Новы погляд на спадчыну

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі Узвышаўскія чытанні.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшлі Узвышаўскія чытанні. У самым пачатку пленарнага пасяджэння, перад прывітаннямі і дакладамі, слова ўзяў сам… Янка Купала. Удзельнікі чытанняў з хваляваннем (многія — упершыню) слухалі яго голас, які дайшоў да нас у адным з нешматлікіх запісаў. Словы гучалі ўрачыста і надзіва выразна.

VІІ Узвышаўскія чытанні былі натуральна прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Выступоўцы падкрэслівалі, што гэта, па сутнасці, — пачатак навуковага асэнсавання спадчыны песняра на новым эстэтычным і фактычным узроўні. І гэты ўзровень стаў магчымы дзякуючы выхаду першага Поўнага збору твораў паэта ў дзевяці тамах. Выдаваўся ён супрацоўнікамі Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук Міхася Мушынскага. Ён паведаміў прысутным, якія новыя архіўныя матэрыялы выкарыстаны пры падрыхтоўцы выдання, якое стала значнай нацыянальнай падзеяй.

Дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка пераказала ўдзельнікам чытанняў кароткі змест успамінаў жыхаркі горада Торунь (Польшча) Беаты Крыстыны Хоміч пад назвай “Сям’я Купалы: Успаміны пляменніцы”. Гэтая ўраджэнка беларускага горада Валожын з’яўляецца пляменніцай жонкі паэта, якую ўсе ласкава называлі “Цёцяй Уладзяй, і адначасова сваячкай другога пісьменніка, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які жыў і памёр на Валожыншчыне (у наступным годзе на ўзроўні ЮНЕСКА будзе адзначацца 200-гадовы юбілей з дня яго нараджэння). Так нечакана выявілася яшчэ адна нітка, якая звязвае годных прадстаўнікоў беларускага пісьменства.

Цяжка і, мусіць, непатрэбна (неўзабаве будзе кніжнае выданне матэрыялаў) пералічваць усіх выступоўцаў на секцыйных пасяджэннях. Выдзелю, бадай, толькі даклады “Славацкія старонкі жыцця Янкі Купалы” Міколы Труса, “З гісторыі першых творчых юбілеяў Янкі Купалы” Ганны Запартыка, “Янка Купала ў італьянскіх выданнях” Аксаны Данільчык, “Купаліяна на англійскай мове” Святланы Скамарохавай, “Згадкі пра Янку Купалу ў дзённіках Якуба Коласа” Валерыя Назарава, бо ў іх разглядаліся новыя для купалазнаўства аспекты. Высокім тэарэтычным узроўнем і навізной фактаў вызначаліся выступленні доктара гістарычных навук Эмануіла Іофе, кандыдатаў філалагічных навук Ірыны Багдановіч, Міхася Кенькі, Жанны Шаладонавай.

Удзельнікі чытанняў пазнаёміліся з цікавай, багатай на невядомыя матэрыялы юбілейнай выставай “У народ і край свой толькі веру…”

Адам Мальдзіс
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter