Практыка паказвае: гасцям патрэбныя эмоцыі і новыя веды, якія яны ні за што не атрымалі б у горадзе

Новае аблічча

Практыка паказвае: гасцям патрэбныя эмоцыі і новыя веды, якія яны ні за што не атрымалі б у горадзе.
Яшчэ гадоў восем назад магчымасць зарабляць на гасціннасці на сваім загарадным участку ў нас лічылася ўтопіяй. Аднак праз некаторы час вясковыя домікі аказаліся ў трэндзе, і сфера аграэкатурызму пачала пакрыху развівацца. Сёння ўжо ва ўсю павялічваюцца пакеты прапануемых паслуг, бо, каб атрымаць прыбытак, трэба выйсці за рамкі простага “начлегу-харчавання”. Практыка паказвае: гасцям патрэбныя эмоцыі і новыя веды, якія яны ні за што не атрымалі б у горадзе. 

Аграсядзіба “Міхалова” ў Валожынскім раёне

Сельскія бізнесмены — людзі творчыя, грунтоўна падыходзяць да сваёй справы. Таму і імкнуцца вылучыцца сярод суседзяў, прапанаваць унікальны прадукт. Тым больш што канкурэнцыя з году ў год расце. З 2006-га па 2013 год уключна колькасць аграсядзіб у нас павялічылася ў 10 разоў. Сёння іх колькасць вымяраецца люстраной лічбай — 1881. Прычым насуперак меркаванню, што “домікам у вёсцы” сёння абзаводзяцца пераважна пенсіянеры, каб такім чынам падзарабіць, сярод гэтых людзей нямала маладых.

Вось, напрыклад, нядаўні праект сям’і Радзюкевічаў у Карэліцкім раёне — сялянска-фермерская гаспадарка “Белыя лугі”. З яе з’яўленнем памерлая вёска атрымала другое жыццё. З 2010 года пры дапамозе мясцовых улад пачалі шукаць спадчыннікаў пустуючых хат у вёсцы Ціневічы, выкуплялі іх. Пабудовы, якія не падлягалі аднаўленню, зносіліся, іх месца займалі перавезеныя з суседніх вёсак зрубы. Цяпер комплекс складаецца з дзесяці дзеючых дамоў, сем з іх адрамантаваны нядаўна. Наконт рамонту: ініцыятары спрабуюць перадаць аўтэнтыку вёскі пачатку мінулага стагоддзя. Таму дахі, напрыклад, крылі гонтай, столі скрозь высокія, сцены — у простай пабелцы, ацяпленне пячное. Ёсць свая карчма, будуецца эстрада. Пакуль гаспадары шукаюць сваю канцэпцыю адпачынку, разлічваюць на ўдзел калег у аказанні паслуг. 

У агратурыстычным комплексе “Каробчыцы” (Гродзенская вобласць) катанне на конях — 
адна з любімых забаў гасцей. Фото БелТА

Зрэшты, спадзявацца на сябе або кааперавацца з суседам — выбар кожнага. У другім выпадку, як паказвае прыклад Валожыншчыны, гэта дае карт-бланш уладальнікам: займацца не ўсім патроху, а тым, да чаго асабліва ляжыць душа. Пры гэтым не варта баяцца, што кліентам стане сумна. Захочуць убачыць нешта іншае — з задавальненнем накіруюць іх за суседскі плот. Усе разам яны працуюць на імідж, які самі ж і стварылі для рэгіёна. 

Калі не хапае кемлівасці, знайсці свой твар дапамогуць прафесіяналы. Напрыклад, Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці ініцыявала праект “Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае развіццё”, рэалізацыяй якога займаецца ПРААН. У Брэсцкай і Гродзенскай абласцях з’явіліся 17 дэстынацый — тэрыторый, часцей адміністрацыйных, на якіх разам прасоўваецца адна “фішка”. Так, Столінскі раён называе сябе сёння Палескай Амазоніяй і запрашае зведаць балотны драйв, у Кобрынскім і Жабінкаўскім ганарацца сваім некалі папулярным водным шляхам з варагаў у грэкі. І нават прапаноўваюць ужо сёлета прайсці яго часткова — спачатку на дракары (судне вікінгаў), а затым перасесці на плыт. Ад жадаючых напэўна адбою не будзе. Каб моўны бар’ер не перашкаджаў, гаспадары вывучаюць замежныя мовы. Нягледзячы на тое, што доля замежных гасцей летась склала 18 працэнтаў ад агульнага ліку (271 тысяча чалавек) і большасць з іх — расіяне, паступова павялічваецца колькасць прыезджых з іншых краін. А значыць, веданне мовы лішнім не будзе. 

Уласнае развіццё, вядома, добра, але эксперты раяць нашым бізнесменам ужо сёння клапаціцца аб сваіх паслядоўніках. Паводле слоў старшыні праўлення грамадскага аб’яднання “Адпа­чынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай, з гэтай праблемай ужо сутыкнуліся ў Заходняй Еўропе. Некаторыя сем’і ледзь не з дзяцінства выбіраюць наследніка з ліку іншых дзяцей і вучаць кіраваць сядзібай. У нашых рэаліях застацца ў вёсцы захоча не кожны малады чалавек. А калі і застанецца, то з разлікам на камерцыйную выгаду праекта — работа для душы не на першым месцы ў сучаснага пакалення. Затое галовы юных поўныя ведаў для развіцця бізнесу. Зрэшты, пакуль растуць пераемнікі, гаспадарам трэба думаць і пра будучых кліентаў. Напрыклад, з дапамогай дзі­цячых свят паказаць дзятве, што ў вёсцы можа быць цікава і пазнавальна. 

Яшчэ адна праблема, якая неўзабаве можа стаць надзённай, — пенсіі. Дырэктар дэпартамента па турызме Мінспорту і турызму Вадзім Кармазін тлумачыць: большасць гаспадароў — прыватныя асобы, якія працуюць самі на сябе. А значыць, прыйдзецца ўдзельнічаць у фарміраванні ўласнага пенсійнага фонду. Тым больш што механізм ёсць: трэба падаць заяву ў органы сацабароны і рабіць узносы. Характэрна, што пакуль гэтым пытаннем заклапочаныя прыкладна 10 працэнтаў усіх гульцоў галіны, якім па ўзросце належыць атрымліваць падтрымку ад дзяржавы.

Марыя Дронава


Гаспадарка магістра 

Непадалёк ад Шклова ў Магілёўскай вобласці знаходзіцца фермерская гаспадарка “Надзея — Фарадж”, якая займаецца развядзеннем авечак. Яе ўнікальнасць у тым, што гаспадар фермы — магістр сельскагаспадарчых навук Фарадж Абдул Хамід родам з Сірыі. 

Там нарадзіўся і вырас, скончыў школу. А ў 1975 годзе прыехаў вучыцца ў СССР, паступіў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Тут знайшоў сваю другую палову, ажаніўся і пасля вучобы паехаў з жонкай на радзіму, але ў хуткім часе сям’я вярнулася.

Спачатку галава сямейства працаваў на дзяржпрадпрыемстве, а потым вырашыў адкрыць свой бізнес, развесці авечак. Гэтым займаўся яшчэ ў Сірыі, так што да новай справы было не прывыкаць. “Вядома, без падтрымкі дзяржавы ў мяне нічога не выйшла б”, — прызнаецца Абдуловіч (так сірыйскага фермера называюць мясцовыя жыхары). Рызыкаваў, вядома, моцна. Прадаў кватэру, гараж, узяў крэдыт і адразу купіў 225 авечак.

Цяпер у Фараджа 25 гектараў зямлі і больш за 300 галоў жывёлы. Ён гаворыць, што гадаваць авечак намнога выгадней, чым кароў і свіней. Ежы і вады авечкам трэба значна менш, хварэюць яны намнога ра­дзей, прыплод могуць даваць два разы ў год. Бараніна лічыцца дыетычным мясам, у ім няма халестэрыну, з авечага малака атрымліваецца найсмачнейшы сыр. Авечы тлушч — выдатны сродак супраць прастуды і бранхіту. З авечых шкур шыюць добрыя футры і кажухі, а шэрсць выкарыстоўваюць у вытворчасці пасцельнай бялізны. І ўсё гэта можна рабіць у нашай краіне, эканомячы валюту на закупцы сыравіны. 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter