Новая старонка ў адносінах

Прынцып шматвектарнасці, які ляжыць у аснове беларускай знешняй палітыкі, шмат у чым тлумачыцца неабходнасцю дыверсіфікацыі рынкаў збыту для айчыннай прадукцыі. Вялікі патэнцыял адкрываецца на афрыканскім кантыненце.
Прынцып шматвектарнасці, які ляжыць у аснове беларускай знешняй палітыкі, шмат у чым тлумачыцца неабходнасцю дыверсіфікацыі рынкаў збыту для айчыннай прадукцыі. Вялікі патэнцыял адкрываецца на афрыканскім кантыненце.

У апошнія гады гэты напрамак у выніку розных прычын неяк адышоў на другі план для дыпламатаў і прамыслоўцаў. А дарэмна, бо многія дзяржавы Афрыкі маюць вялікую патрэбу ў беларускай прадукцыі. І зусім не выпадкова Аляксандр Лукашэнка, прымаючы віцэ-прэзідэнта, міністра юстыцыі і парламенцкага супрацоўніцтва Рэспублікі Зімбабвэ Эмерсана Мнангагву, заявіў, што гэты візіт можа адкрыць новую старонку ў двухбаковых адносінах. Бо дзякуючы наладжванню супрацоўніцтва з Зімбабвэ можна выйсці на больш шчыльнае ўзаемадзеянне з іншымі краінамі рэгіёна.

Многае ў Беларусі для афрыканскіх гасцей у навіну: прырода, кухня, развітая інфраструктура. Але да чаго ім сапраўды не прыйшлося прывыкаць, дык гэта да ліпеньскага клімату. Справа ў тым, што ліпень — самы халодны месяц у Зімбабвэ, тэмпература паветра ў гэты час там прыкладна такая ж, як у нас. А таму акліматызацыя не стала праблемай для зімбабвійскай дэлегацыі. Цяпер з’явілася надзея, што не будзе ніякіх перашкод для супрацоўніцтва і ў гандлёва-эканамічнай сферы. Флагманы айчыннай прамысловасці (МАЗ, МТЗ, БелАЗ, БМЗ) даўно прапрацавалі рынак Зімбабвэ і нават паспелі заключыць кантракты. Але, па праўдзе кажучы, іх рэалізацыя пакідае жадаць лепшага. У апошнія гады краіна перажывае вельмі востры фінансавы крызіс. Інфляцыя дасягнула сапраўды касмічных маштабаў. Гэтым летам за адзін амерыканскі долар давалі 250 трыльёнаў зімбабвійскіх. Але ўсё гэта, трэба меркаваць, часовыя цяжкасці. Бо Зімбабвэ мае проста казачныя прыродныя багацці. Тут вядзецца прамысловая здабыча жалеза, каменнага вугалю, золата, срэбра, нікелю, плаціны, алмазаў. Такая краіна не можа ўвесь час заставацца беднай. Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае наладжваць узаемадзеянне па класічнай схеме:

— Думаю, варта было б пачынаць з канкрэтных праектаў. Няхай іх будзе няшмат. Але гэта будзе сігнал не толькі для прадпрымальнікаў вашай краіны, але і іншых краін, з якімі вы мяжуеце.

Цяпер у Зімбабвэ зрабілі стаўку на развіццё горназдабыўной прамысловасці і будаўніцтва сацыяльна-эканамічнай інфраструктуры. У сувязі з гэтым вялікі інтарэс у зімбабвійскага боку выклікаюць нашы досвед і патэнцыял. Зімбабвійцы гатовыя купляць самазвалы, дарожную і будаўнічую тэхніку. Іх хвалюе толькі пытанне яе сэрвіснага абслугоўвання. Аляксандр Лукашэнка тут жа даручыў прапрацаваць магчымасць стварэння ў рэгіёне адзінага магутнага сэрвіснага цэнтра для ўсёй беларускай тэхнікі.

Дарэчы, у яе якасці Эмерсан Мнангагва змог пераканацца асабіста. Быў-шы на БелАЗе, ён праехаў на адной з машын. А затым, натхнёны, падзяліўся ўражаннямі, сказаўшы, што ён, напэўна, адзіны ў Афрыцы чалавек, якому пашчасціла ездзіць на такім велікагрузным самазвале.

Яшчэ ў Зімбабвэ ўзяліся за механізацыю сельскай гаспадаркі. Краіна вырошчвае шмат якаснай бавоўны, чаю і адзін з лепшых на кантыненце тытунь. Мясцовым фермерам напэўна даспадобы прыйдуцца беларускія трактары. Крыніцай жа фінансавання закупак могуць стаць афрыканскія банкі і Банк развіцця Беларусі.

Уладзімір Хромаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter