С перспективой выхода на МКАД: в Минске полностью открыли движение по Южной магистрали

Новая стужка вялiкага горада

Дарога працягласцю больш за два кіламетры прайшла ўздоўж чыгункі ад вуліцы Валадзько да Аса­наліева, па сутнасці, дублі­руючы надзвычай загружаную вуліцу Кіжаватава. У перспектыве ж яна працягнецца да МКАД і стане элементам трэцяга транспартнага кальца. Будавалі магістраль 22 месяцы, яе кошт — 30 млн рублёў.

Няма сумненняў, што дарога будзе карыстацца вялікай папулярнасцю.

Паўднёвая магістраль уяўляе сабой хуткасную трохпалосную шашу з пешаходнымі і веласіпеднымі дарожкамі. У склад яе ўваходзіць таксама транспартная развязка на вуліцы Аэрадромнай у выглядзе няпоўнага ліста канюшыны. Але дзякуючы святлафорным аб’ектам гэта непаўната не перашкаджае аўтамабілістам рухацца і разварочвацца ў любых напрамках. Пры будаўніцтве дарогі працягнулі і пашырылі, а таксама добраўпарадкавалі пешаходны пераход да чыгуначнай станцыі Мінск-Паўднёвы, выканалі рэканструкцыю дыспетчарскай станцыі на вуліцы Сярова.

Самым складаным участкам будаўніцтва лічылася балоцістая нізіна, дзе працякае рака Лошыца. Тут давялося выбраць торф і замяніць яго мінеральным грунтам з праслойкамі са здробненага бетону — для забеспячэння нясучай здольнасці і трываласці насыпу, вышыня якога дасягае 12 метраў. Выбраны торф, дарэчы, выкарысталі для азелянення і добраўпарадкавання самой магістралі. Яго перапрацавалі, дадалі арганічныя ўгнаенні і атрымалі прыдатны для далейшага выкарыстання матэрыял. Рэчышча ракі ў гэтым месцы накіравалі ў прамавугольнае бетоннае водапрапускное збудаванне.

На Паўднёвай магістралі з першага дня працуюць святлафорныя аб’екты.

На думку будаўнікоў, новая дарога будзе мець высокую эфектыўнасць.

— Паколькі вуліца Кіжаватава загружана, значная частка транспартнай плыні пераключыцца на Паўднёвую магістраль, — лічыць Васіль Цібеж, галоўны інжынер ДП «Гардарбуд». — Адсюль можна трапіць на першае, другое транспартнае гарадское кольца, а таксама ў цэнтр Мінска. — Акрамя таго, магістраль збудавана з улікам перспектывы развіцця забудовы. Побач узводзіцца буйны шматфункцыянальны комплекс, і траса распрацавана такім чынам, што з ёй увязаны ўсе ўнутрыквартальныя праезды і выезды, а таксама інжынерныя сеткі. Прапускная здольнасць дарогі значная: па тры паласы ў кожным напрамку плюс дадатковыя палосы разгону.

Васіль ЦІБЕЖ.

Ва ўрачыстым адкрыцці даро­гі прынялі ўдзел Аляксандр Дараховіч, намеснік старшыні Мінгарвыканкама, Аляксандр Мацэвіч, намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна, Ілья Перуноўскі, начальнік СУ-72 ААТ «Трэст № 15 «Спецбуд», Васіль Цібеж, галоўны інжынер ДП «Гардарбуд». Пакуль яны пераразалі чырвоную стужку, паблізу ўжо сабраліся ў чаканні некалькі машын, якім не цярпелася рвануць па новенькай дарозе, што дазваляе значна скараціць шлях да цэнтра.

— Тут рэалізаваны шэраг ціка­вых ідэй: напрыклад, уздоўж да рогі высаджаны не дрэвы, а хмызнякі — гэта першы такі аб’ект у горадзе. Акрамя таго, цікава і гарманічна спалучаюцца аўтамабільная траса, пешаходныя і веласіпедныя дарожкі, а гэта вельмі важна для зручнасці любога інфраструктурнага аб’екта, — адзначыў Аляксандр Дараховіч. — Спадзяюся, дарога будзе прыносіць людзям карысць і радасць.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter