Большой театр открывает новый балетный сезон премьерой

Новая старая казка

Вялікі тэатр адкрывае новы балетны сезон прэм’ерай. Упершыню 1 і 3 лістапада на яго сцэне чакаюць сустрэчу з балетам «Маленькі прынц», героямі знакамітай аповесці Антуана дэ Сент-Экзюперы і цудоўнай музыкай выдатнага кампазітара, народнага артыста СССР і БССР Яўгена Глебава.


Расійскі балетмайстар Аляксандра Ціхамірава працуе ў нашым тэатры ўжо пяты сезон. «Маленькі прынц» — другая пасля спектакля «Шчаўкунок, або Яшчэ адна калядная гісторыя» яе самастойная пастаноўка ў Вялікім і першы зварот да нацыянальнай музыкі.

— Глебаў — гэта сапраўдная велічыня. Для любога балетмайстра шчасце працаваць з такім багатым музычным матэрыялам. Я ўспрыняла гэтую магчымасць з хваляваннем і падзякай за тое, што жыццё зрабіла мне такі раскошны падарунак, — не хавае эмоцый Аляксандра Ціхамірава.

Музыка балета сапраўды прыгожая, лёгкая, меладычная, неверагодна выразная і вобразная. Глебава яшчэ пры жыцці называлі класікам ХХ стагоддзя. Чаго толькі вартае яго шырокавядомае «Адажыа» Маленькага прынца і Ружы, якое даўно жыве як самастойны твор і карыстаецца нязменнай папулярнасцю ў слухачоў, нават далёкіх ад захаплення музычным мастацтвам.


Калі паўстала пытанне пра стварэнне лібрэта да новага балета, з прапановай аб супрацоўніцтве звярнуліся да Ларысы Васільеўны Глебавай — удавы кампазітара, яна, як ніхто, ведае творчасць і асобу Яўгена Аляксандравіча, напісала пра яго кнігу «Лёсу сярэбраныя струны». Разам Ларыса Глебава і Аляксандра Ціхамірава працавалі над лібрэта на працягу амаль двух гадоў.

У выніку спектакль стаў новым поглядам і на музыку (перагледжана партытура, дададзены фрагменты з іншых твораў Глебава), і на гісторыю, расказаную Антуанам дэ Сент-Экзюперы.

Аб чым жа новая старая казка?

— Пра тое, як захаваць у сабе маленькага прынца, — гаворыць Аляксандра Ціхамірава. — У кожным чалавеку жыве дзіця. У кагосьці атрымліваецца гэтае ўнутранае адчуванне захаваць, а хтосьці яго з часам страчвае. Што тады? Які лёс чакае чалавека, калі ён загубіў у сабе гэты светлы, непасрэдны, дзіцячы пачатак?


Усе дарослыя некалі былі дзецьмі, толькі мала хто з іх пра гэта памятае, пісаў Антуан дэ Сент-Экзюперы ў прысвячэнні да сваёй кнігі. Дарэчы, Аляксандра Ціхамірава ўпэўненая: нягледзячы на тое, што «Маленькі прынц» — гэта ўсё ж казка для дарослых, яе балетнае ўвасабленне будзе цікавым і маленькім гледачам, яны зразумеюць яе на сваім узроўні.

У знаёмай з дзяцінства гісторыі шмат філасафічнасці, метафар і алегорый, яна закранае складаныя чалавечыя праблемы і пытанні. Аўтары пастаноўкі не адмовіліся ад вядомага сюжэта і асноўных персанажаў, але адышлі ад банальнага пераказу, імкнучыся паказаць схаваныя сэнсы, у тым ліку звяртаючыся да асобы самога пісьменніка. Вядома ж, гісторыя Прынца і Ружы — гэта гісторыя ўзаемаадносін Антуана дэ Сент-Экзюперы і яго жонкі Кансуэлы.


Цікавячыся новай пастаноўкай, у Аляксандры Ціхаміравай часта пытаюцца: а ці будзе на сцэне самалёт? На ім жа прылятае Лётчык. Але што такое самалёт, разважае яна ў адказ: канкрэтная машына або палёт чалавека, які можа ствараць, калі ў яго вырастаюць крылы? Ці што такое пустыня, дзе самалёт сеў: гэта рэальная Сахара або пустэча адзіноты, неразумення, калі адбываецца нейкі жыццёвы тупік, калі чалавек стаіць на ростанях і не ведае, якім шляхам ісці. Вось гэта, гаворыць, ёй было цікава прааналізаваць у балеце. Як і паспрабаваць знайсці адказы на пытанні: што такое каханне і дзе заканчваецца асабістая свабода кожнага, як быць, калі шчырыя пачуцці натыкаюцца на выстаўленыя ў адказ шыпы, і што такое дружба, і што такое творчасць?


Ну а самалёт? Будзе і ён, пытанне — у якой форме, інтрыгуе балетмайстар і абяцае, што ў час спектакля ўражанне касмічнага палёту зможа адчуць кожны глядач у зале. Падобна, гэта не проста словы. Сцэнаграфія балета належыць Вячаславу Окуневу, культаваму расійскаму мастаку, які ажыццявіў больш за 400 пастановак у розных тэатрах свету. У нашым Вялікім ён не навічок, але зварот да музыкі Глебава для яго першы. Гавораць, у балеце «Маленькі прынц» некаторыя элементы сцэнаграфіі маэстра выкарыстоўваў упершыню, і яны цалкам адрозніваюцца ад усяго ўбачанага раней на сцэне нашага тэатра.


У тэму

Балет «Маленькі прынц» быў створаны Яўгенам Глебавым яшчэ ў 1981 годзе, але ў Мінску дагэтуль не ставіўся ні разу. Непазбежна пытанне: чаму? У тэатры не хочуць варушыць тыя даўнія падзеі, адказваюць, маўляў, так склаліся абставіны. Але ва ўспамінах Ларысы Глебавай яны ўзгадваюцца: новая музыка, прапанаваная некалі тэатру кампазітарам, не знайшла водгуку ў тагачаснага кіраўніка балета Валянціна Елізар’ева.

У адсутнасць харэографа далейшую працу над «Маленькім прынцам» Глебаў палічыў немэтазгоднай. Але праз некаторы час яго музыкай зацікавіліся ў Фінляндыі. Кампазітара там ведалі. У 1977-м у тэатры «Суомі опер» паставілі яго балет «Тыль Уленшпігель», спектакль меў вялікі поспех. Ведалі фінскія калегі і пра неажыццёўленую задумку «Маленькага прынца». Ад пачутай музыкі яны былі ў захапленні, прапанавалі кампазітару завяршыць твор, а самі тым часам атрымалі дазвол нашчадкаў аўтара аповесці на пастаноўку яе ў Фінляндыі.

Сусветная прэм’ера «Маленькага прынца» адбылася ў лютым 1982-га ў Хельсінкі, затым у Вялікім тэатры ў Маскве, у Горкаўскім тэатры, а ў 1990 годзе — у Самары. І вось толькі зараз, праз 33 гады, балет убачыць нарэшце мінскую сцэну.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter