Беларуская экспазіцыя адкрылася на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме

Новы баланс глабальнай эканомiкi

У першыя дні лета Санкт-Пецярбург напоўнены тысячамі бізнесменаў, чыноўнікамi і палітыкамі з усяго свету. Разам яны спрабуюць знайсці адказы на глабальныя праблемы сучаснай эканомікі. Наша краіна не толькі прымае ўдзел у дыскусіях, але і прэзентуе там свае экспартныя магчымасці. Наша экспазіцыя адкрылася на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме. Чаго нам чакаць у бліжэйшыя гады? Як паспяхова развівацца асобным краінам і магутным аб'яднанням? Форум даў магчымасць выказацца ўсім, а многім дапамог знайсці агульныя інтарэсы.


Пасля адкрыцця Нацыянальнай экспазіцыі Беларусі, дзе прад­стаўлены вядучыя прадпрыемствы краіны, намеснік Прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі сустрэўся са старшынёй Знешэканамбанка Расіі Сяргеем Гарковым. У выніку яны падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве паміж нашым Урадам i расійскай дзяржкарпарацыяй. Акрамя таго, быў заключаны дагавор аб умовах выдачы крэдытаў для набыцця ў Расіі тавараў, вырабленых у Беларусі. Як чакаецца, гэта павялічыць продаж нашай прадукцыі на рынку ўсходніх суседзяў.

Далей на форуме стала вядома аб магчымасці стварэння некалькіх новых зон свабоднага гандлю ЕАЭС з іншымі краінамі. Так часовае пагадненне паміж саюзам і Іранам можа быць падпісана да канца года.

— Часовае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю ахоплівае не ўвесь гандаль, а толькі абмежаваную частку таварнай наменклатуры, якая ўяўляе найбольшую экспартную цікавасць для бакоў, — патлумачыла міністр па гандлі ЕЭК Вераніка Нікішына. — У выпадку калі краіны ЕАЭС і Іран палічаць прэферэнцыйны гандаль эфектыўным, у далейшым магчымы пераход да паўнавартаснай зоны свабоднага гандлю.

Наша экспазiцыя адкрылася на Пецярбургскiм Мiжнародным эканамiчным форуме.

Паводле ацэнак экспертаў, пры пераходзе да свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Іранам агульныя аб’ёмы экспарту дзяржаў саюза могуць вырасці на 73%. Гаворка ідзе пра пастаўкі медыкаментаў, паперы, адзення, металу, электрычнага абсталявання, аўтамабіляў. Зараз узаемны тавара­абарот толькі трохі перавышае 3 мільярды долараў.

Праз пару тыдняў стане вядома і пра перспектывы стварэння зоны свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Сінгапурам. Сумесная даследчая група ўжо завяршае работу над дакладам. Па словах Веранікі Нікішынай, «гэтыя высновы дазволяць весці больш прадметную размову аб падпісанні пагаднення». Яна нагадала, што Сінгапур з’яўляецца адной з вядучых эканомік свету, адным з галоўных сусветных партоў і лагістычных хабаў: 

— Супрацоўніцтва з ім дазволіць дзяржавам — членам ЕАЭС прыкметна павысіць экспартныя патокі. Акрамя таго, узаемадзеянне з Сінгапурам дасць магчымасць краінам ЕАЭС наладзіць гандаль з усімі членамі Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН).

Сам жа Еўразійскі эканамічны саюз пакуль што збіраецца працаваць над праграмай развіцця лічбавай эканомікі. Умоўна яе называюць «план ГОЭЛРО-2». Тыгран Саркісян заклікаў усіх членаў саюза актывізавацца:

— Сёння ідзе дыскусія аб мадэлі эка­намічнага росту, але відавочна, што патрэбна праграма электранізацыі. З дапамогай лічбы мы можам ажыццявіць сур’ёзны прарыў і мадэрнізацыю нашага саюза.

Да лістапада гэтага года плануецца прад­ставіць асноўныя тэзісы новага плана ГОЭЛРО-2. Важна, каб атрымалася «сфарміраваць узгоднены лічбавы парадак дня» для ўсіх краін-удзельніц, паколькі цяпер кожная дзяржава саюза рухаецца ў гэтым кірунку з рознай хуткасцю.

Скажам, Цэнтрабанк Расіі ўжо збіраецца распрацоўваць нацыянальную крыптавалюту, гэта значыць аналаг біткоінаў. Намеснік старшыні Банка Расіі Вольга Скарабагатава паведамiла: рэгулятары ўсіх краін прыйшлі да думкі, што нацыянальную віртуальную валюту рабіць трэба, гэта будучыня. Пытанне канкрэтнага часу і сталасці кожная краіна будзе вырашаць самастойна.

Больш узгодненасці пакуль у сельскай гаспадарцы. Краіны ЕАЭС сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй вызначыліся з адзінай стратэгіяй развіцця гэтай галіны. У аснове дакумента — інава­цыйныя падыходы з разлікам на далей­шае ўмацаванне харчовай бяспекі, а ў сярэднетэрміновай перспектыве — больш поўнае імпартазамяшчэнне, выпуск высо­катэхналагічнай прадукцыі і паве­лічэнне аб’ёмаў экспарту.

— Тэма інавацыйнага развіцця аграпрамысловага комплексу актуальная для ўсіх краін ЕАЭС, — аргументаваў важнасць стратэгіі міністр па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе ЕЭК Сяргей Сідорскі. — І ў немалой ступені гэта звязана з тым, што сёння дзяржавы-члены залежаць ад імпарту высокатэхналагічных сродкаў вытворчасці, насення, кармоў, генетычнага матэрыялу. На нашу думку, гэтую сітуацыю можна кардынальна змяніць ужо ў бліжэйшыя пяць гадоў.

Таму, на думку Сяргея Сідорскага, важным напрамкам сельскагаспадарчай стратэгіі саюза з’яўляецца фарміраванне эфектыўных механізмаў навукова-інавацыйнага ўзаемадзеяння паміж краінамі. ЕЭК ужо зацвердзіла пералік з 14 прыярытэтных для супрацоўніцтва тэм, уключаючы генетыку, селекцыю, аквакультуры, ветэрынарыю, тэхналогіі глыбокай перапрацоўкі.

kuletski@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter