі, заробленымі ўласнай працай. У якасці верагоднага праекта Станіслаў Сямашка прапанаваў стварэнне структуры, якая ўключае сацыяльныя аб’екты, дзіцячыя сады, дамы адпачынку, дамы састарэлых. “Трэба ўзняць Саюз палякаў як у маральным, так і ў фінансавым плане. Тады нас пачнуць паважаць не толькі тут, але і за мяжой”, — перакананы новы старшыня грамадскага аб’яднання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter