Ад Зорнага да Х'юстана і назад
Мы звязваемся з Алегам Віктаравічам па тэлефоне. Днямі ён вярнуўся дадому ў Зорны гарадок з амерыканскага Х'юстана, дзе праходзіў пяцітыднёвую падрыхтоўку да пазакарабельнай дзейнасці, працы ў амерыканскім сегменце.

Расійскія і амерыканскія скафандры па канструкцыі абсалютна розныя. У расійскім касманаўт можа самастойна падрыхтавацца да выхаду ў адкрыты космас: у касцюм можа сам увайсці, сам закрыць яго. У амерыканскім без дапамогі калег нiяк не абысціся: ён складаецца з некалькіх частак. Які больш зручны? Алегу Навіцкаму цяжка параўноўваць, бо яшчэ не працаваў у адкрытым космасе.
— У мяне адбыліся два палёты і пакуль ні аднаго выхаду. Вядома, быў гатовы да гэтага, але ў папярэдніх такіх задач не ставілася. У гэты раз спадзяюся выйсці ў адкрыты космас, — гаворыць касманаўт. — Вельмі хачу!
А пакуль касманаўтам Раскосмасу неабходна прайсці сертыфікацыю па працы ў гэтых скафандрах у пэўных умовах, навучыцца выконваць неабходныя задачы. Акрамя гэтага, рыхтавацца да работы ў амерыканскім сегменце. Калі ў першых двух палётах Алег Навіцкі быў толькi карыстальнікам амерыканскіх сістэм, то зараз касманаўтаў Раскосмасу рыхтуюць як паўнавартасных правамоцных спецыялістаў.
— Так, у нашай сферы неабходна пастаянна вучыцца, але мне гэта падабаецца. Нашы амерыканскія калегі малайцы. Яны ўвялі ў строй шмат новых сістэм, якімі будзем карыстацца на борце. Прагрэс сур'ёзны! Напрыклад, змянілася сістэма жыццезабеспячэння. Яе палепшылі і пастараліся максімальна выключыць умяшанне экіпажа ў яе работу. Для касманаўтаў і астранаўтаў сістэмы сталі аўтаматызаванымі, усім неабходным будзе займацца Зямля. Так, сістэмы сталі больш складаныя, але, тым не менш, калі яны будуць працаваць штатна, то экіпаж, у прынцыпе, вызваліцца ад удзелу ў гэтай сістэме. У гэты час можна займацца іншымі задачамі, — гаворыць Алег Віктаравіч. — Пяць тыдняў мы займаліся вывучэннем усяго гэтага ў амерыканскім сегменце, але наперадзе яшчэ шмат працы. Наступная камандзіроўка ў ЗША — 10 студзеня.
Але гэта толькi першы пройдзены этап падрыхтоўкі. Некалькі дзён перапынку, і вось наступная ступенька — падрыхтоўка ў Зорным.
Камандзір экіпажа
Кожны экіпаж падбіраецца вельмі старанна. Касманаўты павінны быць не толькі здаровыя і падкаваныя прафесійна, трэба яшчэ, каб яны псіхалагічна падыходзілi. Левае крэсла каля камандзіра і бортінжынера экіпажа Алега Навіцкага зойме бортінжынер Пётр Дуброў.

Праўда, гэта пакуль папярэдняя інфармацыя, шмат што залежыць ад старту амерыканскіх караблёў. Што цікава, у экіпажы адразу дзвюх бліжэйшых экспедыцый — МКС-64 і МКС-65 — на «Саюзе» паляцяць на Міжнародную касмічную станцыю толькі расіяне. Такая інфармацыя днямi з'явілася на сайце Навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. Гагарына. За апошнія 19 гадоў такое адбываецца ўпершыню! Пакуль у экспедыцыі МКС-64 пазначаны Анатоль Iванішын, Іван Вагнер і Мікалай Чуб. Іх дублёрамі стануць Сяргей Рыжыкаў, Сяргей Кудзь-Свярчкоў і Сяргей Корсакаў. Яны ж стануць і асноўным экіпажам МКС-65, а іх дублёрамі — Алег Навіцкі, Пётр Дуброў і Мухтар Аймаханаў.
— Прыкладна ўяўляю, калі будзе наш палёт. Гэта другая палова 2021 года. Вясной 2021-га будзем дубліраваць экіпаж Сяргея Рыжыкава. Як толькі ён прыляціць увосень, мы яго зменім, — расказвае касманаўт.
А пакуль на гэтым тыдні і далей запланаваны трэніроўкі ў расійскім сегменце. Па сутнасці, падрыхтоўка ў Зорным падобная на стандартны працоўны дзень членаў атрада касманаўтаў: у 9.00 пачынаецца, у 18.00 заканчваецца. Дзве пары заняткаў да абеду, дзве пары пасля. Адточванне работы на караблі «Саюз» і ў расійскім сегменце, падрыхтоўка ў правядзенні эксперыментаў, вывучэнне новай тэхнікі, у тым ліку фотаапаратаў, заняткі па англійскай мове і іншых неабходных прадметах для працы як у караблі, так і на станцыі.
— Хутка адрамантуюць і запусцяць гідралабараторыю з тэхналагічным абсталяваннем, сістэмамі і апаратурай, дзе мадэліруецца стан поўнай бязважкасці, і мы будзем рыхтавацца да выканання такіх задач, як падрыхтоўка да пазакарабельнай дзейнасці, адпрацоўка тэхнічнага абслугоўвання, рамонту модуляў, і іншых аперацый. Таксама будзем займацца на трэнажоры «Выхад-2»: падрыхтоўка нашага скафандра «Арлан» для пазакарабельнай дзейнасці, праца ў ім, перамяшчэнне ў рабочай зоне і гэтак далей, — прыводзіць толькі некалькі прыкладаў таго, колькі ўсяго трэба будзе экіпажу вывучыць і зрабіць да палёту. — Ёсць штатны парадак падрыхтоўкі, які незалежна ад колькасці палётаў неабходна прайсці кожнаму касманаўту.
«Выдатная будзе глава!»
Фізкультура ва ўсім гэтым спісе, вядома ж, вялікая і важная частка. Ёсць агульныя запланаваныя заняткі, але ёсць і самападрыхтоўка. Алег Віктаравіч прызнаецца, што калі з'яўляецца вольны час, то праводзіць яго ў спартзале:
— Апетыт свой стрымліваю. Хай смажаная бульба мая слабасць, але ўсё вострае, смажанае, кіслае, салёнае можа сур'ёзна паўплываць на арганізм, на аналізы. У мяне з гэтым праблем няма. Бударажыць толькі думка пра тое, што чакае працяглая камандзіроўка, на сотні сутак. Але калі пачнецца актыўная фаза падрыхтоўкі, я, як звычайна, уцягнуся і ўсё больш і больш з нецярпеннем буду чакаць старту. Таму павольна, але ўпэўнена ідзём да 2021 года!
Дарэчы, навагоднiя святы 2013 і 2017 гадоў Алег Навіцкі сустрэў на арбіце. Магчыма, там жа ён сустрэне і новы 2022 год?
Касманаўт дзеліцца:
— Нядаўна мы пераехалі ў свой дом у Зорным, чаму вельмі рады! Да кватэр холадна стаўлюся, прывык з дзяцінства ў Чэрвені быць у сваім доме. Так што, верагодна, з сям'ёй і сябрамі сустрэнем гэтае свята на малой радзiме. Спадзяюся, у графіку падрыхтоўкі будзе акно. Вельмі сумую па Беларусі, родных і блізкіх. Калі атрымаецца, заеду і ў Акадэмію навук. Магчыма, беларускія навукоўцы рыхтуюцца прадставіць свае эксперыменты, якія хацелі б правесці на МКС. Калі так здарыцца, буду рады ў іх паўдзельнічаць.
Напрыканцы ўдакладняю: ці пачала журналістка Юлія Навіцкая, жонка касманаўта, рыхтавацца да напісання трэцяга дзённіка? Касмічная тэматыка зараз папулярная! Нядаўна і касманаўт Алег Арцем'еў, якога таксама многае звязвае з Беларуссю, напісаў кнігу «Космас і МКС: як усё наладжана на самай справе». Алег Віктаравіч смяецца: «Так, Юлія ўжо сочыць за мной. Робіць нейкія нататкі, а ўсе паездкі, нават выказванні часам каментуе: «О, выдатная будзе глава!»
kasel@sb.by