Новае жыццё Старога горада

К восені на плошчы Свабоды адбудуюць царкву ў стылі барока, вуліцы гістарычнага цэнтра Мінска зробяць пешаходнымі і забрукуюць Планавалася, што храм Святога Духа, пастаўлены ў 1636 годзе і разбураны ў 1936-м, адновяць у 2010—2011 гадах. Аднак улады сталіцы далі наказ рэстаўратарам “вярнуць” помнік архітэктуры на ранейшае месца ўжо к сёлетняму Дню горада, які адзначаецца ў пачатку верасня. Стала традыцыяй, што на дзень нараджэння Мінска яго гістарычны цэнтр атрымлівае ў падарунак некалі страчаныя помнікі архітэктуры: у 2003 годзе “ўваскрэсла” ратуша, у 2007-м паўстала з нябыту гасцініца “Еўропа”. Эпоха адраджэння працягваецца...

“Сустрэнемся пад Святым Духам!”
Магчыма, так неўзабаве будуць звяртацца адно да аднаго мінчане і госці сталіцы, прызначаючы спатканне ля адноўленай царквы. Калісьці храм Святога Духа ў стылі рэнесансу і барока лічыўся найпрыгажэйшым у горадзе. Яго вылучаў пышны фасад — нібы іканастас: размаляваны фрэскамі, прарэзаны нішамі, з якіх пазіралі на прахожых святыя, увасобленыя ў скульптурах. Каб уявіць, як выглядаў мінскі шэдэўр, згадайце віленскі ўніверсітэцкі касцёл Святога Яна — іх сілуэты пераклікаюцца.
Ідэя аднавіць царкву-красуню лунала яшчэ з 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Тады вядомы архітэктар Сяргей Багласаў распрацаваў праект рэстаўрацыі, за ажыццяўленне якога ўзяліся, аднак толькі цяпер.
— Адразу пасля таго як праваслаўныя адсвяткуюць Вялікдзень, пачнуцца археалагічныя раскопкі і інжынерныя работы, — паабяцаў Павел Шыкунец (на фота), дырэктар камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага УП Мінгарвыканкама “Мінская спадчына”, арганізацыі, што адказвае за аднаўленне помніка. — Мы ведаем, што ў зямлі залягаюць падмуркі царквы XVII стагоддзя. Над старажытным фундаментам узвядуць платформу, на якой, уласна кажучы, і будзе аднаўляцца царква. А пад платформай застануцца рэшткі першапачатковага храма, якія змогуць пабачыць турысты — або звонку будынка, або спусціўшыся ў сутарэнне. Узвядзенне платформы над старымі падмуркамі дазволіць засцерагчы новы будынак ад “землятрусу”, бо ў гэтым месцы праходзіць лінія метрапалітэна.
Нішы фасада “новай” царквы аздобяць арнаментам, а стральчатыя гатычныя вокны ўпрыгожаць вітражамі. Адбудуюць і галерэю, што калісьці злучала храм з манастыром базыльянак, дзе сёння размешчана дзіцячая музычная школа № 10. Такім чынам, вуліца Энгельса акажацца “перарэзанай” аркамі галерэі, пад якімі, несумненна, стане папулярным звычаем прызначаць спатканні. У царкве ж размесціцца канцэртная зала дзіцячай філармоніі на 250 месцаў. Па словах Паўла Шыкунца, усе работы маюць быць скончаны праз 19 месяцаў. К сёлетняму Дню горада паўстане сам будынак храма. Далей працягнецца аздабленне фасадаў і інтэр’ера.
Да манахаў на трапезу
Ад плошчы Свабоды да Свіслачы адыходзіць кароценькая вуліца святых Кірыла і Мяфодзія. Па левы бок яе стаіць Свята-Духаў кафедральны сабор (не блытайце з царквой, пра якую толькі што ішла гаворка!), за храмам заканчваецца будоўля духоўна-адукацыйнага цэнтра Беларускай праваслаўнай царквы. Па правы бок вуліцы ўзвышаюцца былы касцёл Святога Юзэфа і комплекс будынкаў кляштара бернардзінцаў XVII—XVIII стагоддзяў. Вось ужо два гады як манастыр пустуе: так доўга вырашаўся яго лёс пасля таго, як адсюль з’ехала ваенная камендатура. Урэшце прынята рашэнне зрабіць у кляштары гасцініцу ў сярэднявечным стылі, дзе госці маглі б адчуць сябе ў манастырскай атмасферы.
— Некалькі келляў будуць музеефікаваны, — раскрывае планы рэстаўратараў кіраўнік архітэктурнага праекта комплексу Міхаіл Рыбнікаў, начальнік чацвёртай майстэрні інстытута “Мінскпраект”. — Хацелася б, каб дайшло не толькі да аднаўлення інтэр’ераў памяшканняў, але каб у некаторых з іх з’явіліся васковыя фігуры манахаў у стылі мадам Цюсо.
Яшчэ адзін музей, а таксама кавярня, крама сувеніраў адкрыюцца ў манастырскім будынку на рагу вуліц Кірыла і Мяфодзія ды Гандлёвай. Побач адновяць стайню, ад якой засталіся адны руіны, — і арганізуюць экспазіцыю конскіх павозак.
Муры разыходзяцца па швах
Ува ўсіх бернардзінскіх будынках захаваліся незвычайныя інтэр’еры: перакрытыя скляпеннямі пакоі, шырокія каменныя лесвіцы, тоўстыя сцены, шырокія падаконнікі. Час тут застыў. Калі ходзіш па пустых калідорах і зазіраеш у келлі, здаецца, што тут яшчэ эпоха Рэчы Паспалітай. Гэта найбольш старыя будынкі ў сталіцы, сапраўднае сярэднявечча.
Аднак калі праводзілі работы на суседнім будынку XVIII стагоддзя, які ўвайшоў у комплекс духоўна-адукацыйнага цэнтра, то палову яго аб’ёму проста зрэзалі. Ад старасвецкай камяніцы застаўся толькі першы паверх. “Гэта нармальна?” — пацікавіўся я ў Паўла Шыкунца. Галоўны захавальнік мінскай спадчыны адказаў: “Вядома, не”. Але чаму так неахайна працуюць будаўнікі на гістарычных аб’ектах? “Бракуе прафесійных рэстаўратараў”, — канстатуе спецыяліст.
Тым часам са спадаром Шыкунцом мы перасякаем плошчу Свабоды і апынаемся ў колішняй гарадской сядзібе канца XVIII стагоддзя, што захавалася ў двары паміж вуліцамі Рэвалюцыйнай і Нямігай. Нядаўна тут яшчэ размяшчаўся ваенкамат. За многія гады гаспадарання вайскоўцаў у панскай рэзідэнцыі не рабілася капітальнага рамонту, а пра рэстаўрацыю няма чаго і казаць. Будынак вельмі нагадвае манастырскі комплекс, дзе мы пабывалі напярэдадні: тыя ж масіўныя скляпенні, пакручастыя сходы. І многа трэшчын у сценах...
Над уваходам навісае на драўляных кансолях балкон з дэкаратыўнай каванай агароджай. Павел Паўлавіч гарантуе, што кожная такая аўтэнтычная дэталь будзе захавана: “А трэшчыны пайшлі, бо побач будуюць паркінг: скапалі ў час работ частку пагорка, на якім стаіць сядзіба, і сцены пахіснуліся”.
Пытанне, чаму за гэта ніхто не панёс адказнасці, павісла, аднак, у паветры...
Ключ да замка
Наперадзе — узнаўленне замчышча старажытнага Менска. Праблема — як падступіцца да гэтага найскладанейшага праекта, бо яго давядзецца адбудоўваць з нуля.
На тэрыторыі Замчышча, відаць, будуць прыняты беспрэцэдэнтныя захады: знясуць будынкі ХХ стагоддзя, якія не ўпісваюцца ў гістарычнае асяроддзе (школа № 44 за магазінам “Алеся” і спарткомплекс “Працоўныя рэзервы”, што насупраць уваходу ў станцыю метро “Няміга”). Прыбяруць і будынак № 5 на праспекце Пераможцаў — на гэтым месцы адновяць адну з даўніх вуліц Менскага замка і злучаць яе з сучаснай магістраллю.
З Замчышча і Верхняга горада праз раку плануецца перакінуць тры пешаходныя масты. Паміж Свіслаччу і вуліцай Гандлёвай паўстане яшчэ адзін квартал у старажытным стылі — так званае Лаўскае прадмесце з 27 аб’ектаў.
Тым часам другую клінічную бальніцу, што ў Траецкім прадмесці, пераселяць у іншае месца. У яе цяперашніх памяшканнях некалі быў манастыр. Мяркуецца, што комплекс следам за бернардзінскім кляштарам таксама адрэстаўруюць і прыстасуюць пад патрэбы турыстаў. Але гэта ўжо далёкасяжная перспектыва — у рамках “другой чаргі” рэстаўрацыі гістарычнага цэнтра, да 2015 года, адзначае Міхаіл Жых, галоўны інжынер “Мінскай спадчыны”.
— Апрача таго, распрацоўваюцца варыянты рэканструкцыі гмаха інстытута “Белпрампраект”, што даўно ўжо муляе вока сваім шэрым сілуэтам на фоне Старога горада, — нагадаў пра яшчэ адзін галаўны боль Павел Шыкунец.
— Мо ўвогуле гэты будынак варта было б знесці, бо і праўда — надта ж ён “цісне” на сярэднявечную архітэктуру? — на гэтае контрпытанне кіраўнік “Мінскай спадчыны” адрэагаваў стрымана:
— Гэта вельмі дорага каштавала б гораду, — а пасля працягнуў аптымістычны рад: — Не адхіляецца пакуль што канчаткова ідэя стварэння тунэля пад плошчай Свабоды, каб зрабіць яе, як і сто год таму, пешаходнай. Адкрытай для людзей і закрытай для машын стане большасць вуліц Верхняга горада, а таксама Рэвалюцыйная і, магчыма, Камсамольская. Паступова вуліцы гістарычнага цэнтра будуць забрукаваны — асфальт і плітку заменяць на прыродны камень, якім масцілі дарогі ў ранейшыя часы.
218 будынкаў размешчаны на 115 гектарах тэрыторыі Старога горада. Гэта не лапік зямлі — велізарны абшар. Цяпер работы адначасова вядуцца на 64 аб’ектах. Павел Шыкунец, які пачынаў сваю працоўную біяграфію з рэстаўрацыі Траецкага прадмесця, спасылаючыся на вопыт, адказвае: “Будзе стабільнае фінансаванне — адужаем любыя праекты ў вызначаныя тэрміны”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter