Новае аблічча Брэста

За 5 год у Брэсце здадзена больш за 1,1 млн. квадратаў жылля

На пытанні «Р» адказвае адзін з найстарэйшых кіраўнікоў гарадской «вертыкалі» ўлады рэгіёна — старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр ПАЛЫШЭНКАЎ (на здымку).

— Аляксандр Сяргеевіч, ужо больш за восем год вы ўзначальваеце Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт, з’яўляючыся адным з аўтарытэтных і паважаных кіраўнікоў Брэстчыны. Азіраючыся на недалёкае мінулае, што ўдалося ажыццявіць выканаўчай уладзе, жыхарам горада над Бугам за гэты даволі значны перыяд свайго развіцця?

— Брэст — адміністрацыйны цэнтр вобласці, які мае выгаднае геапалітычнае становішча і падзелены на два раёны — Ленінскі (больш за 110 тысяч челавек) і Маскоўскі (больш за 210 тысяч). Колькасць яго насельніцтва — каля 321 тысячы жыхароў (гэта звыш 22 % насельніцтва вобласці. — Заўв. «Р»).

У нас дзейнічаюць шэсць пунктаў пагранічнага пропуску на дзяржаўнай мяжы, тры з якіх знаходзяцца на чыгунцы.

Калі гаварыць пра гады працы, то Брэст цяпер проста не пазнаць. Гэта зусім іншы горад. Пачынаючы з 2000 года, толькі па будаўніцтве жылля мы выраслі ў 1,5 раза: сёння па краіне гэта больш за 6 млн. кв. метраў. Па Брэсту, з лёгкай рукі Пятра Пракаповіча, змаглі выйсці на нарматыўны ўвод з разліку на аднаго гарадскога жыхара па 1 кв. метру жылля штогод. Памятаю, як у сваім выступленні на III Усебеларускім народным сходзе Петр Пятровіч прапанаваў узяць менавіта гэтую высокую планку. Дзякуючы росту жыллёвага будаўніцтва, стала актыўна пашырацца інфраструктура, узрасла вытворчая і тэхнічная магутнасць будаўнічых арганізацый. Сёння нашы жаданні ўжо супадаюць з магчымасцямі: у 2010 годзе пабудавана 305 тыс. кв. метраў жылля (у 1991 годзе — 202 тыс.).

Напрыклад, за апошнія пяць гадоў будаўнікамі Брэста было здадзена больш за 1,1 млн. кв. метраў агульнай плошчы жылля. Гэта істотна скараціла чаргу на атрыманне кватэр гараджанамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Зараз працягваецца актыўная забудова паўднёва-заходняй часткі горада.

— Напэўна, жыллёвае будаўніцтва падштурхнула развіццё будаўнічай галіны рэгіёна: былі здадзены ў эксплуатацыю знакавыя аб’екты, аналагаў якіх няма ў нашай краіне. Наколькі мне вядома, Брэст апошнім часам, па сутнасці, стаў спартыўнай сталіцай рэспублікі.

— Безумоўна, узвядзенне жылля пацягнула за сабой іншыя аб’екты. У 2004 годзе было распачата актыўнае добраўпарадкаванне горада. Пабудаваны сучасныя спартыўныя збудаванні: Лядовы палац, лёгкаатлетычны манеж, Палац спорту «Вікторыя», грабны канал. У 2010 годзе адкрыўся Брэсцкі абласны цэнтр алімпійскага рэзерву па водных відах спорту (Палац водных відаў спорту) — гэта сучасны водна-спартыўны комплекс з чатырма басейнамі. Сваё непаўторнае аблічча гораду надаюць стадыёны «Будаўнік» і «Дынама», карцінгавы стадыён з кемпінгавай зонай. Усё гэта зроблена па самых высокіх міжнародных стандартах.

Трэба дадаць, што цяпер у нас працуе 20 вучэбна-спартыўных устаноў. Пяць з іх — цэнтры алімпійскага рэзерву, дзевяць спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ алімпійскага рэзерву і шэсць дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ, дзе займаюцца 8954 вучні па 36 алімпійскіх відах спорту (увогуле развіваецца 58 відаў спорту. — заўв. «Р».). Такім чынам, спартыўныя збудаванні не толькі служаць людзям для заняткаў фізкультурай і спортам, падтрымання здароўя, але і для правядзення шматлікіх спартыўных і культурных мерапрыемстваў.

— А як складваецца сітуацыя з шэрагам сацыяльна значных праектаў?

— Пры гэтым уведзены ў строй Паўднёвы абход горада Брэста з рэканструкцыяй моста праз рэчку Мухавец, гандлёвыя цэнтры, рэканструяваны і пашыраны харчовыя рынкі, дзіцячы садок і школа-садок, у адрамантаваных памяшканнях размешчаны тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цяпер у Брэсце вядзецца рэканструкцыя яго гістарычнага цэнтра.

Няхай гэта і прагучыць пафасна, але горад над Бугам сёння адзін з вядучых прамысловых цэнтраў Брэсцкай вобласці, моцны чыгуначны вузел краіны, яе заходнія вароты, важны вузел аўтадарог і моцны культурны цэнтр з багатым гістарычным мінулым, непаўторнымі народнымі традыцыямі. Дарэчы, у рэканструкцыю Брэсцкага чыгуначнага вакзала дзяржава ўжо накіравала 300 млрд. рублёў. Толькі праз станцыю Брэст-Пасажырскі штодня праходзяць каля 20 прыгарадных і больш за 70 міжнародных цягнікоў. З аўтавакзала ў рэйс накіроўваюцца каля ста прыгарадных і міжнародных аўтобусаў.

Рачны порт здольны ажыццяўляць транспарціроўку грузаў ад ракі Мухавец да Чорнага мора праз раку Піну і Дняпроўска-Бугскі канал (з цягам часу ён будзе вынесены за межы горада, як і шэраг прадпрыемстваў са шкоднай вытворчасцю), а за 20 кіламетраў ад горада знаходзіцца аэрапорт Брэст, які прымае самалёты любога класа.

Год таму Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка быў падпісаны Указ «Аб будаўніцтве Заходняга абхода г. Брэста». Рэалізацыя праекта дазволіць звязаць дзве аўтадарогі: Брэст — Масква (М1) і Брэст — мяжа Украіны (Р17), дзве гарадскія тэрыторыі — новы паўднёва-заходні раён горада і тэрыторыю СЭЗ «Брэст» у раёне Кацінага Бора, а таксама два пагранічных пункты пропуску «Брэст—Цярэспаль» і «Казловічы—Кукурыкі».

Плануецца, што аўтамагістраль перасячэ вуліцы Зубачова, герояў абароны Брэсцкай крэпасці, Смірнова і выйдзе да вёскі Клейнікі. Прадугледжваецца будаўніцтва моста праз раку Мухавец каля Брэсцкай цытадэлі. Гэта ў выніку дазволіць забяспечыць рух транзітнага транспартнага патоку ў абход горада, разгрузіўшы яго цэнтральную частку (бульвары Шаўчэнка і Касманаўтаў). Усю неабходную працу па праекце плануецца завяршыць у 2015 годзе.

— Упэўнены, што пазітыўныя змены ў жыцці Брэстчыны звязаны з яе вытворчым і экспартным патэнцыялам: ростам і мадэрнізацыяй прамысловасці, іншых галін эканомікі. За кім тут лідарства?

— Нагадаю, што Брэст першым у краіне ў 1993 годзе ажыццявіў аукцыённую мадэль прыватызацыі аб’ектаў камунальнай уласнасці. У 1996-м у горадзе была створана першая ў рэспубліцы Свабодная эканамічная зона «Брэст». Яе рэзідэнтамі з’яўляюцца 75 прадпрыемстваў. Такім чынам, СЭЗ «Брэст» зараз дае больш за 28,6 працэнта аб’ёму абласнога экспарту. Жыхарам Беларусі і многіх краін далёкага і блізкага замежжа добра вядомая рыбная прадукцыя «Санта-Брэмар», мясныя далікатэсы «Інка-Фуд», шакалад «Ідэал», крэслы ЗАТ «БелС», аўтамабільныя, энергазберагальныя лямпы ААТ «БЭЛЗ», газавыя, электрычныя пліты і панэлі, выцяжкі УП «Гефест-Тэхніка».

Цяпер горад мае рэальную патрэбу ў ажыўленні інвестыцыйнага клімату, стабільным паступленні ў сваю казну канверсоўнай валюты.

Адным з мегапраектаў вобласці можна назваць будаўніцтва новай экалагічнай і энергаэфектыўнай ЦЭЦ у Брэсце, якое вядуць італьянскія спецыялісты. Аб’ём капіталаўкладанняў — 250 млн. еўра. Да таго Брэсцкая вобласць і прыгранічныя рэгіёны Польшчы і Украіны ў 1998 годзе арганізавалі трансгранічнае аб’яднанне «Еўрарэгіён Буг», дзейнасць якога дае магчымасць папаўняць найперш эканамічную скарбонку Брэстчыны.

— Аляксандр Сяргеевіч, хто акрамя рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны значна ўплывае на эканоміку?

— У нас працуюць звыш за пяць тысяч суб’ектаў гаспадарання розных формаў уласнасці, з якіх 90 працэнтаў — камерцыйныя арганізацыі. У малым бізнесе задзейнічана амаль 15 працэнтаў гараджан.

Вялікая доля прамысловай прадукцыі горада над Бугам вырабляецца на такіх флагманах прамысловасці, як «Брэстгазаапарат», ААТ «Савушкін прадукт» і ААТ «Брэсцкі мясакамбінат». Сярод лідараў ёсць прадпрыемствы харчовай прамысловасці, машынабудавання і металаапрацоўкі, а таксама лёгкай прамысловасці (гэта трэць эканамічнага патэнцыялу вобласці). Галоўная задача, што стаіць перад уладай на парадку дня, — мадэрнізацыя прадпрыемстваў. Менавіта за ёй будучыня краю.

У апошнія гады ў Брэсце было адкрыта больш за 160 новых аб’ектаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і 159 магазінаў гандлёвай плошчай 20 690 кв. метраў, 66 пунктаў грамадскага харчавання на 2307 месцаў. Найбольш буйныя гандлёвыя цэнтры — «Задворцы», «Нікольскі», «Берасцейскі пасаж», «Карона», «Еўраопт». Дарэчы, паводле статыстыкі, сёння ў сістэме гандлю працуе кожны дваццаты брэстаўчанін.

— Брэст не толькі транзітны, але і турыстычны цэнтр. Тут ёсць што паглядзець. Наколькі мне вядома, існуюць планы пераўтварыць яго ў сапраўдную турыстычную мекку Беларусі.

— Мы шчыра вітаем і прымаем кожны год звыш паўмільёна гасцей з больш чым пяцідзесяці краін. Наш горад — месца гістарычнае і мае асобае значэнне. Ёсць вялікая колькасць папулярных турысцка-экскурсійных праграм і маршрутаў. Сярод іх «Брэст скрозь стагоддзі», «Брэст гераічны», «Брэст культурны», «Храмы Брэста», «Брэст дзелавы», «Паркі і скверы». Падчас навагодніх і калядных святаў турысты з задавальненнем наведваюць рэзідэнцыю беларускага Дзеда Мароза ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча».

Развіццё турыстычнай галіны звязана з інвестыцыйнымі праектамі, сярод якіх стварэнне гісторыка-культурнага комплексу «Брэст» (да 2015 года), новых экскурсійных прадуктаў па тэматыцы старога горада і наведванне вострава Пагранічны; стварэнне трансгранічнага турыстычнага маршруту з выкарыстаннем патэнцыялу фортаў Брэсцкай крэпасці, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы, і дзяржаўнага пешаходна-веласіпеднага пагранперахода «Брэст—Цярэспаль»; арганізацыя зоны адпачынку Чырвоны Двор з улікам развіцця экалагічнага, рэкрэацыйнага турызму і актыўных відаў адпачынку; далейшае будаўніцтва камфартабельных гасцініц.

Па сутнасці, у будучым мы рэалізуем праект па стварэнні Новага Брэста з беларускім Дзіснэйлэндам і вялікімі перспектывамі для турызму…

— Дзякуй, Аляксандр Сяргеевіч, за цікавую гутарку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter