Новы год: мары збываюцца, цуды адбываюцца, падарункі ўручаюцца!

“Народная газета” памятае формулу ўдалага свята, таму рыхтуе для сваіх чытачоў шмат карысных падарункаў і цікавых сюрпрызаў.

Падарунак першы. Календары на любы густ

Для вернікаў розных канфесій і для тых, хто сочыць за рэлігійнымі святамі, мы падрыхтавалі асобны каляндар рэлігійных свят і значных дат асноўных канфесій, што існуюць у Беларусі, — праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай, іудзейскай і мусульманскай. З календаром, які вы атрымаеце з “Народнай газетай” у пачатку наступнага года, вы не прапусціце ніводнага важнага дня.
Мы паклапаціліся і пра руплівых гаспадароў, якія клопаты ў садзе-агародзе прывыклі звяраць з месяцовым календаром. Падрабязны “расклад”, у якім пазначаны спрыяльныя і неспрыяльныя дні для пасадкі той ці іншай культуры на ўвесь год, вы таксама знойдзеце ў адным з першых нумароў “НГ” у 2011-м.
І, нарэшце, па вашых шматлікіх просьбах, шаноўныя, усе нашы падпісчыкі атрымаюць укладзены ў  адзін з першых нумароў газеты асобны прыгожы насценны каляндар з выявай і аўтографам любімай многімі спявачкі, заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай. Дарэчы, з Ірынай “Народная газета” даўно і шчыра сябруе, і яе штотыднёвая аўтарская рубрыка “Дары феі” па-ранейшаму будзе радаваць вас смачнымі рэцэптамі і карыснымі парадамі.

Падарунак другі. Кніжкі-малышкі “Народнай бібліятэчкі”
У наступным годзе карысная бібліятэка нашых падпісчыкаў папоўніцца як мінімум дваццаццю пяццю “кніжкамі-малышкамі”. Двойчы ў месяц у суботніх нумарах “Народнай газеты” ў серыі “Народная бібліятэчка” будуць выходзіць бясплатныя брашуркі з карыснымі парадамі, арыгінальнымі рэцэптамі, патрэбнай інфармацыяй на ўсе выпадкі жыцця. Вы атрымаеце “міні-даведнік” па афармленні нерухомасці і зямельных участкаў, зборнікі велікодных рэцэптаў і рэцэптаў нарыхтовак на зіму, “канспект” падказак для тых, хто збіраецца рабіць рамонт, і для тых, хто плануе турыстычнае падарожжа, і шмат іншай карыснай і патрэбнай інфармацыі. Дарэчы, многія кніжкі рыхтуюцца менавіта па вашых запытах, шаноўныя чытачы.

Падарунак трэці. Падарожжы завочныя і рэальныя
Вы ўжо, напэўна, заўважылі, што ў праекта “Сем цудаў Беларусі”, які “Народная газета” вядзе ўжо два гады, пачаўся чарговы этап: галасаванне на нашым сайце www.ng.by. Зараз з сямі аб’ектаў кожнага раёна наведвальнікі сайта выбіраюць па два самых-самых — гэтыя аб’екты будуць удзельнічаць у абласным этапе, пасля, нарэшце, з дапамогай чытачоў і спецыялістаў будуць абраны сем цудаў Беларусі. Усё гэта захапляльнае спаборніцтва будзе ў наступным годзе шырока асвятляцца на старонках “Народнай газеты”. І вельмі прыемна, што вы, шаноўныя чытачы, не застаецеся ўбаку ад гэтага дзейства. Мяркуючы па рэдакцыйнай пошце і па колькасці наведванняў на сайце, галасаванне, асабліва па некаторых раёнах, ідзе вельмі актыўна. Асаблівая падзяка тым чытачам, якія ў спіс патэнцыяльных цудаў дадаюць свае прапановы, нават дасылаюць фота.
Галасаванне ідзе поўным ходам, і вы яшчэ можаце да яго далучыцца і паўплываць на вынік. А ад яго залежыць маршрут найцікавейшай вандроўкі, у якую мы запросім сваіх чытачоў у новым годзе. Пра “пераможцаў” кожнага раёна будуць падрыхтаваны асобныя публікацыі. Такім чынам, чытачы “НГ” зноў завочна пабываюць на экскурсіі ў кожным раёне краіны.
Зрэшты, экскурсія можа быць не толькі завочнай. У новым годзе вы знойдзеце ў “НГ” пытанні чарговых тураў віктарыны “Па старонках “Сямі цудаў”. Нагадаем: тры самыя актыўныя яе ўдзельнікі, што дадуць найбольш правільных адказаў, адправяцца на сапраўдную экскурсію па славутых мясцінах Беларусі.

Падарунак Чацвёрты. Знак якасці ад народа і ад “Народнай”
У наступным годзе мы працягнем праект “Народная экспертыза”. Разам з вамі, шаноўныя чытачы, будзем вызначаць самыя смачныя і якасныя прадукты, а спецыялісты рэспубліканскай лабараторыі дапамогуць даведацца, якія з іх найбольш адпавядаюць патрабаванням бяспекі. Мы клапоцімся пра ваша здароўе і здароўе вашых блізкіх!

Падарунак пяты. Для кемлівых і таленавітых
У тым, што нашы чытачы — самыя кемлівыя і таленавітыя, мы ніколі і не сумняваліся: пра тое сведчаць сотні (без перабольшвання!) пісьмаў, якія прыходзяць на кожную віктарыну і конкурс, якія “Народная газета” наладжвае. Таму ў наступным годзе мы працягнем гэту добрую традыцыю і, акрамя ўжо існуючых сканвордаў, красвордаў, галаваломак, конкурсаў і віктарын, прапануем нямала цікавых і займальных новых. Якіх менавіта? Няхай гэта будзе сюрпрызам. Зрэшты, намёкам скажам: аматары анекдотаў, складальнікі прыпевак, самадзейныя мастакі, якія ўпрыгожваюць свае дамы і сядзібы рознымі незвычайнымі спосабамі, знаўцы гісторыі роднага краю могуць рыхтавацца да актыўнага ўдзелу ў спаборніцтвах, да перамог і да прызоў.

Спадзяёмся, што названыя пяць прычын — даволі важкія аргументы
на карысць таго, што “Народную газету” на І паўгоддзе 2011 года варта выпісаць. Калі ж вы яшчэ сумняваецеся, ёсць яшчэ пяць прычын.

5 прычын, па якіх варта выпісаць “Народную газету”.

1. У аўторак з “НГ” можна заняцца хатняй эканомікай. Вы з кампетэнтных крыніц даведаецеся, куды ўкладваць грошы, каб атрымаць прыбытак, як распараджацца ўчасткам, не парушаючы зямельнае заканадаўства, як складваецца сітуацыя на жыллёвым рынку, што адбываецца з цэнамі.
2.  У сераду “НГ” задаволіць вашы спажывецкія інтарэсы. Адмысловыя праекты і рубрыкі дапамогуць вам правільна сарыентавацца ў свеце жыллёва-камунальных паслуг, новых тэхналогій сувязі, будаўніцтва і абсталявання дома, у выбары экалагічна чыстых прадуктаў і тавараў, зберагчы сваю маёмасць і здароўе.
3.  У чацвер “Народная газета” запрашае чытачоў у вандроўку па роднай Беларусі, па розных яе рэгіёнах. Журналісты “НГ” прапануюць матэрыялы, падрыхтаваныя па вашых зваротах у рэдакцыю, шаноўныя чытачы. Пішыце нам, званіце — мы заўсёды гатовы выехаць на месца.
Традыцыйна па чацвяргах разам з “НГ” выходзіць “Союзное вече” — выданне Парламенцкага Сходу  Саюза Беларусі і Расіі.
4.  У пятніцу, акрамя падрабязнай і зручнай у карыстанні праграмы тэлеперадач, у якой змешчаны і кабельныя каналы, “НГ” адказвае на ўсе вашы пытанні, у тым ліку і юрыдычнага характару. Вам не давядзецца траціць грошы ў юрыдычнай кансультацыі, калі ў доме ёсць “Народная газета”.
5.У суботу нашы падпісчыкі не ламаюць галаву, як цікава і карысна правесці выхадныя. У “НГ” яны знаходзяць цікавыя, займальныя і карысныя матэрыялы для ўсёй сям’і, парады садаводам і агароднікам, рыбакам і паляўнічым, аўтааматарам, конкурсы, інтэлектуальныя гульні, вялікі сканворд... Вы не засумуеце да панядзелка!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter